Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 рэчаў, якімі зьдзівіў візыт папы Францішка ў Літву


Беларусы ўпершыню масава здолелі ўбачыць Папу Рымскага Францішка, калі ён прыехаў у суседнюю Літву 22–23 верасьня. Беларускіх пілігрымаў у Літве было больш за 2 тысячы, многія казалі, што Папа іх зьдзівіў. Карэспандэнт Свабоды зафіксаваў пяць нечаканых рэчаў на сустрэчах Папы ў Вільні і Коўне.

1. Не прывітаўся на мове народу, да якога прыехаў

Падчас сустрэчы з моладзьдзю на Катэдральнай плошчы ў Вільні Папа Францішак не сказаў ні слова па-літоўску. Ён не прывітаўся зь вернікамі на іхнай роднай мове, не перадаў прывітаньні на пяці-дзесяці мовах іншых краінаў, адкуль прыехалі пілігрымы. Хаця так рабілі Папы да яго.

Наколькі прыемна чуць родную мову ад кіраўніка Каталіцкага касьцёлу, стала зразумела ў канцы багаслужбы ў Коўне, у парку Сантакос. Там Папа не памяняў стыль камунікацыі, аднак пасьля службы, разьвітваючыся зь вернікамі, пажадаў па-літоўску «Добрай нядзелі!», то бок добра правесьці рэшту дня. Гэтыя словы датуль сонны натоўп сустрэў выбухам эмоцыяў.

2. Больш слухаў, чым гаварыў

Агулам Папы было мала. Пасьля таго як Францішак праехаў пляцам на «папамабілі», дабраслаўляючы ўзрушаных людзей, ён не прамовіў са сцэны ні слова, сеў на ейным ускрайку і глядзеў падрыхтаваную праграму: сьведчаньні маладых людзей аб сваім жыцьці (па-літоўску), тэатральную пастаноўку (па-ангельску). Часам нават не глядзеў, а ўзіраўся ў аркуш паперы, відаць, сачыў за зьместам таго, што адбывалася. У гэты час побач з Папам не было перакладніка.

Калі Папа Францішак выйшаў да мікрафона, то чытаў загадзя падрыхтаваны тэкст.

3. Не было мора сьцягоў і эмоцыяў

Сьцягоў на сустрэчах у Літве было наагул мала. Найбольш літоўскіх, відаць былі польскія, луналі прынамсі адзін блакітна-жоўты ўкраінскі сьцяг і сьцяг Ізраілю. Бел-чырвона-белых сьцягоў у Вільні і Коўне былі адзінкі, было таксама некалькі афіцыйных беларускіх сьцягоў. Але гэта ня быў шал, калі сьцягі «танцуюць», калі моладзь выразна дае зразумець, дзе на плошчы каторы народ.

Ні віленскую плошчу, ні ковенскі парк не разрывала ад эмоцыяў. Людзі не скандавалі «Sancto subito» («Неадкладна сьвяты»), як некалі ў адрас Папы Яна Паўла ІІ, не адбівалі па складах ягонае імя, як для Папы Бэнэдыкта XVI — «Be-ne-det-to!», не пераходзілі ў буру сынхронных воплескаў. Нават калі Францішак праяжджаў побач на «папамабілі», віталі яго досыць стрымана. Можа, перашкаджалі смартфоны, на якія большасьць запісвала момант.

4. Стрыманы перад натоўпам, меў сэрца для асобнага чалавека

Папа Францішак вядомы сардэчнасьцю, мабыць, таму ягоная стрыманасьць у выступах выклікала зьдзіўленьне ў людзей навокал. Але відаць было, як ён цяплеў, сустракаючыся з канкрэтнымі людзьмі.

У Вільні ў онлайн-рэжыме трансьлявалі ягоны візыт у Вастрабрамскую капліцу і сустрэчу зь ляжачымі, цяжка хворымі людзьмі, якіх туды адмыслова прывезьлі. Ён падаваў руку людзям па чарзе ўсяго на некалькі сэкундаў, праходзіў міма ложкаў з пацыентамі, дакранаючыся да іх. Пасьпяваў усьміхнуцца, нахіліць вуха, каб паслухаць нешта асабістае, пацалаваць дзіця або выказаць спачуваньне. Было ўражаньне, што ў гэтае імгненьне Францішак існаваў толькі для гэтага чалавека і дарыў сябе яму.

5. Дажджу не было

Містыкай было б прыпісаць Папу ўплыў на прыродныя зьявы. Аднак нягледзячы на абяцаньні сыноптыкаў, моцнага дажджу падчас сустрэчаў з Папам ні ў Вільні, ні ў Коўне не было. Вернікі рыхтаваліся правесьці час з Пантыфікам у дажджавіках, таму казалі пра сухое надвор’е як пра цуд.

Папа Францішак наведвае Літву, Латвію і Эстонію на стагодзьдзе іх незалежнасьці. 24 верасьня ён прыляцеў у Латвію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG