Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак перасьцярог ад адраджэньня антысэмітызму


Папа Рымскі Францішак ў Вільні. 22 верасьня 2018 году
Папа Рымскі Францішак ў Вільні. 22 верасьня 2018 году

Пантыфік узяў удзел у цырымоніі памяці габрэйскай грамады Літвы, амаль цалкам зьнішчанай у гады Другой сусьветнай вайны.

Папа Рымскі Францішак у нядзелю перасьцярог супраць перагляду гісторыі і адраджэньня антысэмітызму, які паслужыў гістарычнай крыніцай Галакосту. Пантыфік заявіў пра гэта на штогадовай цырымоніі ў памяць аб яўрэйскай грамадзе Літвы, якая была практычна цалкам зьнішчаная ў гады Другой сусьветнай вайны.

Францішак пачаў другі дзень сваёй паездкі па краінах Балтыі ў другім па велічыні горадзе Літвы, Каўнасе, дзе з 37-тысячнай габрэйскай грамады толькі прыкладна 3 тысячы чалавек перажылі нацысцкую акупацыю 1941-1944 гадоў. К канцу дня ён вярнуўся ў Вільню, каб аддаць даніну павагі літоўцам, якія былі дэпартаваныя ў сыбірскія лягеры, зазналі катаваньні, былі забітыя або прыгняталіся ў сябе ў краіне на працягу пяці дзесяцігодзьдзяў савецкай акупацыі.

Францішак ушанаваў памяць змагароў за свабоду ў былой штаб-кватэры КДБ, дзе ўтрымліваліся і пакараныя сьмерцю барацьбіты з савецкай уладай. Сёньня гэты будынак ператворана ў музэй акупацыі, які наведаў папа.

«У гэтым месцы памяці, Госпадзе, мы молімся аб тым, каб Твой заклік ня даў нам страціць пільнасьць, — сказаў папа. — Каб Твой заклік пазбавіў нас ад духоўнай хваробы, якая застаецца сталай спакусай для нас як для людзей, калі мы забываем вопыт і пакуты людзей, што жылі да нас».

Францішак нагадаў, што ў нядзелю таксама адзначалася 75-я гадавіна ліквідацыі Віленскага гета, якое на працягу стагодзьдзяў было вядома як «Паўночны Ерусалім» з прычыны яго значэньня для яўрэйскай духоўнай культуры. Кожны год 23 верасьня пра гэтую падзею згадваюць, зачытваючы імёны габрэяў, забітых нацыстамі або дэпартаваных у канцэнтрацыйныя лягеры.

Францішак моўчкі памаліўся ў былым гета і перасьцярог ад спакусы, «якая можа пасяліцца ў кожным чалавечым сэрцы», — жаданьня зноў панаваць над іншымі.

Ён маліўся аб дары адрозьніваньня, каб «у любы час выяўляць новае насеньне гэтага згубнага стаўленьня, кожная крупінка якога здольная апаганіць сэрцы пакаленьняў, якія не перажывалі падобнае і могуць часам быць захопленыя падобнымі песьнямі сырэнаў».

Ультраправыя, ксэнафобскія і нэафашысцкія палітычныя рухі набіраюць сілу ў розных краінах Эўропы, уключаючы Літву.

Патыфік ажыцьцяўляе паездку па Літве, Латвіі і Эстоніі ў сувязі са 100-годзьдзем іх незалежнасьці і для таго, каб падтрымаць веру ў краінах Балтыі, якія перажылі паўстагодзьдзя ганеньняў на рэлігію і дзяржаўнага атэізму, навязанага савецкімі уладамі. Каля 80 адсоткаў насельніцтва Літвы зьяўляцца каталікамі. Лютэране і Расейская праваслаўная царква налічваюць больш пасьлядоўнікаў у Латвіі і Эстоніі, якія папа наведае ў панядзелак і ў аўторак.

Літва, Латвія і Эстонія абвясьцілі незалежнасьць у 1918 годзе, але былі анэксаваныя Савецкім Саюзам у 1940 годзе ў выніку сакрэтнага пагадненьня з нацысцкай Нямеччынай. Ватыкан і многія заходнія краіны адмаўляліся прызнаць анэксію. Акрамя пэрыяду нацысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў, краіны Балтыі заставаліся ў складзе СССР да яго распаду ў пачатку 1990-х.

Графік паездкі Францішка быў зьменены тры тыдні таму, каб ён змог ушанаваць памяць 90 адсоткаў прыблізна 250-тысячнага яўрэйскага насельніцтва Літвы, якія загінулі ад рук нацысцкіх акупантаў і літоўскіх калябарацыяністаў.

Праблема саўдзелу некаторых прадстаўнікоў літоўскага насельніцтва ў нацысцкіх ваенных злачынствах ёсьць вельмі адчувальнай тэмай у краіне. Габрэйскія актывісты вінавацяць некаторых літоўцаў у гістарычным рэвізіянізьме, які, на іх думку, выяўляецца ў спробах зраўнаваць зьнішчэньне яўрэяў з дэпартацыямі і карамі іншых жыхароў Літвы ў гады савецкай акупацыі.

Многія літоўцы ня бачаць адрозьненьня паміж савецкай уладай, якая катавала і забіла тысячы літоўцаў, і нацыстамі, якія рабілі тое ж самае з габрэямі.

Да нядаўняга часу віленскі музэй, разьмешчаны ў былым будынку КДБ, называўся Музэем ахвяраў генацыду, але быў перайменаваны ў Музэй акупацый і барацьбы за свабоду, паколькі ён прысьвечаны галоўным чынам злачынствам савецкага рэжыму, а не нацысцкай Нямеччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG