Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце падзякавала Папу Рымскаму за дапамогу супраціву СССР


Другі раз у гісторыі Літвы гэтую краіну наведаў Папа Рымскі. У час сустрэчы зь ім прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце падзякавала Ватыкану за падтрымку антысавецкага супраціву і заявіла, што цяпер Літва жыве «паблізу агрэсіі і хлусьні».

Папа Рымскі Францішак прыбыў у Літву зь дзяржаўным візытам і правёў сустрэчу з прэзыдэнтам краіны Даляй Грыбаўскайце. Прэзыдэнтка Літвы падзякавала кіраўніку Каталіцкай царквы за тую падтрымку, якую Сьвяты пасад аказваў антысавецкаму супраціву ў краінах Балтыі, паведамляе прэс-служба Грыбаўскайце.

Ватыкан ніколі не прызнаваў акупацыю Літвы

«Прэзыдэнтка падзякавала Папу Рымскаму за ўвагу Літве — нашай гісторыі і барацьбе за свабоду. Асабліва важна, што Сьвяты пасад, які ніколі не прызнаваў акупацыю нашай дзяржавы і захаваў дыпляматычнае прадстаўніцтва Літвы, пасьлядоўна падтрымліваў наш антысавецкі супраціў», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнткі Літвы.

Грыбаўскайце адзначыла важнае значэньне, якое Каталіцкая царква мае для жыхароў Літвы. «Для нашай краіны важная моцная Царква і цьвёрдае яе слова. Літва падтрымлівае праводжаныя рэформы і намаганьні Святога айца наблізіць Царкву да людзей. Ва ўсёй краіне людзі зь вялікай надзеяй чакаюць, якім пасланьнем падзеліцца Папа Рымскі і зь якім заклікам ён зьвернецца да моладзі», — перадае прэс-служба словы прэзідэнткі.

Грыбаўскайце згадала пра падтрымку для Ўкраіны і Грузіі

Таксама Грыбаўскайце і Папа Рымскі закранулі палітычныя пытаньні: як сьцьвярджаецца ў паведамленьні, гаворка ішла аб пытаньнях бясьпекі Балтыйскага рэгіёну, а таксама аб праблематыцы постсавецкай прасторы. Прэзыдэнтка Літвы заявіла пра падтрымку «ўкраінскага і грузінскага народаў». «Літва, якая жыве паблізу агрэсіі і хлусьні, добра разумее і спачувае тым, хто вядзе барацьбу за свабоду і незалежнасьць», — патлумачыла Грыбаўскайце.

Хто што каму падараваў

Падчас сустрэчы кіраўнікі Літвы і Ватыкану абмяняліся падарункамі. Грыбаўскайце падаравала Папу Рымскаму сымбаль незалежнасьці Літвы — Звон Свабоды, і аўдыёзапіс твору «Gloria Lietuvai». У адказ Францішак паднёс прэзыдэнтцы Літвы рэпрадукцыю мазаікі IX стагодзьдзя, якой упрыгожаны Сабор Сьвятога Пятра ў Рыме, чатыры напісаныя ім кнігі і мэдаль Папы Рымскага.

Кіраўнік Каталіцкай царквы раней наведваў Літву толькі адзін раз — у 1993 годзе, калі пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны ў Літву прыбыў Ян Павел II.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG