Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом прадставіў новую стратэгію барацьбы з кібэрзлачыннасьцю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белы дом 20 верасьня папярэдзіў замежных хакераў аб узмацненьні жорсткасьці пакараньняў за кібэрзлачынствы. Гэта стане магчыма дзякуючы прыняцьцю новай нацыянальнай стратэгіі кібэрбясьпекі ЗША (з поўным тэкстам дакумэнта можна азнаёміцца на сайце Белага дома), паведамляе «Голас Амэрыкі».

Амэрыканскія выведныя службы чакаюць, што колькасьць кібэратак супраць ЗША значна вырасьце напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША. Галасаваньне адбудзецца крыху больш чым празь месяц, 6 лістапада.

У стратэгіі прадстаўлены новыя інструкцыі выкананьня бясьпекі ў кібэрпрасторы для ўсіх фэдэральных ведамстваў. Вашынгтон разьлічвае абараніць дадзеныя дзяржаўных структур і асабістую інфармацыю ўсіх жыхароў ЗША.

Пра гэта журналістам расказаў дарадца прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан.

Паводле Болтана, неабходнасьць у зьмене палітыкі ўзьнікла «не таму, што мы хочам праводзіць агрэсіўныя апэрацыі ў кібэрпрасторы».

Справа ў тым, сказаў прадстаўнік Трампа, што насьпела неабходнасьць у стварэньні «ахоўных структур, якія прадэманструюць нашым сапернікам, што правядзеньне апэрацый супраць нас абыдзецца ім даражэй, чым яны разьлічваюць».

У стратэгіі апісваецца цэлы шэраг прыярытэтных напрамкаў палітыкі кібэрбясьпекі ЗША.

Сярод такіх прыярытэтаў — распрацоўка міжнароднай інтэрнэт-палітыкі і найманьне на працу ў дзяржаўныя ведамствы кампэтэнтных супрацоўнікаў у сфэры кібэрбясьпекі.

Новую стратэгію кібэрбясьпекі ў Белым доме прадставілі пасьля рашэньня адміністрацыі Трампа адмяніць загад PPD-20, падпісаны экс-прэзыдэнтам Баракам Абамам.

Гэты загад абцяжарваў супрацоўнікам працэс сачэньня за хакерамі, бо для гэтага патрабавалася прайсьці цэлы шэраг праверак.

Паводле Болтана, адмена РРD-20 аблегчыць сілавым ведамствам барацьбу з замежнымі кібэрпагрозамі.

Болтан адзначыў, што інтэрнэт прынёс амэрыканцам і жыхарам усіх краін сьвету «росквіт і прадукцыйнасьць». «Мы павінны прыкласьці больш намаганьняў, каб гарантаваць, што ён бясьпечны і застаецца рухавіком росту для Амэрыкі».

Стратэгія прадугледжвае, што ЗША працягнуць складаць сьпіс нядобрасумленных дзеячоў у кібэрпрасторы, па магчымасьці публічна асуджаючы іх за кібэратакі, а таксама ўжываючы эканамічныя санкцыі і дыпляматычны ціск.

«Не заўсёды адказ на кібэратакі будзе давацца ў кібэрпрасторы», — растлумачыў Болтан, назваўшы наступальныя кібэрінструмэнты «часткай шырокага набору інструмэнтаў нацыянальнай моцы, якімі валодаюць ЗША».

Ва ўзброеных сілах заяўляюць, што ўжо карыстаюцца зноў здабытай гнуткасьцю.

«Мы кожны дзень вядзём дзейнасьць супраць нашых праціўнікаў», — заявіў кіраўнік кібэркамандаваньня ЗША Пол Накасонэ на нядаўняй канфэрэнцыі па бясьпецы.

«Гэта можа ня быць прыкметным, паколькі мы дзейнічаем у канфідэнцыйнай парадку, — дадаў ён. — Сілы, якія ўдзельнічаюць у апэрацыях, добра падрыхтаваныя, выдатна ведаюць сваю справу і гатовы зрабіць усё неабходнае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG