Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На біблейскай выставе можна будзе надрукаваць сабе асобнік на станку часоў Гутэнбэрга


Канвалют Бібліі Скарыны, фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Канвалют Бібліі Скарыны, фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Над тым, каб прывезьці ў Беларусь больш за 200 унікальных экспанатаў, арганізатары працавалі цэлы год.

20 верасьня ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі адчыняецца выстава «Беларусь і Біблія». Арганізатары сьцьвярджаюць, што ўпершыню ў гісторыі краіны ў межах адной выставы апынуцца рарытэты сусьветнай значнасьці, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў. Старажытныя кнігі і артэфакты ў Менск прывезьлі з прыватных калекцый Вялікай Брытаніі, ЗША, Ізраілю і Карэі.

На выставе «Беларусь і Біблія» можна будзе пабачыць

  • арыгіналы гліняных таблічак з клінапіснымі тэкстамі з Ура ўзростам 4–5 тысяч гадоў,
  • рукапіс «бібліі Антычнасьці» — «Іліяды» Гамэра,
  • унікальныя скруткі зь Мёртвага мора (кумранскія рукапісы), якім больш за 2 тысячагодзьдзі,
  • самыя старажытныя фрагмэнты Новага Запавету (2–3 стст. н.э.),
  • біблейскія рукапісы на старажытных мовах,
  • першадрукі многіх народаў і краін,
  • першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, а таксама
  • арыгіналы Біблій Гутэнбэрга, Лютара і Скарыны.

Акрамя гэтага, пакажуць амаль усе пераклады Бібліі на беларускую мову.

Як расказваюць арганізатары, на выставе будзе працаваць багата аніматараў з розных краін. Усе наведнікі змогуць скарыстацца паслугамі варштату часоў Гутэнбэрга, рукапіснай майстэрні. Для дзяцей арганізуюць заняткі «Клюбу кніжных прафэсараў».

Кніжныя рарытэты ў Беларусь даставілі самалётам з Франкфурту, іх суправаджалі давераныя асобы ўладальнікаў. Большасьць кніг і артэфактаў будуць дэманстравацца ўпершыню. Перамовы па арганізацыі выставы вяліся больш за год. Самыя дарагія экспанаты каштуюць некалькі мільёнаў эўра.

«Пераважна гэта прыватныя зборы, — сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Гэта не дзяржаўныя закрытыя калекцыі альбо ўсім добра вядомыя экспанаты сусьветнай значнасьці, гэта унікумы, якія дагэтуль мала хто бачыў. На выставе будзе магчымасьць пабачыць каштоўныя помнікі, якім некалькі тысяч гадоў і якія маюць каштоўнасьць дзясяткі мільёнаў эўра за кожную адзінку. Абсалютна непаўторная, унікальная выстава, я дагэтуль ня веру, што мы маем гэта ў Беларусі. Такая выстава дэманструецца ўпершыню ня толькі ў нашай краіне, а наагул у сьвеце. Нешта падобнае адбывалася толькі аднойчы ў Ганконгу».

Выстава адкрыецца ў чацьвер 20 верасьня. Кніжныя шэдэўры прабудуць у Беларусі месяц. Пасьля Менску частка калекцыі адправіцца ў Расею, дзе будзе экспанавацца ў Эрмітажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG