Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўсю Біблію Скарына пераклаў


Загаловак прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Быцьцё»
Загаловак прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Быцьцё»

Гісторыкі ведаюць, што друкаваныя выданьні ў XVI стагодзьдзі прадаваліся вельмі доўга, часам на гэта ішлі гады і нават дзесяцігодзьдзі. Тым ня менш, раней ці пазьней, наступаў час, калі ўвесь тыраж разыходзіўся. І тады кнігі пачыналі перапісваць. Так сталася і зь Бібліяй Скарыны.

Першую зь вядомых нам сёньня рукапісную копію Скарынаўскага выданьня — Псалтыры 1517 году, у 1543 годзе стварыў нехта Парфен, які жыў ў Пінскім і Кобрынскім староствах. Пасьля за справу ўзяліся іншыя перапісчыкі, і ў другой палове XVI стагодзьдзя, а таксама ў XVIІ стагодзьдзі такіх копіяў зьявіліся дзясяткі. Многія зь іх дайшлі да нашага часу. Але некаторыя асабліва адметныя сваім зьместам.

Знаходка біскупа Цеханоўскага

У пачатку ХІХ стагодзьдзя Холмскі ўніяцкі біскуп Фэрдынанд Цеханоўскі, які паходзіў зь Сямятычаў на Беласточчыне, знайшоў рукапісную Біблію 1569 году. Пазьней ён падараваў яе бібліятэцы Варшаўскага ўнівэрсытэту. З тэксту вынікала, што рукапіс гэты быў створаны ў заходнеўкраінскім горадзе Тэрнопалі перапісчыкам Луком, які акуратна перанёс на паперу друкаваныя кнігі праскай Бібліі Скарыны.

Біскуп Фэрдынад Цеханоўскі
Біскуп Фэрдынад Цеханоўскі

Пра рукапісную Біблію 1569 году пісалі некалькі навукоўцаў ХІХ стагодзьдзя, у тым ліку Самюэль Ліндэ, Яахім Лялевель і Пётар Уладзіміраў. Менавіта Ўладзіміраў яе падрабязна апісаў і апублікаваў гэтае апісаньне ў 1894 годзе.

Сэнсацыйнай асаблівасьцю Бібліі Лукі з Тэрнопалю было тое, што яна ўтрымлівала кнігі Старога Запавету, якіх сярод праскіх выданьняў Скарыны не было. Гэта дзьве кнігі «Параліпамэнан» (або «Летапісаў»), чатыры кнігі «Эздры» і кніга «Тобіі».

Біблія 1569 году захоўвалася ў Варшаве ў Бібліятэцы Красінскіх і загінула ў 1944 годзе ў пажары падчас Варшаўскага паўстаньня разам зь іншымі каштоўнымі рарытэтамі гэтага кнігазбору.

Пагодзінскі рукапіс

Яшчэ адзін незвычайны варыянт рукапіснай Бібліі ў перакладах Скарыны зь яго прадмовамі да ХІХ стагодзьдзя захоўваўся ў Бібліятэцы Львоўскага базыльянскага манастыра сьвятога Ануфрыя, дзе, дарэчы, пахаваны расейскі і ўкраінскі першадрукар, беларус Ян Федаровіч (Іван Фёдараў). У рукапісе некалькі разоў рукой перапісчыка адзначаецца, што манускрыпт створаны Дмітром зь Зінкава ў тым самым манастыры сьвятога Ануфрыя ў 1575 годзе.

Базыльянскі манастыр сьвятога Ануфрыя ў Львове
Базыльянскі манастыр сьвятога Ануфрыя ў Львове

«Незвычайным» гэты рукапіс можна лічыць таму, што і ў ім прысутнічаюць біблейныя кнігі ў перакладзе Скарыны, якія ў друкаваным выглядзе да нас не дайшлі.

Гэта быў велізарны фаліянт на 741 старонку вялікага фармату. У 1843 годзе львоўскі краязнавец-русафіл Дзяніс Зубрыцкі падзяліў фаліянт амаль напалам і пераправіў другую яго частку ў Маскву, у кнігазбор вядомага навукоўца, прафэсара Маскоўскага ўнівэрсытэту Міхаіла Пагодзіна.

Цяпер гэтая частка рукапісу захоўваецца ў Расейскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, а пачатак рукапісу — у Львоўскай навуковай бібліятэцы імя Васіля Стэфаніка.

Старонка рукапісу Дмітра зь Зінкава. Фота Міколы Нікалаева
Старонка рукапісу Дмітра зь Зінкава. Фота Міколы Нікалаева

Сярод біблейных кніг у львоўскай частцы прысутнічаюць невядомыя ў друкаваным выглядзе дзьве кнігі «Летапісаў», якія яшчэ маюць агульную назву «Параліпамэнан», а ў пецярбурскім кавалку ёсьць кнігі «Эздры», «Тобіі», «Макабэяў» і 16 кніг прарокаў, якія ў друкаваным выглядзе да нас не дайшлі.

Яны, вядома, маглі і ня выйсьці друкам. Але ў гэтым выпадку цяжка было б патлумачыць, як, зь якой крыніцы на тэрыторыі сучасных Беларусі, Украіны і Польшчы ў XVI-XVII стагодзьдзях ствараліся рукапісныя сьпісы Скарынаўскай Бібліі ды яшчэ зь ягонымі прадмовамі? Відавочна, што гэта ня мог быць арыгінальны рукапіс перакладаў самога Скарыны.

Ініцыял з рукапісу Дмітра зь Зінкава, які адназначна скапіяваны са Скарынаўскага паўмесяца з чалавечым тварам. Фота Міколы Нікалаева
Ініцыял з рукапісу Дмітра зь Зінкава, які адназначна скапіяваны са Скарынаўскага паўмесяца з чалавечым тварам. Фота Міколы Нікалаева

Адпаведна, перад наступнымі пакаленьнямі навукоўцаў паўстае новы выклік — адшукаць невядомыя пакуль кнігі першай беларускай друкаванай Бібліі.

Ці ўвесь Стары Запавет ён пераклаў?

Рукапісныя варыянты Скарынаўскіх перакладаў дапамагаюць нам адказаць і на пытаньне, ці ўвесь Стары Запавет Скарына пераклаў. Адказ відавочны — так, увесь. І пра гэта, дарэчы, некалькі разоў напісаў сам першадрукар. У прадмове да «Плачу Ярэміі» ён коратка расказаў пра гэтага прарока і дадаў:

«О том ширей написал есми во предословии своем на книги пророчества его».

Але кніга «Ярэміі» ў Празе друкам не выходзіла, няма яе і ў вядомых сёньня рукапісных копіях Скарынавай Бібліі.

Яшчэ больш канкрэтна пра гэта Скарына напісаў ў сваёй прадмове да «Першай Кнігі Цароў». Пералічыўшы ўсе кнігі Старога Запавету, у тым ліку і тыя, што да нас у друкаваным выглядзе не дайшлі («Параліпамэнан», «Эздры», «Тобіі» і іншыя), Скарына заяўляе:

«О сих всех книгах, мною на руский язык ново выложенных и о именах их ширей в предословиах от мене на кожныи розделне положеных, выписано знайдеши».

Тут ён дакладна піша пра «ўсе кнігі» Старога Запавету і пра свае прадмовы да кожнай зь іх.

Ці перакладаў Скарына Эвангельле?

У таго, хто цікавіцца гісторыяй беларускай культуры, можа паўстаць пытаньне, ці не спрабаваў Скарына перакласьці і Новы Запавет, Эвангельле? Дакладных зьвестак на гэты конт у гісторыкаў няма. Але і без такіх зьвестак можна рабіць даволі абгрунтаваныя высновы.

Фрагмэнт прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Быцьцё»
Фрагмэнт прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Быцьцё»

Францішак Скарына быў чалавекам буйнога маштабу, буйных магчымасьцяў і буйнога плёну. Няма сумненьня, што беручыся за пераклад Бібліі, ён плянаваў перакласьці яе ўсю.

Пра гэта ён паведаміў нам сам, калі назваў прадмову да кнігі «Быцьця» наступным чынам: «Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во всю Библию рускаго языка». У гэтым тэксьце ён коратка апісвае зьмест кніг Старога і Новага Запаветаў, якія зьбіраецца выдаць у сваім перакладзе, і заканчвае яго наступным чынам:

«...А тако имате первую часть Бивлии высловену. Другая пак часть Бивлии, еже ест Новый закон спасителный, — суть книги четырех еувангелистов или светое благовествование Матфея, Марка, Луки, Іоана... Затым — Павел-апостол... Потом — Деания апостолская... Потом святый Яков, Петр, Іоан, Іуда седм соборных посланией... На конци Бивлии — Апокалипсия... О сих книгах всея Бивлии, подле малости розуму моего, розделы вократце положих. А в чем бых ся омылих, разумнейшие поправте, прошу вас для бога и для посполитого доброго. Конець предсловию всея Бивлии».

Ягоных перакладаў Эвангельля пакуль ніхто ня бачыў. У сакавіку 1525 году ў Вільні выйшаў «Апостал» Скарыны, які складаўся з Дзяяньняў і апостальскіх Пасланьняў, выдадзеных, як і Псалтыр, на царкоўнаславянскай мове.

Зачэпка для пошукаў

І вось яшчэ цікавая дэталь, якая можа распаліць фантазію любога аматара даўніны.

Рукапісы, пра якія тут ішла гаворка (як і ўсе астатнія тагачасныя помнікі пісьменства) за стагодзьдзі свайго існаваньня ня раз дзялілі на часткі, падшывалі ў новыя пераплёты, на іх палях пісалі камэнтары, іх дапісвалі, размалёўвалі, кралі, прадавалі, гублялі і знаходзілі. Рэдка які зь іх дайшоў да нас у поўным камплекце, з пачаткам і канцом.

Гэтак сталася і з рукапісам 1569 году, які быў знойдзены ў пачатку ХІХ стагодзьдзя ўніяцкім біскупам Фэрдынандам Цеханоўскім. Гэтая рукапісная Біблія таксама не была камплектнаю, яна складалася зь некалькіх дзясяткаў кніг Старога Запавету. Але затое яна мела тытульны аркуш, на якім было напісана, што рукапіс складаецца як з кніг Старога, так і Новага Запаветаў!

Гэта не абавязкова азначае, што той страчаны Новы Запавет быў перакладам Францішка Скарыны, але хто ведае...

Можа некалі будуць знойдзеныя новыя тэксты Скарыны, якія дапамогуць нам лепш ацаніць абсяг яго перакладчыцкага і выдавецкага подзьвігу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG