Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год у Беларусі стала на 25% больш крамаў «Эўраопт»


«Эўраопт» у Горадні, архіўнае фота
«Эўраопт» у Горадні, архіўнае фота

У Беларусі ўжо больш за 600 крамаў «Эўраопт» і «Брусьнічка». Расьці далей не дазваляла антыманапольнае заканадаўства, але Лукашэнка пайшоў на «аршанскі экспэрымэнт».

Найбуйнейшы беларускі рытэйлер, кампанія «Эўрагандаль», які валодае брэндамі «Эўраопт», «Брусьнічка» і «Е-дастаўка» стаў яшчэ буйнейшым, піша БелаПАН.

За першае паўгодзьдзе адкрылася 127 новых крамаў, чысты прыбытак вырас на 16,6% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2017 году – да 68,7 млн рублёў (пры выручцы больш як мільярд даляраў).

Агульная колькасьць «Эўраоптаў» і «Брусьнічак» цяпер — 627 па ўсёй краіне. Гэта на 25,4% больш, чым было год таму. Агульная гандлёвая плошча, праўда, вырасла ня так значна: толькі на 7,8%.

«Эўрагандаль» цяпер «упёрся» ў абмежаваньні антыманапольнага заканадаўства: крамы кампаніі маюць амаль 20% ад усяго розьнічнага таваразвароту, адкрываць новыя будзе нельга пасьля перавышэньня ліміту. У найбліжэйшага канкурэнта — «Кароны» — доля ў 8 разоў меншая.

У чэрвені «Эўрагандаль» ужо прасіў Міністэрства гандлю зьмяніць абмежаваньне па долі рынку. У ліпені асобным указам Аляксандар Лукашэнка зьняў абмежаваньне ў Аршанскім раёне да 2022 году — указ зваўся «Аб правядзеньні экспэрымэнту».

Бізнэс кампаніі «Эўрагандаль» быў запушчаны ў 1993 годзе Сяргеем Літвіным і Ўладзімерам Васілько. Яны валодаюць таксама сеткай крамаў «Тэхна Плюс», менскім заводам вінаградных вінаў, Дзяржынскім мясакамбінатам ды іншымі прадпрыемствамі. Яны, верагодна, адны з самых багатых і ўплывовых бізнэсоўцаў краіны: так, часопіс «Ежедневник» ставіць іх на 9-е і 10-е месцы адпаведнага рэйтынгу.

Абодвух ледзь не затрымалі ў 2003 годзе, калі Камітэт дзяржкантролю выявіў, што яны мелі дачыненьне да «стварэньня злачыннай арганізацыі», «кантрабанды», «нясплаты мытных збораў» і «адмываньні даходаў». З таго часу яны жывуць за мяжой, а «Эўрагандаль» узначальвае брат Сяргея Літвіна Аляксандар. Рэклямныя навіны пра «Эўраопт» не сыходзяць зь дзяржаўных тэлеканалаў і дзяржаўных інтэрнэт-СМІ, часта не пазначаюцца як рэкляма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG