Аляксандар Лукашэнка 8 верасьня прыняў кіраўніка ААТ «Тытунь-інвэст» і сеткі гіпэрмаркетаў «Карона» Паўла Тапузідзіса, зь якім абмеркаваў гандаль на сяле і рэалізацыю праекту Тапузідзіса па крамах у Шклоўскім раёне, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка заявіў, што перад сустрэчай азнаёміўся з публікацыямі неназываных выданьняў «з пахам жаўцізны»:
«Прачытаў, што там за некалькі гадоў назапасілася пра Лукашэнку, і, рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, падумаў пра тое, што калі б гэтыя жоўтыя пісакі ведалі, як я напружваю бедных бізнэсоўцаў, так яны, напэўна, напалову менш пісалі б брыдкасьцей», – казаў Лукашэнка.
Ён дадаў:
«У мяне няма звычкі для сябе асабіста нешта прасіць. Ніводзін бізнэсовец пра гэта ня скажа».
Тапузідзіс распавёў Лукашэнку пра рэалізацыю праекту «Крамы ля дому» ў сфэры абслугоўваньня насельніцтва, у тым ліку сельскага. «Тытунь-інвэст» збудаваў за некалькі год 26 крамаў плошчай ад 160 м² да 1500 м² у Шклоўскім раёне. Паводле Тапузідзіса, у асобна ўзятым раёне стаіць задача, каб усе сацыяльныя функцыі Белкаапсаюзу выконвала «новая структура». Лукашэнка яго пахваліў:
«Не скажу, што нам патрэбная замена Белкаапсаюзаваму гандлю. Патрэбная канкурэнцыя, каб мы бачылі рэальную карціну. І вось тады я папрасіў, каб ты сплянаваў у адным з раёнаў Беларусі такую сетку абслугоўваньня. І ты мне адназначна заявіў, што гэта будзе па цэнах, ніжэйшых за існуючыя. Гэта мяне падкупляе».
Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі склалася сыстэма пражываньня людзей на сяле, але ў аграгарадках павінны быць прыстойныя крамы з таварамі як у Менску:
«Ёсьць аграгарадкі, яны стабільныя і сталыя, яны назаўсёды. Ня думаю, што нехта гэтую сыстэму зламае».
Лукашэнка заявіў Тапузідзісу, што актыўна заклікае бізнэсоўцаў наводзіць парадак у малых населеных пунктах і адраджаць іх, асабліва тыя, адкуль бізнэсоўцы родам, бо «гэта ўсё ж такі чыясьці радзіма» і «там пакуль жывуць людзі», бо «іначай вёска загіне». Тапузідзіс адказаў:
«Сапраўды, людзі павінны адраджаць свае вёскі. Мы ўсе з вёскі. Я нарадзіўся ў глухой вёсцы ў гарах Грузіі. Вы абсалютна слушна кажаце: мы абавязаныя давезьці да вёскі тое, што ёсьць у горадзе. І пры гэтым мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз – гэта сёньня разьвітая структура на сяле».