Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пачало прымаць заяўкі на ўдзел у стыпэндыяльнай праграме Regional Reporting Fellowship у 2018-2019 гг.
Мэта гэтых стыпэндый — паспрыяць прафэсійнаму разьвіцьцю журналістаў-пачаткоўцаў у краінах Усходняга партнэрства (Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) і Заходніх Балканаў (Босьнія і Герцагавіна, Косава, Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя) дзеля падтрымкі свабоды СМІ і незалежнасьці.
Стыпэндыяльная праграма ўжо чацьверты год фінансуецца за кошт гранту ад амбасады ЗША ў Чэхіі.
Удзельнікі праграмы абіраюцца на аснове конкурсу. Веданьне ангельскай мовы для ўдзелу ў праграме — неабавязковае.
Стыпэндыяты будуць інтэграваныя ў паўсядзённую працу мясцовых бюро Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, дзе змогуць разьвіць свае журналісцкія навыкі і веды пад вокам прафэсійных калегаў.
Праграма разьлічаная прыблізна на восем месяцаў — ад 15 лістапада 2018 па 30 чэрвеня 2019. У праграму ўваходзіць наведваньне штаб-кватэры нашага Радыё ў Празе для дадатковага прафэсійнага разьвіцьця.
Поўная заяўка павінна ўключаць у сябе наступныя матэрыялы:
1. Суправаджальны ліст, у якім заяўнік падае прычыны ўдзелу ў праграме, піша пра свае журналісцкія інтарэсы, каштоўнасьці і досьвед, а таксама пра прафэсійныя мэты пасьля завяршэньня стыпэндыі.
2. CV: асабістыя зьвесткі, прафэсійны досьвед і прыналежнасьць, узровень адукацыі і веданьня моваў. (Гэты дакумэнт павінен быць пададзены і на ангельскай мове.)
3. Два ўзоры працы на працоўнай мове заяўніка, апублікаваныя на любой плятформе на працягу апошніх 12 месяцаў.
Апошні тэрмін падачы заявак зь Беларусі — 24 верасьня 2018.
Заяўкі трэба пасылаць электроннай поштай на адрас <hokuvovaj@rferl.org>. Сюды можна таксама кіраваць свае пытаньні.
Абвестка пра стыпэндыяльную праграму на ангельскамоўным сайце нашага радыё тут.