Сорамна прызнацца, што муж зьбівае. Страшна і цяжка сысьці. Але наступае час, калі цярпець немагчыма.
Гэта адна гісторыя пра гвалт у сям’і. Пачутая журналістам. Не пацьверджаная мужам. Не абнародаваная міліцыяй. Такіх гісторый у Беларусі шмат. Хатні гвалт адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, ахвяры пераважна саромеюцца і маўчаць. А праблема застаецца. Імёны ў гэтай гісторыі зьмененыя на просьбу ахвяры гвалту.
41-гадовая Ніна зьвярнулася да мяне некалькі месяцаў таму. Спачатку напісала праз мэсэнджэр у Фэйсбуку, потым мы стэлефанаваліся. Ледзь стрымліваючы сьлёзы, жанчына прызналася што ўжо на працягу 15 гадоў яе зьбівае муж, што яна маўчала, бо было сорамна і страшна, але цяпер яна вырашыла падзяліцца сваёй бядой. На момант нашай размовы муж знаходзіўся ў міліцэйскім пастарунку, куды яго забралі пасьля таго, як жанчына выклікала міліцыю і паскардзілася на зьбіцьцё. На наступны дзень муж вярнуўся дадому і нашыя кантакты перапыніліся на некаторы час.
З той, першай размовы прайшло некалькіх месяцаў. Я шмат размаўляла з Нінай. Адначасна мы спрабавалі паглядзець на гэтую гісторыю з розных бакоў — зьвярнуліся да мужа Ніны па камэнтар, у міліцыю — па пацьверджаньне. Але напачатку — споведзь жанчыны, якая праз 15 гадоў вырашыла прызнацца, што яна — ахвяра хатняга гвалту.
«Я проста ня ведала, за каго выходжу замуж»
— Пачалося ўсё 15 гадоў таму і працягваецца дагэтуль. Быў пяцігадовы перапынак, калі ён мяне ня біў. Калі муж ужывае алькаголь, ён становіцца агрэсіўным, зьбівае мяне, прыніжае, абражае. Даходзіла да моцных траўмаў, якія дагэтуль даюць пра сябе ведаць.
15 гадоў таму я выйшла замуж за чалавека, якога фактычна ня ведала. Гэта была памылка. Мы сустракаліся вельмі мала, некалькі месяцаў, потым пачалі жыць разам. Я проста ня ведала, за каго выходжу замуж. Да моманту заключэньня шлюбу чалавек быў у адэкватным стане, потым пачаліся праблемы, матэрыяльныя і маральныя прэтэнзіі, што ня так сябе паводжу, ня з тымі людзьмі кантактую, сяброўкі дрэнныя, сваякі дрэнныя. Ён проста ізаляваў мяне ад усіх. Атрымалася, што я засталася проста адна з гэтым чалавекам.
Пачалося ўсё з таго, што ён пачаў піць. Не скажу, што ён алькаголік, ён чалавек, які яшчэ не апусьціўся. Проста ў яго ёсьць нейкая прага зьбіцьця, садызму. Я лічу, што гэта нейкае псыхічнае адхіленьне, магчыма, таму што яму трэба біць. Біць кагосьці. Да мяне гэта былі іншыя людзі...
Пазбавіцца ад яго немагчыма.
Ніякія спробы пагаварыць зь ім, патлумачыць яму не заканчваюцца ніяк. Усё робіцца наўмысна, на вачах у сына. Напэўна, дадатковае задавальненьне ён атрымлівае, калі бачыць, што дзіця пакутуе. Пазбавіцца ад яго немагчыма. У яго няма жаданьня сысьці, пакінуць нас у спакоі. Ён не ідзе на мірныя рашэньні. Пры выкліках міліцыі ён на нейкі момант супакойваецца, потым праходзіць пэўны час, і ён ізноў працягвае... Ён любіць крычаць, прыніжаць усю сямʼю, ня толькі мяне, але і маіх бацькоў, майго сына. І робіць гэта дзеля задавальненьня. Ён жыў у такой сямʼі, такім чынам выхаваны і працягвае такое жыцьцё.
«Каб у мяне было хаця б мінімальнае матэрыяльнае забесьпячэньне, я разьвялася б пасьля першага ўдару»
— Чаму вы не разводзіцеся? Чаму гэта працягваецца 15 гадоў?
— Калі я сышла ў дэкрэтны адпачынак на тры гады, маё дапамога па дагляду за дзіцяці была такая малая, што я магла за яе аплаціць толькі камунальныя паслугі. У мяне не было ніякіх сродкаў для існаваньня. Я плаціла за кватэру, а заплаціць за электраэнэргію, тэлефон, інтэрнэт у мяне грошай ужо не было. Грошай на ежу для сына таксама не было. Гэта былі дакладна матэрыяльныя прычыны. Калі б тады, калі я нарадзіла дзіця, у мяне было хаця б мінімальнае матэрыяльнае забесьпячэньне, то я разьвялася бы ў першы ж дзень пасьля першага ўдару, не задумваючыся, каб гэтага ўсяго ня бачыць, каб мой сын не пакутаваў, таму што ён пакутуе вельмі моцна.
Потым закончыўся дэкрэтны адпачынак. Арганізацыю, дзе я працавала да дэкрэтнага адпачынку, ліквідавалі, яна збанкрутавала. Я выходзіла ў нікуды. Знайсьці з маленькім дзіцём працу вельмі цяжка. Знаходзіш, як правіла, малааплатную работу. Калі сыну было тры гады і я ўладкавалася на працу, там было немагчыма працаваць, бо за гэтыя грошы проста немагчыма было жыць. Застацца зусім ня з чым, калі ты разумееш, што на цябе яшчэ могуць падаць у суд, таму што ты ня можаш утрымліваць дзіця, і ў цябе яшчэ забяруць дзіця... Муж працуе, у яго забясьпечаныя родныя, якія могуць паставіць пад пытаньне, ці магу я забясьпечыць дзіця. Сыну цяпер 12 гадоў.
«Калі муж зьбівае жонку і няма вельмі цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, гэта лічыцца сямейнай сваркай»
— Ці зараз вы прадпрымаеце спробы разводу? Ці вы зьвяртаецеся куды-небудзь па дапамогу?
— Усе гэтыя гады я была абсалютна адна. Я выклікала міліцыю. Міліцыя рада дапамагчы, я ніколі не заставалася без увагі, але яны таксама ня ўсё могуць. Яны маглі яго забраць на суткі, на двое-трое сутак максымальна. У нас гэта лічыцца сямейная сварка. Калі муж зьбівае жонку і няма вельмі цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, гэта лічыцца сямейнай сваркай. Яго некаторы час трымаюць на сутках, потым даюць адміністрацыйны штраф, і ён, натуральна, вяртаецца. Я разумела, што нічога не магу зрабіць. Калі зьвяртацца ў нейкі органы, то там скажуць: «развазіцеся, не цягніце, потым будзе цяжэй». Але страх разводу...
Я двойчы за гэтыя 15 гадоў падавала на развод і потым забірала заяву, таму што ізноў пачынаўся псыхалягічны ціск. Рэальна было страшна, таму што я была адна. З аднаго боку органы гавораць, што, калі што, выклікайце міліцыю, а з другога боку гэта ўсё роўна страшна. Бо дзе міліцыя, а дзе чалавек, які заўсёды знаходзіцца побач. Міліцыя прыехала, зьехала, склала акты, пратаколы, а ён усё роўна тут. Я слабейшая, выкінуць фізычна яго я не магу. Калі б я была мацней, я б яго проста выставіла, я бы проста яго не пусьціла. Але я не магу.
— Ці ён просіць прабачэньня? Ці кажа, што болей ня будзе?
— Ніколі не прасіў прабачэньня. Тлумачыў тым, што я яго не задавальняю па тых ці іншых пазыцыях. Калі я прапаноўваю яму знайсьці сабе чалавека, які яго задаволіць па ўсіх пазыцыях, ён адмаўляецца. У яго пазыцыя, што мяне трэба перавыхаваць, таму што я не такая, як трэба. Мне гэта не зразумела. Я ніколі нікога не перавыхоўвала і не зьбіраюся. Я не разумею, чаму хтосьці павінен выхоўваць мяне, прычым не зусім адэкватны чалавек.
Чалавеку імкнесься дагадзіць. Мяне зразумее любая жанчына, якая спазнае хатні гвалт. Імкнесься быць добрай, не згадваеш нічога, каб не разьвіць новы скандал, асабліва ўсьведамляючы, што ўсё гэта чуе дзіця. Любую спрэчку проста прапускаеш. Было і было, роўная, спакойная размова, каб не ўзмацніць, таму што сын усё бачыць і вельмі перажывае.
Яркіх, добрых момантаў у жыцьці зь ім у мяне не было. Я ведаю семʼі, дзе ёсьць гвалт, але ёсьць і цудоўныя, добрыя моманты. Там толькі нешта здараецца, усплёск, агрэсія, усё дрэнна, а потым ізноў усё добра становіцца. А ў мяне альбо роўна, ніяк, альбо агрэсія.
«Я не разумею, як школа можа суцішыць чалавека, які зьбівае жанчыну»
— Зараз мае быць прыняты закон аб папярэджаньні хатняга гвалту. Ці вы спадзеяцеся, што гэты закон у такой сытуацыі як ваша, можа дапамагчы? Што б вы хацелі ад закону?
— Складана сказаць, што будзе, калі прымуць. Гэта ўсё будзе ясна ў дзеяньні, горш ці лепш стане. У нас быў прыняты дэкрэт № 18, які абараняў правы дзяцей. Хацелася, каб жанчыны былі больш абароненыя, але атрымалася наадварот. Калі мяне зьбівае муж і я выклікаю міліцыю, на мужа накладаюць штраф, а дзіця ставяць на ўлік. І гэтым займаецца школа. Адсочваньне сытуацыі ў сямʼі перакінулі на школу. Са школы прыходзяць работнікі глядзяць на стан кватэры, на людзей у сямʼі, няважна маці ці тата. Тэлефануюць, як правіла мне, пытаюцца, як у мяне справы, і гэта доўжыцца паўгоду, потым з уліку здымаюць. Гэтым займаецца школа.
Я не разумею, як школа можа суцішыць чалавека, які зьбівае жанчыну. Яны ня могуць нічога зрабіць. У кватэру прыходзяць псыхолягі, 20-гадовыя дзеўчыны. Часам нават страшна, калі яны ўваходзяць. Прыходзяць сацыяльныя пэдагогі, але гэта не вырашае праблему. Да прыняцьця гэтага дэкрэту была крыху іншая сыстэма, такіх людзей забіралі ў міліцыю, і міліцыі зь імі разьбіралася. Гэта было больш эфэктыўна, як мне падаецца. Калі прымуць закон і нешта зьменіцца... Вельмі хацелася б. У нас вельмі шмат сямей з гвалтам у сямʼі.
«Самае страшнае для мяне было — поўная ізаляцыя»
— Вы зьвярнуліся да мяне з просьбай распавесьці вашую гісторыю. Вы гэта робіце для сябе ці для іншых? Якога выніку вы хочаце ад вашага расповеду? Ці вы хочаце зьмяніць сваю сытуацыю, ці проста падзяліцца, атрымаць парады ці дапамогу?
— Самае страшнае для мяне было — поўная ізаляцыя. У мяне пра гэта вельмі доўга ня ведалі нават сяброўкі. З гэтыя 15 гадоў, напэўна, палову часу ня ведалі нават вельмі блізкія людзі. Я хавала. Я разумею, што вельмі шмат жанчын хаваюць, таму што яны гэтага саромеюцца. Я ня ведаю, чаму яны бяруць гэты грэх на сябе. Я саромелася. Ня ведаю, чаму мой муж ніколі гэтага не саромеўся. А цяпер я проста ўжо вельмі дарослая. Мне 41 год, і я разумею, што гэтыя 15 гадоў мне ніхто ня верне. Гэта ўся мая маладосьць. Я вельмі зьмянілася. Такой, як я была раней, добрай, вясёлай, наіўнай, я ўжо ніколі ня буду.
Чаму я да вас зьвярнулася? Таму што вы — знаёмая майго бацькі. Проста любому журналісту я бы не пазваніла, і нічога не сказала бы. У нейкі момант я зразумела, што я проста цягну час. Пройдзе яшчэ пэўная колькасьць гадоў, але мяне ўсё роўна будуць прыніжаць і гвалціць. Усё роўна нічога ня зьменіцца. Самае галоўнае — выйсьці з гэтага замкнёнага кола, таму што, як правіла, такія людзі адсякаюць усе сувязі. Мне забаронена было кантактаваць зь сяброўкамі нават па тэлефоне, не гаворачы ўжо пра сустрэчы, агульныя дні народзінаў. Гэтага я цалкам была пазбаўленая ўсе гэтыя гады. Па тэлефоне я размаўляла ўкрадкай, ці калі яго не было дома, ці на працы, ці на вуліцы, ці ў краме я размаўляла зь сяброўкамі. Усё дакладна прадумана. Аказалася, што гэта тыповая гісторыя. Калі я гляджу тэлеперадачы на гэтую тэму, то бачу, што гэта стандарт для хатняга гвалту. Узяць ахвяру і агарадзіць яе ад усяго сьвету.
Яшчэ я хачу, каб хаця б хтосьці перастаў баяцца, таму што гэта вельмі страшна. Калі я выклікала міліцыю, у мяне дрыжаў голас і я не магла гаварыць, настолькі мне было страшна, настолькі чалавек мяне напалохаў. Неверагодна. Сваёй псыхапатыяй, крыкамі, гвалтам проста запалохаў. І калі ты тэлефануеш у міліцыю, ты разумееш, што ты сказаць нічога ня можаш, у цябе дрыжыць голас, трасуцца рукі, і гэта страшна камусьці сказаць. Натуральна, ён гэта усё бачаць і працягвае тыя самыя мэтады, бо ніякай рэакцыі няма.
Калі сын быў малы, ён мог сына проста забраць і адвезьці яго невядома куды. Я не магла дазваніцца, ён выключаў тэлефон, і я проста ня ведала, дзе сын. Я не разьвялася зь ім яшчэ і таму, што калі ён дома, то я бачу сына і ведаю дзе сын. Усё пад кантролем. Калі былі скандалы, ён забіраў сына, і я ня ведала дзе ён. Што мне рабіць, дзе шукаць? Гэта ўсё паўплывала на здароўе. У мяне сардэчная арытмія, трэба лячыцца. Калі я нэрвуюся, ўзьнікае пачашчанае сэрцабіцьце, яно працягваецца і тады, калі я ўжо не нэрвуюся. Такі сындром пайшоў. Трэба рабіць УЗІ сэрца. Гэтая цярплівасьць ня робіць лепш, пагаршае здароўе, нэрвы не аднаўляюцца, ня кажучы пра маральнае расстройства і дэпрэсію.
«Я разьвядуся ў любым разе»
— Чаго вы хочаце цяпер? Як гэтая сытуацыя найлепш для вас магла бы скончыцца?
— Самае лепшае для мяне было б, каб чалавек проста зьехаў, каб не кантактаваць і ня бачыць. Я разьвядуся ў любым разе. Гэта дабавіць канфліктаў, таму што пачнецца разьдзел маёмасьці, доказы таго, што ён рабіў рамонт, усё купляў і нас утрымліваў. Будуць складанасьці. Я разумею, што сытуацыя незваротная, што назад дарогі ня будзе ў любым выпадку. У любым выпадку будзе развод. Найлепш для мяне было б ніколі ня бачыць яго ў жыцьці. Каб ён ануляваўся... Я разумею, што ён будзе прагнуць сустрэчаў з сынам. Ён маніпулюе дзіцём, і цяпер ён будзе маніпуляваць ім яшчэ больш, будзе яго забіраць, вывозіць кудысьці. Я хачу, каб ён зьнік, зьехаў, уляцеў... Але гэта немагчыма, таму трэба праз многае прайсьці...
***
Міліцыя: «Ніхто ня мае права патрабаваць ад фізычнай асобы прадастаўленьня інфармацыі пра яго прыватнае жыцьцё»
Свабода зьвярнулася да мужа Ніны з просьбай пракамэнтаваць яе споведзь. Ён адмовіўся гэта рабіць і не пацьвердзіў яе абвінавачваньні. Аўдыёзапіс размовы ёсьць у рэдакцыі.
Мы зьвязаліся і з участковым, да якога зьвярталася Ніна. Ён адмовіўся размаўляць з журналістамі і накіраваў іх у прэсавую службу менскай міліцыі. На адпаведны запыт Свабоды 8 жніўня 2018 году мы атрымалі наступны адказ ад начальніка аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму Ганусевіча.
«Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму надае асаблівую ўвагу праблеме сямейнага гвалту. Штогод супрацоўнікамі ўнутраных справаў праводзяцца прафіляктычныя акцыі, накіраваныя на тлумачэньне грамадзянам неабходнасьці садзееньня дзяржаўным органам у мінімізацыі наступстваў правапарушэньняў. З мэтай прыцягненьня ўвагі шырокіх слаёў насельніцтва да праблемаў гвалту ў сямʼі, тлумачэньня грамадзянам наступстваў падобных парушэньняў, тлумачэньня і эфэктыўнага прымяненьня палажэньняў закону РБ № 122-3 ад 4 студзеня 2014 году "Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыкі правапарушэньняў" на тэрыторыі Менску праводзяцца міжведамасныя акцыі "Дом бяз гвалту!". Таксама міжведамасныя працоўныя групы на сталай аснове наведваюць па месцы жыхарства грамадзянаў, якія раней дапускалі хатні гвалт. За мінулыя 7 месяцаў бягучага году заведзена 142 крымінальныя справы прэвэнтыўнай накіраванасьці ў сфэры сямейна-бытавых правапарушэньняў, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньне, учыненыя ў быту, 4900 чалавек, абвешчана 463 прадпісаньні.
Таксама варта адзначыць, што ў адпаведнасьці з артыкулам 18 Закону РБ "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" ад 19 лістапада 2008 году № 455-3 ніхто ня мае права патрабаваць ад фізычнай асобы прадастаўленьня інфармацыі пра яго прыватнае жыцьцё і пэрсанальныя дадзеныя, уключаючы зьвесткі, якая складаюць асабістую і сямейную таямніцу, таямніцу тэлефонных перамоваў, паштовых і іншых паведамленьняў, якія тычацца яго здароўя, альбо атрымліваць такую інфармацыю іншым спосабам насуперак жаданьню фізычнай асобы акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусі.
Збор, апрацоўка, захоўваньне інфармацыі пра прыватнае жыцьцё фізычнай асобы і пэрсанальных дадзеных, а таксама карыстаньне імі ажыцьцяўляюцца з пісьмовай згоды дадзенай фізычнай асобы, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь».
150 краінаў сьвету маюць спэцыялізаванае заканадаўства пра гвалт у сямʼі. Беларусь ідзе да прыняцьця такога закону амаль 20 гадоў. У кастрычніку канцэпцыя закону аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі мае быць перададзеная кіраўніку Беларусі, чакаецца, што закон прымуць у 2019 годзе. У закону аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі ёсьць як прыхільнікі, так і праціўнікі.
***
Што вы думаеце пра гісторыю Ніны? Якія парады вы бы ёй далі? Якое аптымальнае выйсьце з гэтай сытуацыі? Ці вы самі сутыкаліся з праблемай хатняга гвалту? Вы можаце пакінуць камэнтары пад артыкулам альбо напісаць на адрас sousa@rferl.org.