Законапраект, які распрацавала Міністэрства ўнутраных спраў, ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Цяпер ён знаходзіцца ва ўрадзе, які валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Дакумэнт можа быць разгледжаны на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.
Пра гэта 1 жніўня паведаміў журналістам супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, палкоўнік Сяргей Красуцкі.
Чатыры навэлы новага закону
Цяпер праблема хатняга гвалту ўваходзіць у закон «Аб асновах дзейнасьці ў прафіляктыцы правапарадку». Але шмат якія пытаньні застаюцца па-за рамкамі гэтага нарматыўна-працэсуальнага акту. Вось таму і патрэбен новы заканадаўчы акт.
У ім ёсьць чатыры галоўныя навэлы:
- Пашыраецца кола асобаў, на якіх распаўсюджваецца закон. Калі цяпер ён распаўсюджваецца толькі на мужа і жонку, а таксама дзяцей, якія жывуць разам з бацькамі, то маецца на ўвазе, што закон будзе распаўсюджвацца і на былых мужа і жонку, і на дзяцей, якія сумесна пражываюць з бацькамі.
- Акрамя фізычна-псыхалягічнага і сэксуальнага гвалту ўводзіцца новая форма гвалту — эканамічны.
- Аддаецца прыярытэт прафіляктыцы.
- Уводзіцца агульнанацыянальны каардынатар праграмы барацьбы з гвалтам — Міністэрства ўнутраных спраў.
Трывожная статыстыка
Паводле Сяргея Красуцкага, штогод у органы міліцыі паступае каля 120 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт — гэта кожнае дзясятае паведамленьне, якое фіксуе міліцыя. Кожны трэці з загінулых у Беларусі гіне ў выніку хатняга гвалту. Штогод такіх ахвяраў больш за 100.