Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай паабяцаў укласьці 60 млрд даляраў у краіны Афрыкі «без карысьлівых палітычных інтарэсаў»


Кітайска-афрыканскі саміт у Пэкіне
Кітайска-афрыканскі саміт у Пэкіне

Прэзыдэнт Кітаю Сі Цзіньпін анансаваў выдаткаваньне 60 млрд даляраў на разьвіцьцё краінаў Афрыкі цягам наступных трох гадоў і адмовіўся ад спагнаньня запазычанасьцяў з шэрагу найбяднейшых дзяржаваў кантынэнту, піша The Wall Street Journal.

Сі Цзіньпін адрынуў заявы крытыкаў наконт таго, што кітайскія інвэстыцыі могуць пагоршыць даўгавы крызіс у Афрыцы. На выступе перад лідэрамі дзясяткаў афрыканскіх краінаў 3-га верасьня ён апісваў Кітай як «адказную» дзяржаву, якая працуе разам зь дзяржавамі Афрыкі дзеля эканамічнага разьвіцьця, скарачэння беднасьці і барацьбы з пагрозамі бясьпецы.

Шматмільярдныя інвэстыцыі Кітаю ў Афрыку, казаў ён, «не дамагаюцца карысьлівых палітычных інтарэсаў». Сі Цзіньпін заявіў, што для ацэнкі кітайска-афрыканскай супрацы найбольш кваліфікаваныя самі кітайцы і афрыканцы і што ні пра якую «даўгавую пастку» гаворкі не ідзе. Пэкін таксама адрынуў абвінавачваньні ў тым, што ў Афрыцы выкарыстоўваецца зашмат кітайскай працоўнай сілы замест мясцовай.

Як адзначае Reuters, ён таксама засьцярог афрыканцаў ад «іміджавых» праектаў — кітайская дапамога, маўляў, перадусім накіраваная супраць таго, што тармазіць разьвіцьцё дзяржаваў, супраць «вузкіх месцаў» разьвіцьця.

Адзначаецца, што сярод гасьцей у Кітаі быў і прэзыдэнт Судана Амар аль-Башыр, які знаходзіцца ў вышуку Міжрароднага крымінальнага суду. Ды Сі Цзіньпін заявіў, што гэты суд ня мусіць перашкаджаць міжнародным справам Судану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG