Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я лячу туды, дзе прымаюць»: навошта Лукашэнку афрыканскае турнэ


Belarus -- Belarusian President Alyaksandr Lukashenka delivers his annual message before the Parliament, in Minsk, April 21, 2016
Belarus -- Belarusian President Alyaksandr Lukashenka delivers his annual message before the Parliament, in Minsk, April 21, 2016

Які плён могуць даць візыты кіраўніка Беларусі ў Егіпет і Судан?

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: 15 студзеня пачаўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Эгіпет і Судан. Папярэдні візыт беларускага лідэра ў Эгіпет адбыўся 18 гадоў таму. Адбыліся перамовы Лукашэнкі і прэзыдэнта Эгіпту Абдэль Фатаха аль-Сісі.

Двухбаковыя гандлёвыя адносіны разьвіваліся, можна сказаць, нядрэнна, з улікам таго, што краіны разьмешчаны на розных кантынэнтах. Свайго піку ўзаемны гандаль дасягнуў у 2015 годзе. Яго абʼём склаў $186 млн. А ў 2016 годзе ўсё абвалілася. За студзень-кастрычнік (апошнія даступныя лічбы) гандлёвы абарот склаў толькі ^$46 млн. То бок упаў у чатыры разы. Беларусь прадае ў Эгіпет трактары, грузавікі, шыны, калій і іншае, купляе садавіну (у асноўным, цытрусавыя), гародніну. Можна меркаваць, што значны складнік узаемнага супрацоўніцтва — гэта ваенна-тэхнічная прадукцыя. Не выпадкова Лукашэнка сустрэўся зь міністрам абароны. У Эгіпце існуе зборачная вытворчасьць беларускіх трактароў і МАЗаў.

СМІ паведамлялі, што Беларусь пастаўляла ў Судан зброю і ваеннае абсталяваньне ў часы, калі там ішла вайна.

Цяпер, што тычыцца Судану. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, абʼём двухбаковага тавараабароту па выніках 2015 года склаў $ 41,4 млн. Беларуска-суданскі гандаль цалкам фармуецца за кошт беларускага экспарту, імпарту з Судану ўвогуле не было. Што даволі рэдкая зьява. Беларускі экспарт у Судан складаецца з тых жа тавараў, якія пастаўляюцца ў Эгіпет. Судан перажыў доўгую грамадзянскую вайну. У прэзыдэнта Судану Ўмара Хасана Ахмэда аль-Башыра вельмі адыёзная рэпутацыя ў сьвеце, ён абвінавачваецца ў ваенных злачынствах. Але Лукашэнку гэта не бянтэжыць. Замежныя СМІ паведамлялі, што Беларусь пастаўляла ў Судан зброю і ваеннае абсталяваньне ў часы, калі там ішла вайна.

Увогуле гэтая спроба адкрыць для Беларусі, для беларускага экспарту Афрыку даволі цікавая. Як падаецца, вялікіх дасягненьняў тут наўрад ці можна атрымаць. Адразу ж прыгадваецца, як Лукашэнка «адкрываў» Лацінскую Амэрыку, шмат разоў наведваў Вэнэсуэлу, а таксама Кубу, Эквадор, Бразылію. Дзяржаўныя мэдыя паведамлялі пра вялізныя прарывы, бліскучыя пэрспэктывы. І з Вэнэсуэлай сапраўды абʼём супрацоўніцтва быў вялікі. Але чым усё скончылася? Вялізным абвалам. Асабліва ён заўважны ў супрацоўніцтве з Вэнэсуэлай. Сьмерць Уга Чавэса, эканамічны крызыс у гэтай краіне ўсё пахаваў.

Таксама ня вельмі выніковымі былі візыты ў краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Бо галоўная праблема — гэта неканкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі, якая грунтуецца на неэфэктыўнасьці беларускай эканомікі. Таму і шукаць выйсьце трэба ў самой Беларусі.

Дракахруст: Так, па-шчырасьці, даволі дзіўныя візыты і даволі дзіўная іх матывацыя. Вы назвалі лічбы таваразвароту з гэтымі краінамі — яны абсалютна мізэрныя. І тут варта сказаць, што калі мець на ўвазе нейкую «кропку доступу» на кантынэнт, то так выглядае, што ані Эгіпет, ані тым больш Судан, не зьяўляюцца такімі кропкамі.

Сапраўднымі эканамічнымі гігантамі Афрыкі зьяўляюцца Нігерыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Гэта сапраўды «кропкі доступу» ва ўсю Афрыку, гэта тыя краіны, якія вызначаюць эканоміку кантынэнту.

ані Эгіпет, ані тым больш Судан, не зьяўляюцца "кропкам доступу" ў Афрыку

Калі ж няма доступу да іншых краінаў Афрыкі, калі таваразварот з Эгіптам і Суданам — некалькі дзясяткаў мільёнаў, то проста цяжка патлумачыць, навошта?

Вось вы сказалі пра рэпутацыю прэзыдэнта Судана. Можна сказаць тое самае і пра рэпутацыю цяперашняга прэзыдэнта Эгіпту. Яна, зразумела, значна лепшая, але варта прыгадаць, што ён прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, зрынаньня законнага прэзыдэнта краіны. Так што рэпутацыя таксама не самая лепшая. І выглядае, што камэнтаром да гэтага візыту Аляксандра Лукашэнкі можна паставіць словы з песьні Высоцкага «я лечу туды, где принимают».

Цыганкоў: Так, рэпутацыя кіраўнікоў афрыканскіх краін, напэўна, апошняя рэч, якая турбуе Аляксандра Лукашэнку. Даволі дзіўны візыт? Проста ён быў у рамках даўно заплянаванай дзейнасьці, якую Лукашэнку арганізоўвае міністэрства замежных спраў. Трэба езьдзіць і ў Афрыку, нават калі там няма асаблівых эканамічных інтарэсаў.

гэта красамоўная карцінка для беларускай замежнай палітыкі, якую можна характарызаваць словамі — «я лячу туды, дзе прымаюць»

Аляксандар Лукашэнка гадамі езьдзіць у Віетнам і кожны гэты візыт Беларускае тэлебачаньне суправаджае нейкімі пераможнымі справаздачамі пра тое, што адбудзецца прарыў, выйдуць на новыя мільярды. І так ужо гадоў 15. Дык усё тое самае адбудзецца і падчас візыту ў афрыканскія краіны — пераможныя рэляцыі БТ, нейкія стратэгічныя пляны, нейкія новыя пражэкты і г.д. У дадзеным выпадку гэта красамоўная карцінка для беларускай замежнай палітыкі, якую сапраўды можна характарызаваць тымі словамі — «я лячу туды, дзе прымаюць».

Калі казаць больш стратэгічна, то пастаўленая даўно была задача перад беларускім экспартам, таваразваротам — дывэрсыфікаваць яго, падзяліць на тры вялікія часткі. Траціна на Расею, траціна на Эўразьвяз і траціна на астатнія краіны сьвету. Пакуль, як мы ўжо адзначалі ў нашых перадачах, гэта ні ў якім разе не выконваецца. Больш за тое, за апошні год залежнасьць у гандлі ад Расеі толькі павялічылася, асабліва ў экспарце.

Што тычыцца трэціх краінаў, то тут найбольш пэрспэктыўнымі зьяўляюцца багатыя і прамыслова разьвітыя краіны альбо арабскага Ўсходу, альбо паўднёвай Азіі — Кітай, Віетнам і г.д. Усё ж такі Афрыка, нават калі казаць пра самыя разьвітыя, магутныя краіны — Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і Нігерыю, у любым выпадку гэта не такі рэгіён, які здольны купляць недасканалую беларускую прадукцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG