Хтосьці жыве на 2-м паверсе, а хтосьці на 9-м, але плацяць яны аднолькава. І пакуль гэты парадак захаваецца.
Пра гэта 23 жніўня заявіў журналістам намесьнік генэральнага дырэктара аб’яднаньня «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» Цімафей Крэмез.
«Сапраўды, чалавек, які жыве на 9-м паверсе, і чалавек, які жыве на 2-м, карыстаюцца ліфтам па-рознаму, — лічыць Крэмез. — Але, з другога боку, ёсьць яшчэ адна рэч: хтосьці жыве на 2-м паверсе, а карыстаецца ліфтам па дзесяць разоў на дзень. А хтосьці на апошнім, а езьдзіць двойчы на дзень. Падлічыць гэта немагчыма. Таму ў бліжэйшыя 3-4 гады ў Менску наўрад ці зьвернуцца да гэтай праблемы».
Ён паведаміў, што абмяркоўвалася магчымасьць арганізаваць карыстаньне ліфтам праз чып, аналягічны ўваходнаму ў пад’езд.
«Але ўвядзеньне такой сыстэмы запатрабуе шмат грошай, — тлумачыць Крэмез. — Такая магчымасьць на гэты момант таксама не разглядаецца».
Ён таксама паведаміў, што ў Менску да зімы цалкам падрыхтаваны толькі адзін раён. Пашпарты гатоўнасьці да зімы атрымалі ўсе будынкі ў Фрунзэнскім раёне Менску, а сярэдняя гатоўнасьць у горадзе склала 23%.