Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыраць сьпіс паслуг, за якія «дармаеды» будуць плаціць па поўных тарыфах, пакуль не плянуюць


Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, архіўнае фота
Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, архіўнае фота

Пашыраць сьпіс паслуг, за якія незанятыя ў эканоміцы грамадзяне будуць плаціць па поўных тарыфах, пакуль не плянуецца, заявіла журналістам 17 траўня ў Палаце прадстаўнікоў міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, паведамляе БелаПАН.

«Перш за ўсё трэба паглядзець, як дэкрэт запрацуе на паслугах ЖКГ, таму я б цяпер не абмяркоўвала гэтае пытаньне. Трэба напрацаваць практыку 2019 году (калі запрацуе мэханізм аплаты паслуг ЖКГ па поўным кошце для „дармаедаў“ — РС). Мэта — не пашырыць пералік паслуг, мэта — актывізаваць рынак працы», — сказала яна.

Як паведамлялася раней, да зацьвярджэньня пераліку паслуг, якія «дармаеды» павінны аплочваць у поўным кошце, размова ў тым ліку ішла і пра паслугі аховы здароўя і адукацыі.

Урад вызначыў, хто такія «дармаеды» і што зь імі рабіць

У камісіі па садзейнічаньні занятасьці прыходзіць неабавязкова

Касьцевіч адзначыла, што цяпер ідзе працэс абнаўленьня складу камісій, якія будуць займацца каардынацыяй працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. «Дармаедаў» будуць запрашаць на пасяджэньні камісій і «максымальна прапаноўваць паслугі па працаўладкаваньні», але «вядома, яны не абавязаныя прыходзіць у гэтую камісію», «гэта права чалавека», удакладніла міністар. Касьцевіч дадала, што пакуль людзі больш ідуць у службы занятасьці і мала зьвяртаюцца ў камісіі.

Мінпрацы ня ведае, колькі будзе каштаваць бюджэту «татальнае працаўладкаваньне» дармаедаў

Падчас дыскусіі пры абмеркаваньні пастановы Палаты прадстаўнікоў аб прэзыдэнцкім дэкрэце № 1 ад 25 студзеня 2017 году дэпутатка Ганна Канапацкая паспрачалася з Ірынай Касьцевіч. Канапацкая задала пытаньне, навошта, калі ёсьць цэлы апарат у Міністэрстве, ствараць яшчэ міжведамасную камісію ў пытаньнях занятасьці насельніцтва і назвала гэтыя камісіі «чарговай бюракратычнай надбудовай».

Працаўладкаваньне за межамі Беларусі можна будзе пацьвердзіць онлайн

Міністарка ўдакладніла, што беларусы, якія працуюць за мяжой, змогуць онлайн пацьвердзіць сваё працаўладкаваньне за межамі Беларусі, каб не патрапіць у сьпіс «дармаедаў». Такім пацьвярджэньнем можа быць працоўная дамова з замежнай кампаніяй.

«Будзе распрацавана на адпаведных сайтах адпаведнае „акно“, дзе чалавек у электронным выглядзе зможа паведаміць пра тое, што ён працуе ў Расеі ці іншай краіне на нейкім прадпрыемстве. Гэтая практыка была і па папярэднім дэкрэце, яна вельмі добра сябе паказала», — дадала Касьцевіч.

Колькі беларусаў падпадуць пад абноўлены дэкрэт, пакуль невядома

Міністарка не змагла адказаць на пытаньне, колькі беларусаў падпадае пад абноўлены дэкрэт, і колькі зь іх зьяўляюцца ўладальнікамі кватэраў, якія абавязаныя кампэнсаваць паслугі ЖКГ па поўных тарыфах.

Касьцевіч таксама паведаміла, што Мінпрацы праводзіць выязныя рэгіянальныя сэмінары, па выніках якіх аблвыканкамы пададуць сьпіс сваіх пытаньняў і дадуць рэкамэндацыі па пераліку цяжкіх жыцьцёвых сытуацый. За чэрвень Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацуе дзьве памяткі, якія будуць настольнай кнігай для камісій у пляне адказаў на пытаньні, якія зьяўляюцца падчас іх працы.

«Але мы разумеем, што дакумэнт і рэкамэндацыі, якія будуць падрыхтаваныя, будуць зьмяняцца. Ніколі нельга сказаць, што на канкрэтную дату я вырашыў ўсе пытаньні. Гэта жыцьцё, яны будуць зьяўляцца», — сказала міністарка.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня 2018 году дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG