Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША падтрымаў байкот Harley Davidson


Спрэчка прэзыдэнта ЗША і вытворцы матацыклаў з нагоды пошлін на сталь працягваецца.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у нядзелю падтрымаў байкот амэрыканскай матацыклетнай кампаніі Harley Davidson, што стала чарговым паваротам у спрэчцы кампаніі і прэзыдэнта з нагоды пошлін на сталь, паведамляе Голас Амэрыкі.

Кампанія, якая базуецца ў Вісконсіне, раней сёлета абвясьціла аб плянах перанесьці вытворчасьць матацыклаў, прызначаных для краін Эўразьвязу, з ЗША на замежныя заводы, каб пазьбегнуць пошлін, уведзеных ЭЗ у адказ на пошліны Трампа на імпартную сталь і алюміній.

Трамп раскрытыкаваў Harley Davidson, заклікаўшы да ўвядзеньня падвышаных, мэтанакіраваных падаткаў і прыстрашыўшы стварыць стымулы для прыцягненьня ў ЗША замежных вытворцаў для ўзмацненьня канкурэнцыі.

«Шматлікія ўладальнікі Harley Davidson плянуюць абвясьціць байкот кампаніі, калі яна перанясе вытворчасьць за мяжу. Выдатна! Большасьць іншых кампаній рухаюцца ў нашым кірунку, уключаючы канкурэнтаў Harley. Вельмі дрэнны крок! Хутка ў ЗША будуць роўныя ці нават лепшыя ўмовы», — напісаў Трамп у Твітэры.

Кампанія Harley Davidson неаднаразова адмаўлялася камэнтаваць заявы Трампа. У нядзелю яна таксама была недаступная для камэнтароў.

Паводле ацэнак кампаніі, пошліны ЭЗ абыдуцца ёй у 30-45 мільёнаў даляраў да канца году і ў 90-100 мільёнаў даляраў у год.

У суботу Трамп сустрэўся з групай байкераў, якія зьяўляюцца яго прыхільнікамі. Ён сфатаграфаваўся са 180 байкерамі ў яго гольф-клюбе ў Бедмінстэры, штат Нью-Джэрсі, дзе ён праводзіць адпачынак.

Матацыклетныя кампаніі, разьмешчаныя за межамі ЗША, уключаюць японскія Honda Motor і Yamaha, эўрапейскія BMW і Ducat, індыйскія Hero MotoCorp і Bajaj Auto і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG