Улады Вялікабрытаніі рыхтуюць запыт аб экстрадыцыі з Расеі дваіх падазраваных па справе аб атручваньні ў Солсбэры і Эймсбэры чатырох чалавек, адзін з якіх памёр. Пра гэта паведаміла брытанскае выданьне The Guardian са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе і службах бясьпекі.
Рашэньне накіраваць у Маскву запыт на экстрадыцыю дваіх расейскіх грамадзян прынята ў Лёндане пасьля доўгага расьсьледаваньня, якое вялі сотні сьледчых міністэрства ўнутраных спраў і брытанскіх спэцслужбаў. У выніку расьсьледаваньня сабрана мноства зьвестак аб дваіх падазраваных расейцах — ад моманту іх прыбыцьця ў Вялікабрытанію да моманту вылету з тэрыторыі Злучанага Каралеўства.
Аўтары публікацыі лічаць, што афіцыйны запыт на экстрадыцыю выкліча нэгатыўную рэакцыю Масквы і новае абвастрэньне адносін паміж Расеяй і Брытаніяй.
30 чэрвеня 44-гадовую Дон Стэрджэс і яе 45-гадовага сябра Чарлі Роўлі знайшлі непрытомнымі ў крытычным стане ў доме ў горадзе Эймсбэры, які менш чым за 20 кілямэтраў ад гораду Солсбэры, дзе 4 сакавіка атруцілі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.
8 ліпеня Дон Стэрджэс памерла ў шпіталі.