Больш за 100 дзеячаў культуры Швэцыі, сярод якіх акторы, журналісты і пісьменьнікі, уручаць альтэрнатыўную Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 2018 годзе. Яны заснавалі «Новую акадэмію», якая абярэ ляўрэата, паведамляе The Guardian.
Намінаваць маюць права швэдзкія бібліятэкары. Патрабаваньні да прэтэндэнтаў: аўтар найменш як дзьвюх кніжак, адна зь якіх павінна быць апублікаваная цягам апошніх дзесяці год. Журы абвясьціць пераможцу сярод чатырох фіналістаў у той самы час, калі мусіла б старая Акадэмія — 10 сьнежня. 11 сьнежня «Новая акадэмія» самараспусьціцца.
«Мы заснавалі „Новую акадэмію“, каб нагадаць людзям, што літаратура і культура ў цэлым павінны спрыяць дэмакратыі, празрыстасьці, суперажываньню і павазе ў грамадзтве, без прывілеяў, фанабэрыстасьці або сэксізму», — заяўляюць ініцыятары.
Нобэлеўскі камітэт адмовіўся ад уручэньня прэміі па літаратуры ў 2018 годзе ў сувязі са скандалам: мужа аднаго з чальцоў Швэдзкай акадэміі западозрылі ў раскрыцьці імёнаў будучых ляўрэатаў прэміі па літаратуры. Яго таксама падазраюць у сэксуальных дамаганьнях.