За 5 месяцаў 2018 году ў Беларусі зафіксавана 1107 карупцыйных злачынстваў — гэта амаль удвая болей, чым летась.
Такую статыстыку прывёў 26 чэрвеня намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. Рост карупцыі чыноўнік патлумачыў тым, што «сёлета разглядаюцца шматтомныя справы зь вялікай колькасьцю эпізодаў і асобаў».
Найбольшая колькасьць карупцыйных злачынстваў адзначаная на транспарце, у прамысловасьці, сфэры дзяржаўнага кіраваньня, ахове здароўя.
Найбольш распаўсюджаныя правапарушэньні карупцыйнай накіраванасьці: невыкананьне парадку працэдур закупак, аказаньне дзяржаўнай службовай асобай неправамернай перавагі інтарэсам пэўных фізычных асоб, выкарыстаньне службовага становішча пры вырашэньні асабістых пытаньняў.
Страты дзяржаве карупцыянэры сёлета нанесьлі ў памеры 8 мільёнаў 799 тысяч рублёў. А праваахоўныя органы наклалі арышт на іхную маёмасьць на суму 10 мільёнаў 728 тысяч. «Так што яны павінны будуць вярнуць страты, якія нанесьлі дзяржаве», — падкрэсьліў намесьнік генпракурора.
Пракуратура адмяняе канцэрты
Паводле Стука, Генэральная пракуратура апошнім часам сур’ёзна ўзялася за культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Зафіксаваныя выпадкі, калі дакумэнты, што дазваляюць канцэртную дзейнасьць, атрымлівалі людзі, у праграмах якіх ужывалася ненарматыўная лексыка, заахвочваліся алькаголь і наркотыкі.
Пасьля ўмяшаньня супрацоўнікаў пракуратуры праграмы альбо выпраўляліся, альбо канцэрты адмянялі наагул.,