Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) і Transparency International апублікавалі сумеснае расьсьледаваньне аб буйных інвэстыцыях у нерухомасьць у Дубаі. У расьсьледаваньні згаданыя палітыкі, бізнэсоўцы, футбалісты, а таксама людзі, раней заўважаныя ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю.
У сьпісе ўладальнікаў элітнай нерухомасьці значыцца сын прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева Гейдар і яго дачка Арзу. Аб наяўнасьці ў іх уласнасьці ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах гаварылася і раней. Згаданыя таксама некалькі расейцаў. Сярод іх — фігурант амэрыканскага «Сьпісу Магніцкага» Ўладлен Сьцяпанаў. У 2011 годзе апазыцыянэр Аляксей Навальны абвінаваціў яго ў набыцьці нерухомасьці ў Дубаі на грошы, скрадзеныя з фэдэральнага бюджэту Расеі. У адказ Сьцяпанаў падаў у суд пазоў аб абароне гонару і годнасьці і адсудзіў у апазыцыянэра 100 тысяч расейскіх рублёў.
Акрамя таго, у расьсьледаваньні адзначаны імёны прадпрымальніка Вадзіма Ляліна, а таксама Васіля Хрыстафорова і Ўладзіміра Вагіна, якіх называюць крымінальнымі аўтарытэтамі. Абодва знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з прычыны меркаваных сувязяў зь міжнароднай арганізаванай злачыннасьцю.
Камэнтароў ад асобаў, чые імёны названыя ў расьсьледаваньні, пакуль не паступала. Аўтары расьсьледаваньня не сьцьвярджаюць, што ўсе згаданыя інвэстыцыі і нерухомасьць былі набытыя на грошы, заробленыя нелегальна. У той жа час наяўнасьць элітнай маёмасьці ў палітыкаў, чыноўнікаў і «злодзеяў у законе» павінна прыцягнуць увагу грамадзкасьці і быць дэталёва вывучаныя, гаворыцца ў дакумэнце. Сьледчыя таксама адзначаюць, што ўлады Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў надаюць недастаткова ўвагі высьвятленьню паходжаньня сродкаў, якія паступаюць у краіну ў якасьці інвэстыцый.