Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неўзабаве ўсё будзе вядома». За што КДБ арыштаваў чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэс-сакратар Камітэту дзяржбясьпекі Андрэй Яраш абяцае неўзабаве раскрыць падрабязнасьці карупцыйнага скандалу ў мэдыцынскай галіне.

Аб магчымым затрыманьні шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў зь Міністэрства аховы здароўя (гаворка нават пра намесьнікаў міністра) стала вядомая на пачатку тыдня.

11 чэрвеня «Ежедневник» апублікаваў артыкул з інфармацыяй аб арышце кіраўніка «Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў» Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Сталярова. Яшчэ празь некалькі дзён тое ж выданьне паведаміла пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя». Паводле інфармацыі «Ежедневника», пасьля затрыманьня Сталярова пачаліся допыты ягоных падначаленых ды іншых высокіх супрацоўнікаў ведамства. У выніку частка зь іх засталася за кратамі ў СІЗА КДБ.

Па стане на 19 чэрвеня дакладна вядома пра арышт як мінімум двух чыноўнікаў згаданага «Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў». У Міністэрстве аховы здароўя на пытаньне аб магчымых арыштах яго супрацоўнікаў не адказваюць.

Прэс-сакратар КДБ Андрэй Яраш паведаміў Свабодзе, што пакуль ня можа даць афіцыйнай інфармацыі аб затрыманьні мэдыцынскіх чыноўнікаў, аднак «яна зьявіцца ў бліжэйшыя дні».

Былы міністар аховы здароўя Васіль Жарко. Займаў пасаду з 2006 па 2016 гады.
Былы міністар аховы здароўя Васіль Жарко. Займаў пасаду з 2006 па 2016 гады.


Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў

На афіцыйным сайце гэтай структуры гаворыцца, што Цэнтар сярод іншага займаецца сэртыфікацыяй мэдыцынскай тэхнікі, кантролем якасьці лекавых сродкаў, выдачай дазволаў на ўвоз наркатычных сродкаў ды іншых прадугледжаных заканадаўствам функцый.

Калі прасьцей, без дазволу гэтай установы ў краіну нельга прывезьці ніякага мэдыцынскага абсталяваньня і лекаў. Цэнтар кантралюе разьмяшчэньне тэндэраў і правярае яго ўдзельнікаў, а таксама прапанаваную імі прадукцыю. Пры неабходнасьці накіроўвае сваіх прадстаўнікоў на месца вытворчасьці.

Мінулай восеньню дзейнасьць гэтай структуры прыцягнула ўвагу СМІ. У тым жа «Ежедневнику» зьявілася цэлая сэрыя публікацый пра карупцыю ва ўстанове. У артыкулах сьцьвярджалася, што супрацоўнікі Цэнтру экспэртызы і выпрабаваньняў Мінздароўя выдавалі дазволы на ўвоз у Беларусь мэдтэхнікі кампаніям, якія не зьяўляліся яе вытворцамі. У выніку чаго замест новага абсталяваньня ад вядомых вытворцаў мэдцэнтры краіны атрымлівалі старую непатрэбную тэхніку зь нямецкіх клінік. Паводле публікацый, зарэгістраваныя ў Нямеччыне, Літве і Расеі фірмы-пасярэднікі старое абсталяваньне атрымлівалі ледзьве не задарма, пасьля чаго рамантавалі яго і пад выглядам свайго ўласнага прадавалі ў Беларусь.

У публікацыях згадваецца як мінімум пра тры замежныя і адну беларускую кампанію, якія маглі быць зьвязаныя зь незаконнымі пастаўкамі мэдтэхнікі ў Беларусь. Гэта нямецкая Berver GmbH, літоўская Medical Technologies LBI, расейская ООО «Бервер» і беларуская УП «Тэкамакс-Мн». Нямецкая і літоўская нібыта займаліся вытворчасьцю мэдыцынскай тэхнікі, беларуская і расейская ўдзельнічалі ў тэндэрах на яе пастаўкі беларускім клінікам.

Па вэрсіі журналістаў «Ежедневника», цэны на абсталяваньне былі шматкроць завышаныя, разам з мэдтэхнікай у Беларусь незаконна завозіліся будаўнічыя матэрыялы, а замест новага абсталяваньня шпіталі атрымлівалі старое, сьпісанае нямецкімі клінікамі.

Акрамя Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў Мінздароўя ў восеньскіх публікацыях фігуруе яшчэ адна дзяржаўная структура. Гэта УП «Белмэдтэхніка». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на пачатку чэрвеня КДБ затрымаў ажно пяць чыноўнікаў гэтай структуры. Менавіта «Белмэдтэхніка» займаецца разьмяшчэньнем тэндэраў на закупку мэдыцынскага абсталяваньня для беларускіх шпіталёў.

Валер Малашка, прызначаны міністрам аховы здароўя ў пачатку 2017 году.
Валер Малашка, прызначаны міністрам аховы здароўя ў пачатку 2017 году.


«Цэны завышаліся ў 14 разоў»

24 лютага 2018 году адразу некалькі дзяржаўных тэлеканалаў паведамілі пра затрыманьне чальцоў арганізаванай злачыннай групы, якая займалася пастаўкамі мэдыцынскай тэхнікі ў Беларусь. Крыніцай інфармацыі быў афіцыйны сайт МУС, гаворка ішла пра арышт 12 чалавек.

«Як паведамляе МУС, была выяўленая злачынная схема закупак мэдтэхнікі за бюджэтныя сродкі для мэдустаноў Беларусі, — гаварылася ў сюжэце тэлеканалу СТВ. — У ходзе расьсьледаваньня стала вядома, што арганізатарамі крымінальнай схемы зьяўляюцца жыхары Менску. Падазраваныя падмянялі таварасуправаджальныя дакумэнты і завышалі цану абсталяваньня замежнай вытворчасьці ў 2-3 разы, а часам — да 14 разоў. Пастаўлялася мэдтэхніка праз падкантрольныя кампаніі, якія былі зарэгістраваныя ў Беларусі, Эстоніі і Вялікай Брытаніі. У 2014 годзе толькі па адным кантракце на пастаўку анкадыспансэру мэдтэхнікі на суму 7 млн эўра на пасрэдніцкіх паслугах было зароблена 4 млн эўра. Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу „махлярства“. 12 чалавек затрымалі, канфіскавалі замежную валюту і транспартныя сродкі прэміум-клясы. На нерухомасьць накладзены арышт. Падазраваныя ўжо выплацілі 1,5 млн эўра. Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на поўнае пакрыцьцё шкоды, прычыненай дзяржаўнаму бюджэту. Расьсьледаваньне працягваецца».

Аднак ужо празь некалькі дзён публікацыя на афіцыйным сайце МУС, дзе зьмяшчалася інфармацыя аб гучным затрыманьні, зьнікла. Прычыны гэтага ў ведамстве патлумачыць Свабодзе не змаглі. У Сьледчым камітэце коратка паведамілі, што «такая справа сапраўды існуе, аднак пакуль рана раскрываць яе падрабязнасьці».

З канца лютага да пачатку чэрвеня ніякай афіцыйнай інфармацыі аб затрыманьнях за махінацыі ў сфэры паставак мэдыцынскай тэхнікі ў краіну не зьяўлялася. Па-ранейшаму застаюцца невядомымі імёны затрыманых у канцы лютага 12 чалавек і назвы структур, зь якімі яны былі зьвязаныя. Нічога невядома пра падаўжэньне тэрмінаў расьсьледаваньня (паводле заканадаўства, гэта павінны былі зрабіць праз два месяцы пасьля затрыманьня падазраваных, у канцы красавіка), альбо пра перадачу справы ў пракуратуру і суд.

Старшыня КДБ Валер Вакульчык. Ведамства пакуль не камэнтуе затрыманьні мэдыцынскіх чыноўнікаў.
Старшыня КДБ Валер Вакульчык. Ведамства пакуль не камэнтуе затрыманьні мэдыцынскіх чыноўнікаў.

«Гэта ўсё нагавор канкурэнтаў»

Свабода зьвязалася з кіраўніцтвам беларускай кампаніі «Тэкамакс-МН», згаданай у восеньскіх публікацыях «Ежедневника». Дырэктар установы, які прадставіўся Антонам Аляксандравічам і адмовіўся называць сваё прозьвішча (пошук у інтэрнэце паказвае, што кампаніяй «Тэкамакс МН» кіруе Антон Ермачэнка) пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў.

«Вядома, гэта (публікацыі пра магчымую датычнасьць кампаніі „Тэкамакс-МН“ да карупцыйных схем. — РС) нагавор і страта рэпутацыі, — гаворыць дырэктар кампаніі. — На самой справе ўсё гэта выдумка, заснаваная на нейкіх момантах і фактах. Што вось была такая рэгістрацыя (гаворка пра ўдзел у тэндэрах. — РС) і так, ёсьць такая фірма „Тэкамакс“. Усё астатняе зроблена, як мы лічым, у межах нейкіх дзеяньняў канкурэнтаў замоўленага характару. Якія проста вядуць такім чынам несумленную барацьбу на рынку. Гэта ўсё, што я магу сказаць».

На пытаньні аб тым, ці былі затрыманыя супрацоўнікі кампаніі «Тэкамакс-МН» у лютым альбо на пачатку чэрвеня, яе дырэктар адказваць адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG