У сьнежні 2017 году суд Менскай вобласьці прысудзіў былога кіраўніка Салігорскага раёну Аляксандра Рымашэўскага да 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а на днях ён, па дадзеных крыніцы парталу TUT. BY, выйшаў на волю.
У вёсцы Камень Капыльскага раёна, дзе ў былога чыноўніка ёсьць дом, гэтую інфармацыю пацьвярджаюць мясцовыя.
— Ён прыехаў у вёску пазаўчора, кажуць, ужо павінен зьехаць у Берасьцейскую вобласьць на працу, — распавядае мясцовая жыхарка.
У вёсцы Камень Капыльскага раёна Аляксандр Рымашэўскі калісьці вучыўся ў школе. І менавіта недалёка ад гэтай вёскі 30 траўня 2017 году чыноўніка затрымалі на месцы злачынства. У той дзень, па дадзеных абвінавачваньня, ён атрымаў 2,7 тысячы даляраў.
Сам Аляксандр Рымашэўскі не адказвае на званкі.
У пракуратуры Салігорскага раёна, а таксама ў Салігорскім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць на гэтую тэму. TUT. BY выслаў запыт на імя начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС РБ з просьбай пракамэнтаваць, зь якой прычыны быў вызвалены Рымашэўскі.
Адвакат Зьміцер Гарачка, які абараняў падчас працэсу Аляксандра Рымашэўскага, кажа, што ўпершыню чуе пра вызваленьне. Ён удакладніў: прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе і пакінуты бязь зьменаў.
Як жа былы чыноўнік мог выйсьці на волю, калі прысуд быў пакінуты ў сіле, а разьлічваць на УДВ ён яшчэ ня мог? Паводле інфармацыі крыніцы TUT. BY, Аляксандр Рымашэўскі быў памілаваны прэзыдэнтам.
На пачатку сьнежня Менскі абласны суд асудзіў за хабар на 8 год калёніі з канфіскацыяй маёмасьці Аляксандра Рымашэўскага — былога старшыню Салігорскага райвыканкаму, аднаго з самых дасьведчаных і аўтарытэтных «вэртыкальшчыкаў» Менскай вобласьці.
Аляксандар Рымашэўскі на працэсе не прызнаваў сябе вінаватым, у апошнім слове назваў сваю справу сфальшаванай.
Абвінавачаньне інкрымінавала экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму атрыманьне 16 900 даляраў хабару. Паводле сьледзтва, ён браў грошы з камэрцыйнай арганізацыі за тое, што як кіраўнік раённай вэртыкалі дамагаўся вяртаньня доўгу гаспадарак раёну перад гэтай арганізацыяй. Але паколькі апошні эпізод — атрыманьне Рымашэўскім хабару ў 2900 даляраў — праходзіў «пад кантролем» праваахоўнікаў у рамках так званага сьледчага экспэрымэнту, суд пастанавіў спагнаць з асуджанага толькі 14 тысяч даляраў.