Віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) Алан Пію паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Беларусь, што банк будзе нарошчваць інвэстыцыі найперш у інфраструктуру краіны.
Паводле банкіра, якраз сёньня ЭБРР падпісаў з урадам дамову аб фінансаваньні пабудовы заводу цьвёрдых адкідаў у Пухавіцкім раёне.
«Гэта будзе першы завод па перапрацоўцы адкідаў, збудаваны па найсучасьнейшых тэхналёгіях», — запэўніў ён. ЭБРР выдзяляе на праект 5 мільёнаў эўра.
Чым ужо адзначыўся ЭБРР у Беларусі?
Алан Пію нагадаў нядаўні ўдзел банку ў фінансаваньні будоўлі другой менскай кальцавой аўтадарогі, сказаў, што «ганарыцца ранейшым удзелам» у рэканструкцыі аўтадарогі Берасьце — Масква, і акрэсьліў новыя праекты.
«У тым ліку мы гатовыя ўдзельнічаць у рэканструкцыі 22 беларускіх мастоў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане».
Таксама, паводле віцэ-прэзыдэнта ЭБРР, банк гатовы дапамагчы Беларусі рэканструяваць участак аўтадарогі М10 Гомля — Берасьце.
Алан Пію паведаміў, што банк актыўна супрацоўнічае зь менскімі ўладамі ў справе двух важных праектаў: па забесьпячэньні вадой і па рамонце жылых памяшканьняў.
«Мы абіраем толькі тыя праекты, якія рэальна палепшаць жыцьцё людзей», — казаў Алан Пію і назваў гарады, якія з дапамогай грошай ЭБРР паляпшаюць інфраструктуру. Гэта Баранавічы, Шклоў, Фаніпаль, Клецак, Жлобін, Слонім, Полацак, Чэрвень ды іншыя.
«Нам важна працаваць на месцах, а ня толькі ў сталіцы».
Прыватызацыя «Крыніцы», «Блакіта», банку «Масква-Менск»
Раней ЭБРР агалошваў свае пляны аб намеры ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў і банкаў.
Паводле Алана Пію, удзел ЭБРР у прыватызацыі «Белінвэстбанку» «вельмі важная для нас тэма». Ён сказаў, што ўжо да канца году ЭБРР мае намер стаць мінарытарным уласьнікам «Белінвэстбанку», а далей будзе весьціся праца па прыцягненьню стратэгічнага інвэстара.
Вядзецца пошук стратэгічнага інвэстара і для банка «Масква-Менск».
Працягваецца ўдзел ЭБРР у праграме прыватызацыі бровару «Крыніца», тэкстыльнай фабрыкі «Блакіт» ды іншых беларускіх прадпрыемстваў, заплянаваных на продаж.
Пры гэтым зьявілася і новая тэма супрацоўніцтва ЭБРР зь беларускім урадам — гэта камэрцыялізацыя дзяржаўных прадпрыемстваў. У прыватнасьці, банк бярэ ўдзел ва ўдасканаленьні карпаратыўнага кіраўніцтва «Белаўтадору».
Алан Пію, па ягоных словах, зрабіў зь візыту ў Беларусь тры важныя высновы.
- У краіне існуюць спрыяльныя ўмовы для нарошчваньня актыўнасьці банку.
- Але тут павінны быць зрухі, найперш у прыватызацыі.
- У краіне ёсьць магчымасьць прыцягваць больш інвэстыцый, як з Захаду, гэтак і з Азіі.
«Прыватызацыя пры добрым правядзеньні сумяшчальная з захаваньнем занятасьці і нават вядзе да яе павелічэньня», — гэтак эўрапейскі банкір адказаў на папулярнае ў Беларусі меркаваньне, што вынік прыватызацыі — звычайна ліквідацыя працоўных месцаў. Каб сытуацыю палепшыць, Алан Пію параіў зьмякчыць падатковую нагрузку на малыя і сярэднія прыватныя прадпрыемствы, бо яны — асноўны пастаўшчык працоўных месцаў у Беларусі.
Ацэнка стану эканомікі Беларусі
Алан Пію мяркуе, што эканоміка Беларусі цяпер разьвіваецца разумнымі тэмпамі і назваў яе паказьнікі «пахвальнымі».
«Нацыянальны банк праводзіць узважаную палітыку адносна інфляцыі», — мяркуе віцэ-прэзыдэнт ЭБРР.
Пры гэтым Алан Пію назваў і хібы беларускай мадэлі.
«Дзяржаўны сэктар яшчэ вымывае грошы зь бюджэту, стан золатавалютных рэзэрваў трэба палепшыць, але збольшага ўмовы дастатковыя для таго, каб прыцягваць інвэстараў».
ЭБРР «будзе рады» паспрыяць зьяўленьню большай колькасьці інвэстараў з Кітаю, у тым ліку тых, хто мае намер працаваць у эканамічнай зоне «Вялікі камень» пад Менскам.
Ці паўплываюць санкцыі супроць Расеі на Беларусь?
Журналісты спыталі ў Алана Пію: які ўплыў на эканоміку Беларусі могуць аказаць санкцыі Захаду супроць Расеі, эканоміка якой цесна зьвязаная з эканомікай Беларусі? Банкір з ЭБРР падкрэсьліў важнасьць дывэрсыфікацыі эканамічных сувязяў для Беларусі.
«Ніхто не адмаўляе вялікага ўплыву расейскай эканомікі на беларускую. Беларусь шмат экспартуе сваіх тавараў у Расею, і калі там пагаршаецца эканамічная сытуацыя, гэта адбіваецца і на вашай эканоміцы. Таму галоўным фактарам павінна стаць дывэрсыфікацыя эканомікі з прыцэлам на эўрапейскія эканомікі — Польшчу, Нямеччыну ды іншыя, а таксама на краіны з усходу», — сказаў віцэ-прэзыдэнт ЭБРР, прызнаўшы, што гэта «заўсёды няпроста».