Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычын, чаму Эўрапейскі банк пашырае супрацоўніцтва зь Беларусьсю


Сума Чакрабарці (у цэнтры), прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, у Менску. Менск, 13 верасьня 2017 году
Сума Чакрабарці (у цэнтры), прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, у Менску. Менск, 13 верасьня 2017 году

Сума Чакрабарці, прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, прыехаўшы ў Беларусь, патлумачыў журналістам, чаму цяпер банк будзе дапамагаць ня толькі прыватным беларускім бізнэсоўцам, але і дзяржаўным прадпрыемствам.

Паводле прэзыдэнта ЭБРР, з 1992 году, калі банк пачаў супрацоўнічаць зь Беларусьсю, краіна атрымала ад банку 1,9 мільярда даляраў крэдытаў. Праўда, у сярэдзіне 2010-х гадоў аб’ёмы супрацоўніцтва з прычыны падзеяў вакол Украіны запаволіліся, але за апошні год быў дасягнуты значны прагрэс.

Плянуецца, што ў 2017 годзе банк дадаткова ўкладзе ў Беларусь каля 200 мільёнаў даляраў. Паляпшэньню адносін, паводле спадара Чакрабарці, спрыялі наступныя чыньнікі:

  1. Беларусь стала плятформай для спробаў урэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне і пасьпяхова выконвае сваю ролю.
  2. Увогуле Беларусь усё часьцей фігуруе як месца, дзе кіраўнікі і прадстаўнікі эўрапейскіх краін могуць сабрацца і абмеркаваць актуальныя праблемы. Прыклады — правядзеньне ў Менску на пачатку лета канфэрэнцыі прадстаўнікоў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы і правядзеньне ў чэрвені сэсіі АБСЭ ў сталіцы Беларусі.
  3. Усясьветны банк паступова падвышае рэйтынг Беларусі як краіны, у якой пасьпяхова праводзяцца эканамічныя рэформы. Беларусь набліжаецца да 30 краінаў, дзе дасягнутыя добрыя вынікі ў разьвіцьці бізнэсу. У апошні год эканоміка Беларусі пераадолела крызіс, назіраюцца прыкметы значнага аздараўленьня.
  4. Беларусь становіцца ўсё больш адкрытай краінай. «Я ляцеў сюды ў самалёце, дзе не было вольных месцаў. Два гады таму ўсё было зусім інакш», — сказаў прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Паводле прэзыдэнта ЭБРР, адкрытасьць краіны значна спрыяе інвэстыцыям.
  5. Нарэшце, паводле кіраўніцтва ЭБРР, разьвіцьцю супрацоўніцтва банку з урадам Беларусі дало штуршок тое, што ў апошнія гады ў Беларусі назіраўся «пэўны палітычны прагрэс, у тым ліку ў галіне правоў чалавека».

«А калі далей сытуацыя зноў пагоршыцца, гэта азначае, што ЭБРР спыніць супрацоўніцтва з урадам Беларусі?» — спыталі журналісты.

Сума Чакрабарці адказаў:

«Так, у шэрагу краін заўсёды ёсьць магчымасьць вяртаньня да былых нэгатыўных часоў, але пакуль я ня бачу падстаў да гэтага ў Беларусі. Звычайна, калі нас нешта не задавальняе, мы проста прапануем меншы аб’ем інвэстыцый».

Паводле мэмарандуму, падпісанага ЭБРР з урадам Беларусі 13 верасьня, банк выдзеліць крэдыт у 6 мільёнаў даляраў на дапамогу малому і сярэдняму бізнэсу ў рэгіёнах. У тым ліку падтрымкай змогуць скарыстацца дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі, што будзе спрыяць іх далейшай прыватызацыі, мяркуюць у ЭБРР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG