Што азначае заява папы Францішка пра «ўжо ня дзейны сьцяг ўніятызму, які вычарпаў сябе», зробленая падчас сустрэчы з дэлегацыяй Расейскай праваслаўнай царквы?
Пракамэнтаваць заяву рымскага пантыфіка мы папрасілі кіраўніка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, экспэрта ў рэлігійных пытаньнях Пётру Рудкоўскага. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.
— Існуе ўніяцтва — грэка-католікі, іх нямала ва Ўкраіне, яны ёсьць і ў Беларусі. Гэтыя грамады, гэтыя вернікі — яна таксама «вычарпалі сябе»? Іх мяркуецца далучыць у склад рыма-каталікоў?
— Трэба адрозьніваць дзьве вэрсіі ўніятызму. Адна — гэта ідэя паяднаньня хрысьціянаў, паяднаньня католікаў і праваслаўных. Гэтая ідэя ўніятызму актуальная цяпер, як ніколі, асабліва для Папы Францішка, але і для яго папярэднікаў. Другая ідэя ўніятызму — гэта канкрэтная канфэсія, пэўная царкоўна-адміністрацыйная адзінка ў выглядзе грэка-каталіцкіх альбо ўніяцкіх цэркваў.
Вось гэтая ідэя уніятызму стала праблемай ужо падчас Другога Ватыканскага сабору.
Гэтае пытаньне працяглы час абмяркоўвалася ў багаслоўскіх колах, часам гэта гучала з вуснаў высокапастаўленых гіерархаў. У часы Яна Паўла ІІ была падтрымка ўніяцтва, гэтай другой вэрсіі ўніятызму. Аднак праблема, што рабіць з гэтай другой вэрсіяй уніятызму, асабліва драматычна яна гучыць з вуснаў пантыфіка Францішка.
— А што гэта азначае ў арганізацыйным пляне? Ці азначае гэта, што ўніяцкія грамады будуць далучаныя да рыма-каталіцкіх?
— Ня варта чакаць ніякіх такіх практычных наступстваў. Гэта проста сымптом таго, што ўніяцтва — праблемная катэгорыя для рыма-каталіцкай царквы. Адносна ўніяцтва ў Касьцёле адбываюцца ваганьні.
Пару месяцаў таму папа Францішак наведаў адну грэка-каталіцкую парафію ў Рыме, там было вельмі цёплае спатканьне. Напрыканцы мінулага году прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў наведаў Украіну і падчас гэтага візыту таксама былі вельмі цёплыя сустрэчы прэфэкта з грэка-католікамі. Ніякіх рэформаў адносна ўніяцтва ў найбліжэйшы час не адбудзецца. Чыста практычна немагчыма ажыцьцявіць нейкае далучэньне ці перафарматаваньне ўніяцтва.
— Адна з прэтэнзіяў РПЦ да Касьцёлу — гэта так званы празэлітызм. Паводле РПЦ рыма-каталікі і ўніяты пераманьваюць вернікаў. Гэта рускую праваслаўную царкву заўсёды турбавала. Ці азначаюць заявы Папы Францішка, што Касьцёл абяцае гэтага не рабіць?
— Тэма празэлітызму сапраўды часта ўзьнімаецца праваслаўнымі. Тут праблема ў тэрміне і яго ўжываньні, пры жаданьні празэлітызмам можна назваць што заўгодна. Калі, напрыклад, праваслаўны пачынае цікавіцца рыма-каталіцкай канфэсіяй нават без накіданьня з боку рыма-католікаў, то гэта пры жаданьні таксама можна расцаніць як празэлітызм.
І я ня думаю, што заява папы ёсьць запэўніваньне, што Касьцёл ня будзе займацца празэлітызмам. Папа — надта вялікая фігура, каб займацца такой таннай рыторыкай. Заява азначае, што перад каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі стаяць вельмі сурʼёзныя выклікі ў сьвеце і важна дзейнічаць заадно.