Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк рэкамэндуе ўраду Беларусі разьвіваць прыватны сэктар


Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр
Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр

Добрыя і ня вельмі добрыя навіны пра беларускую эканоміку ад кіраўніка прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекса Крэмэра.

Малаэфэктыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі паглынаюць вялікую долю нацыянальных інвэстыцый, трэба разьвіваць прыватны сэктар, — сказаў у інтэрвію Свабодзе кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.

Паводле агляду Ўсясьветнага банку па Беларусі, на пачатку 2018 году тэмпы аднаўленьня беларускай эканомікі паскорыліся.

Усясьветны банк прагназуе рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2018 годзе на 2,9% з паступовым зьмяншэньнем да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% у 2020 годзе, гаворыцца ў эканамічным аглядзе, які прадставілі журналістам 19 красавіка.

Добрыя навіны і ня надта добрыя

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр апавёў пра добрыя і ня вельмі добрыя навіны для беларускай эканомікі.

«Добрая навіна заключаецца ў тым, што пасьля двух гадоў складанай рэцэсіі беларуская эканоміка пачынае аднаўляцца дзякуючы зьменлівым зьнешнім умовам, якія для Беларусі спрыяльныя.

Неабходна стварыць умовы для таго, каб інвэстыцыі ўкладаліся ў прыватны сэктар эканомікі

Ня вельмі добрыя навіны заключаюцца ў тым, што цягам шэрагу гадоў Беларусь набірала свой зьнешні доўг, і адзіны спосаб, які дазваляе з гэтым доўгам справіцца, — павышаць прадукцыйнасьць працы і нарошчваць экспарт.

Неабходна стварыць умовы для таго, каб інвэстыцыі ўкладаліся ў прыватны сэктар эканомікі, у сэктар, у якім прадукцыйнасьць працы ў 5 разоў вышэйшая, чым у сэктары дзяржаўных прадпрыемстваў», — сказаў Крэмэр.

Пра працу з прыватным сэктарам

На пытаньне Свабоды, якія першачарговыя рэформы Ўсясьветны банк прапануе Беларусі і наколькі гатовы ўрад краіны пайсьці на такія рэформы, спадар Крэмэр адказаў:

«Дзяржаўным прадпрыемствам неабходна перастаць паглынаць вялікую долю нацыянальных інвэстыцый і ашчаджэньняў. І ім неабходна павышаць прадукцыйнасьць працы.

Дзяржаўным прадпрыемствам неабходна перастаць паглынаць вялікую долю нацыянальных інвэстыцый і ашчаджэньняў

Мы, вядома ж, чакаем, да чаго прывядуць тыя рэформы, якія адбыліся ў заканадаўстве, нарматыўна-прававой сфэры ў Беларусі ў лістападзе 2017 году. Аднак, акрамя прыняцьця заканадаўчых актаў, таксама неабходна зьвярнуць увагу на тое, як дзяржаўныя службоўцы і суды будуць справядліва выбудоўваць узаемадзеяньне з прыватным сэктарам эканомікі.

Мы таксама зьвяртаем увагу на тое, як ідзе праца па праблемных крэдытах у банкаўскай сыстэме, паколькі значная доля зь іх прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы. І мы мяркуем, што тыя сродкі, якія будуць вызваляцца ад выплаты праблемных крэдытаў, змогуць накіроўвацца ў прыватны сэктар эканомікі, крэдытаваць яго».

Кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку асаблівую ўвагу зьвярнуў на тое, што эканамічныя зьмены могуць стварыць праблемы для пэўных катэгорый насельніцтва. Але, на яго думку, гэтыя складанасьці будуць мець часовы характар.

«Аднак надзвычай важна, каб існавалі мэханізмы сацыяльнай абароны, каб дапамагаць людзям, якія могуць аказацца ў нядолі з прычыны зьменаў сытуацыі», — сказаў Крэмэр.

Пра рэакцыю беларускіх чыноўнікаў

На пытаньне, як часта кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку кантактуе з чальцамі беларускага ўраду і ці прыслухоўваюцца чыноўнікі да рэкамэндацый уплывовых міжнародных структур, кшталту Ўсясьветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду, спадар Крэмэр адказаў, што Беларусь — сувэрэнная дзяржава, таму рашэньні прымаюцца беларускім урадам: што рабіць, зь якой хуткасьцю ажыцьцяўляць тыя ці іншыя зьмяненьні.

«Мы лічым, што ў нас зь беларускімі органамі кіраваньня наладжаны вельмі добры дыялёг. Яны разумеюць нашы парады, якія мы ім даём. Мы разумеем, у якой складанай сытуацыі ім даводзіцца дзейнічаць. І наша праца заключаецца ў тым, каб даваць аналіз стану эканомікі, іх праца — каб прымаць рашэньні з улікам палітычнай і сацыяльнай сытуацыі».

У Беларусі вызначылі, куды накіраваць заробленыя на суботніку грошы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG