Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: рост беларускай эканомікі будзе сьціплы, але пазытыў ёсьць


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

У бліжэйшыя два гады тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць даволі сьціплыя — каля 2%. Рост ВУП у 2017 годзе складзе 1,8%, у 2018–2019 гадах — 2,1 і 2,4% адпаведна. Такія прагнозы зрабілі экспэрты Ўсясьветнага банку ў сваім штогадовым эканамічным аглядзе.

«Захаваньне даволі нізкіх тэмпаў эканамічнага росту зьвязанае са структурнымі недахопамі, якія стрымліваюць патэнцыял росту Беларусі і пагаршаюць стан унутранага попыту», — робяць выснову экспэрты.

Такім чынам, Беларусь застаецца ў зоне нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Але гэта не прысуд. Ёсьць рашэньні, канкрэтныя крокі, якія дазволяць Беларусі вярнуцца да вышэйшых тэмпаў росту, лічыць новы кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Аляксандар Крэмэр.

Аляксандар Крэмэр (Alexander Kremer)
Аляксандар Крэмэр (Alexander Kremer)

«Першая ўмова — гэта паляпшэньне ўмоваў для прыватнага прадпрымальніцтва. Другая — вырашэньне праблемы неэфэктыўных дзяржаўных прадпрыемстваў (у такіх сфэрах, як канкурэнтаздольнасьць, карпаратыўнае кіраваньне, закупы, прадстаўленьне крэдытных рэсурсаў. Трэцяя — укараненьне тэхнічных і арганізацыйных інавацый», — перакананы Аляксандар Крэмэр.

Складанай застаецца сытуацыя ў дзяржсэктары

Гэта адзін з фактараў, які будзе нэгатыўна ўплываць на рынак працы і патэнцыял росту эканомікі.

«Няпросты фінансавы стан і высокая закрэдытаванасьць прадпрыемстваў прывядуць да зьніжэньня здольнасьці кампаній, асабліва ў дзяржаўным сэктары, павышаць узроўні занятасьці», — лічаць эканамісты Ўсясьветнага банку.

Да таго ж працоўная міграцыя ў суседнія краіны можа прывесьці да скарачэньня колькасьці працоўнай сілы і стварыць дадатковы ціск на фонды сацыяльнай абароны і бюджэту.

Неабходна павышаць эфэктыўнасьць дзейнасьці дзяржпрадпрыемстваў. Нават у даволі пасьпяховых заводаў ёсьць недахопы ў пляне продажу, выхаду на новыя рынкі, узаемадзеяньня з замежнымі партнэрамі.

«Каб ажывіць эканамічны рост, неабходна павышаць прадукцыйнасьць працы. Калі Беларусь хоча павысіць узровень жыцьця — павінен быць рост прадукцыйнасьці працы. Простае павышэньне заробкаў, якое перавышае рост прадукцыйнасьці працы — нестабільнае», — выказаў меркаваньне Карліс Шмітс, старшы эканаміст Усясьветнага банку, які адказвае за Беларусь.

Карліс Шмітс (Kārlis Šmits)
Карліс Шмітс (Kārlis Šmits)

На думку кіраўніка прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Аляксандра Крэмэра, у справе павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі ёсьць два шляхі: прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і стварэньне аднолькавых умоваў для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Рынак працы: дысбалянс паміж стабільна нізкім узроўнем беспрацоўя і дэкляраваным ростам занятасьці

Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў Цэнтар занятасьці Гомлю. 2015 год
Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў Цэнтар занятасьці Гомлю. 2015 год

​Усясьветны банк не праводзіў дэталёвай ацэнкі рынку працы. Для сваіх справаздач, экспэртных ацэнак эканамісты карыстаюцца афіцыйнымі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

«Але мы бачым сыгналы, што сытуацыя на рынку працы складаная: афіцыйны ўзровень беспрацоўя не павышаецца, хоць узровень занятасьці, паводле Белстату, расьце. Гэта азначае, што дадзеныя не зусім карэктныя», — кажа эканаміст Кірыл Гайдук.

Рэкамэндацыі Ўсясьветнага банку — павялічыць долю прыватнага сэктару, што прывядзе да павышэньня занятасьці насельніцтва. Трэба глядзець не на працэнт беспрацоўя, а на тое, якая колькасьць насельніцтва занятая ў вытворчасьці.

Рызыкі пагаршэньня каньюнктуры

Экспэрты Ўсясьветнага банку адзначаюць некалькі асноўных рызыкаў, зьвязаных са зьнешнімі фактарамі:

  • Вялікі зьнешні доўг — а каб яго пагасіць, патрэбна дарагое рэфінансаваньне. «Нягледзячы на тое, што першасны дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый скараціўся, вялікія патрэбы ў зьнешнім фінансаваньні (чакаецца, што выплаты, зьвязаныя са зьнешнім дзяржаўным доўгам, у 2018 годзе складуць 3,1 мільярда даляраў) па-ранейшаму ствараюць рызыку пашырэньня зьнешніх дысбалянсаў», — лічаць эканамісты Ўсясьветнага банку. Нафтагазавыя дамоўленасьці, заключаныя ў 2017 годзе, выпуск эўрааблігацый часова зьнізілі ціск на плацёжны балянс, але патрабуецца больш устойлівае рашэньне праблемы зьнешняга фінансаваньня.
  • Беларусь адчувальная да валятыльнасьці паставак сырой нафты з Расеі і ваганьня ўсясьветных цэнаў на сыравіну. Зьмяненьні ў любым з гэтых аспэктаў могуць стварыць складанасьці з атрыманьнем дадатковых валютных паступленьняў, неабходных для абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу.
  • Павышаныя рызыкі далярызацыі ў эканоміцы: 63% дэпазытаў народ трымае ў замежнай валюце

Станоўчыя фактары, якія адзначыў Усясьветны банк

  • ​Рэальная заработная плата сёлета вырасла на 3,8%
  • Беларусь дасягнула самага нізкага ўзроўню інфляцыі за апошнія гады: 5,3% у кастрычніку
  • Зьнізіўся і стабілізаваўся ўзровень крэдытаў, якія не працуюць
  • Станоўчы рост золатавалютных рэзэрваў.

У сакавіку будзе разгледжана новая стратэгія ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю

У сакавіку 2018 году Рада дырэктараў Усясьветнага банку разгледзіць новую краінавую стратэгію па ўзаемадзеяньні зь Беларусьсю да чэрвеня 2020 году, сказаў Аляксандар Крэмэр.

Акцэнт будзе зроблены на трох кірунках. Першы — дапамога Ўсясьветнага банку ў пытаньнях павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі за кошт разьвіцьця прыватнага сэктару і павелічэньня прадукцыйнасьці сэктару дзяржпрадпрыемстваў.

Таксама Ўсясьветны банк будзе разьвіваць супрацоўніцтва зь беларускімі ўнівэрсытэтамі, дапамагаць у павышэньні кваліфікацыі.

Трэці накірунак — падтрымка інфраструктурных праектаў, інвэстыцыі ў сэктар цэнтралізаванага ацяпленьня і водазабесьпячэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG