Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цябе ўсё задавальняе? Валі адсюль!» У Менску адбыўся вялікі сход маршрутачнікаў. ФОТА


Падчас сходу маршрутчыкаў
Падчас сходу маршрутчыкаў

У Менску ў Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага 29 сакавіка адбыўся сход уладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак «нерэгулярных зносін». Яны стварылі працоўную групу, якая павінна прадставіць ва ўрад прапановы вырашэньня пытаньняў «нерэгулярных» перавозак.

На сход сабраліся больш за 50 прадстаўнікоў індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых дыспэтчарскіх службаў. Пачаўся ён з таго, што прысутныя выдалілі з залі прадстаўніка рэгулярных перавозьнікаў.

«Ты на апошнім сходзе сказаў, што цябе ўсё задавальняе. Чаго ты прыйшоў? Валі адсюль!»

Адзін зь перавозьнікаў патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што калі нерэгулярныя перавозьнікі ў Салігорску і Слуцк прыпынілі працу, рэгулярныя «як штрэйкбрэхеры туды паставілі свае машыны».

«Яны нам прапануюць пайсьці ў расклад. Дык нам жа месца ўсім ня хопіць. Мы сваіх жа людзей, зь якімі шмат гадоў прапрацавалі, павінны выкінуць?! Мы на гэта ня пойдзем. Нам трэба захаваць свой калектыў. І навошта яны прыйшлі? Сапраўдныя мужыкі так не паступаюць. Гэта непрыгожа і непрыстойна».

«Было ясна, што існуе праблема»

Дырэктарка саюзу Жанна Тарасевіч сказала, што сытуацыя зь міжгароднімі маршруткамі разглядалася на пасяджэньні Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва.

Жанна Тарасевіч
Жанна Тарасевіч

«Было ясна, што існуе праблема. Я праявіла ініцыятыву разгледзець гэта пытаньне пад крылом нашага саюзу, — сказала Тарасевіч. — Па даручэньні рады вырашана стварыць працоўную групу, у якую павінны ўвайсьці прадстаўнікі нерэгулярных і рэгулярных перавозьнікаў, Міністэрства транспарту і камунікацый.

Да 23 красавіка мы павінны падрыхтаваць прапановы з выяўленьнем праблемаў і магчымымі варыянтамі іх рашэньня. Другім пытаньнем было стварыць Асацыяцыю для далейшага дыялёгу зь дзяржавай і цывілізаванага вырашэньня пытаньняў».

Паводле Жанны Тарасевіч, прыпыніць дзеяньне закону немагчыма. Але можна зьмяняць розныя падзаконныя акты, ініцыяваць зьмены.

«Нам трэба вызначыць вашу бяду. Зь якімі праблемамі вы прыйшлі?»

Удзельнікі сходу сказалі, што яны сабраліся, каб вырашыць пытаньні міжгародніх маршрутак нерэгулярных зносін, і распавялі, што ім перашкаджае працаваць.

Пасьля сходу карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь некаторымі яго ўдзельнікамі.

«Вельмі шмат пасярэднікаў і лішніх затрат»

Аляксандар Матавыцкі са Слуцку патлумачыў, чаму нерэгулярныя перавозьнікі ня хочуць пераходзіць у рэгулярныя: «Вельмі шмат пасярэднікаў і лішніх выдаткаў, вось і ўсё».

«Уведзены мараторый да 25 красавіка»

Ігар Палевіч, прадстаўнік прадпрыемства «Транспарт для вас», спадзяецца, што ўлады прымуць нейкае рашэньне «на карысьць нашых пасажыраў, каб мы іх маглі абслугоўваць як і раней, да 26 лютага».

— У якім стане цяпер сытуацыя зь нерэгулярнымі перавозьнікамі?

— Усё яшчэ ў падвешаным стане, бо яшчэ ня выпрацаваныя мэханізмы далейшай працы перавозьнікаў. Таму цяпер устаноўлены мараторый да 25 красавіка. І ўсе стараюцца выйсьці з сытуацыі, якая склалася, каб ня кінуць сваіх пасажыраў. Усё роўна будзе вызначэньне пазыцыі паміж уладамі і перавозьнікамі.

Падчас сходу нерэгулярных перавозчыкаў
Падчас сходу нерэгулярных перавозчыкаў

— Нерэгулярныя перавозьнікі так і ня хочуць ісьці ў рэгулярныя?

— Уся бяда ў тым, што аўтавакзалы і аўтобусныя паркі сёньня банкруты, і неяк падняць іх з каленяў яны вырашылі нашымі сіламі, праз прыватнікаў. Яны ня думаюць пра тое, што пасажыры, якія прывыклі да камфорту, ня змогуць ужо карыстацца паслугамі дзяржаўнага транспарту. Тое, што было пры Савецкім Саюзе, ужо нельга вярнуць. Зараз прыватнік можа прапанаваць камфортныя ўмовы для пасажыраў.

Падчас сходу
Падчас сходу

— То бок нерэгулярныя перавозьнікі цяпер працягваюць працаваць?

— Уведзены мараторый, таму ўсе як бы працуюць. Але сёньня ўжо быў інцыдэнт, калі пачаліся праверкі транспартнай інспэкцыі. Калі ня будзе вынесена нейкае рашэньне на нашу карысьць, то маршруткі спыняцца. І спыняцца надоўга.

— Што вы хочаце вырашыць?

— Пакуль створана працоўная група, якая будзе ўносіць прапановы Міністэрству транспарту і ў адмысловую камісію. І ад гэтага ўжо будуць адштурхоўвацца, як працаваць далей. Прапановаў многа, але будзе распрацавана нешта адзінае.

«Рэгулярныя перавозкі прывялі да банкруцтва»

Аляксандар Якімовіч з Салігорску, перавозьнік з 20-гадовым стажам.

— Я супраць новай рэформы. Я быў у рэгулярных перавозках цягам шасьці гадоў, і гэта да дабра не прывяло, а прывяло да банкруцтва. На сёньня гэта стратны від транспарту. Паркі — гэта страты. Мы працуем больш за 10 гадоў, і нам далі пад зад. Нас выкінулі з рынку.

Аляксандар Якімовіч
Аляксандар Якімовіч

— Нерэгулярныя ня хочуць пераходзіць у рэгулярныя. Чаму?

— Бо мы ня зможам стварыць такі сэрвіс — «рэгулярныя перавозкі». У рэгулярных міжгародніх перавозках усталяваны такі парадак, што павінна быць ня больш за пяць прыпынкаў. А мы зьбіраем па горадзе па ўсіх прыпынках, дзе ёсьць людзі. Таму калі мы, напрыклад, гэта парушым, то нас будуць караць штрафам. У рэгулярных трэба заплаціць за картку, за відэаназіраньне, заезд на вакзалы — і ў выніку мы нічога не заробім.

Мой знаёмы, які паехаў у рэгулярцы, распавёў: у яго 12 рублёў у дзень выдаткі за два рэйсы: два штампы прыбыцьця-ўбыцьця ў пуцёўцы ў Салігорску па тры рублі, два ў Менску — па 2 рублі, плюс доктар-мэханік 2 рублі. Плюс, як апэратар просіць, картка 90 рублёў у месяц і навігацыя — 60 рублёў у месяц. А што нам застаецца? Білет будзе ня 8 рублёў, а мінімум 12.

Мы ня проста так спыніліся, у нас усё забралі. Наогул гэта брыдкае стаўленьне да ўсяго, да людзей, калі 80–90% людзей усё задавальняе. Мы наладзілі працу, мы плацім падаткі, маем страхоўкі. Навошта гэта разбураць?

Выйсьце простае — дазволіць нам працаваць у ранейшым рэжыме

— Як выйсьці з гэтай сытуацыі, як сябе абараніць?

— Ня ведаю, усё залежыць ад улады. Мы што маглі, тое зрабілі. Мы сабралі па ўсёй Беларусі 81 тысячу подпісаў, напісалі ліст прэзыдэнту, аднесьлі 12 сакавіка подпісы ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Я лічу, што выйсьце вельмі простае — дазволіць нам працаваць у ранейшым рэжыме і біць касавыя чэкі. Я ня бачу ніякай праблемы. Нам паабяцалі, што адказ нам дадуць.

— Як цяпер працуюць нерэгулярныя перавозьнікі?

— Сёньня мы працуем невядома як. Мы жывём дзе? У «краіне саветаў». Цяпер камандзіровачных ня возім. Мы афармляем дамову фрахтаваньня, замову-нарад і б’ём адзін білет на ўсіх пасажыраў. Кожнаму я ня маю права білет даць. Гэта глупства. Хоць падатковая кажа: «Біце білеты, нікога ня слухайце». У законе напісана, што трэба біць адным білетам, альбо пасажыры павінны пакласьці мне на рахунак грошы, і потым я іх мушу везьці.

Яны адным махам зламалі ўсё

— Чаму такую сытуацыю стварылі ўлады?

— Гэта бандыты ва ўладзе. Гэта проста правакацыя супраць людзей. Колькі было абурэньня ў людзей! Паркі сёньня не гатовыя ехаць. Мы здымалі адпраўленьне аўтобусаў — лысая гума, бітае шкло, холадна. У іх няма такой магчымасьці.

А прыватны бізнэс паказаў, што ён можа працаваць і аказаць прыстойную паслугу. А яны адным махам зламалі ўсё. Я адпрацаваў 18 гадоў у шахце. І тут я адпрацаваў 20 гадоў. І 26 лютага яны далі мне высьпятка, атрымліваецца. Я застаўся бяз працы. А ў нас ёсьць сем’і, дзе па трое дзетак — і як ім жыць?І Крэдыты на кватэру, у некаторых і на машыну. Сёньня разьвівацца немагчыма, бо заўтрашняга дня няма.

Падчас сходу маршрутчыкаў нерэгулярнага злучэньня ў Менску
Падчас сходу маршрутчыкаў нерэгулярнага злучэньня ў Менску

Мінтранс: «Рынак ажывае»

15 сакавіка начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна сказаў, што міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю працу.

«Рынак ажывае, цяпер заключана 25 дамоваў зь перавозьнікамі, якія раней працавалі як „нерэгуляршчыкі“. Згодна з гэтымі дамовамі 135 машын змогуць працаваць на маршрутах: хтосьці зь іх ужо ажыцьцяўляе перавозкі, хтосьці пачне бліжэйшым часам», — сказаў Сяргей Дубіна.

«Улады пайшлі на некаторыя саступкі». Чаму аднаўляюць працу міжгароднія маршруткі

Сутнасьць праблемы

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.

Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозьнікамі.

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Цяпер перавозьнікі мусяць:

  • заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ў вызначаных месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках; распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце; плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозьнікам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.

Аўтары пэтыцый: Мінтранс манапалізуе пасажырскія перавозкі

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 10 700 наведнікаў.

Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі амаль 1800 карыстальнікаў інтэрнэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG