Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае абрынуць беларускую «малочку» праз 5–7 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прывід страты расейскага рынку здольны кінуць у халодны пот увесь беларускі ўрад.

Здавалася б, чарговая беларуска-расейская «малочная вайна», якая грымела ў лютым-сакавіку, пасьпяхова завяршылася, урады дамовіліся, знайшлі кампраміс, пагроза забароны на экспарт беларускай малочнай сыравіны ў РФ зьнікла.

Аднак, мяркуючы па ўсім, на даляглядзе зьявіліся новыя чорныя хмары, якія пагражаюць абрынуцца на беларускі АПК вялікай навальніцай. Варта зьвярнуць увагу, што Аляксандар Лукашэнка 30 сакавіка падчас паездкі ў Дзяржынскі раён з абурэньнем канстатаваў:

«Што тычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расея нас не разумее і разумець ня хоча, ну што ж, сустрэнемся з прэзыдэнтам пасьля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытаньні. Трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасьце ў іншым месцы... Таму будзем вызначацца гэтым годам. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім?»

Яшчэ раней беларускі лідэр назваў інтэграцыю на постсавецкай прасторы «таёжным саюзам» і, рэагуючы на забарону паставак у Расею малочнай прадукцыі, пагражаў: «Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта ня будзем».

Сапраўды, тая дамова ад 14 сакавіка наконт працэдуры зьняцьця абмежаваньняў на пастаўкі ў Расею беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі на 2018 год прадугледжвала ўзгадненьне «балянсаў на сухое малако». То бок былі вызначаны дакладныя аб’ёмы сухога малака, якія можа ўвезьці Беларусь. І ня больш. Інакш кажучы, Менск прымусілі пайсьці на самаабмежаваньне паставак малочнай сыравіны.

І вось 5 красавіка міністар сельскай гаспадаркі РФ Аляксандар Ткачоў у інтэрвію «РИА Новости» раптам заявіў:

Аляксандар Ткачоў
Аляксандар Ткачоў

«Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур’ёзныя намеры напаіць расейцаў айчынным малаком. Мы плянуем у бліжэйшыя 5–7 гадоў закрыць гэтае пытаньне».

Для беларускага кіраўніцтва гэта прагучала як гром сярод яснага неба. Але нечага падобнага варта было чакаць. Справа ў тым, што аграпрамысловы сэктар Расеі хутка разьвіваецца. Праз эмбарга на пастаўкі харчовых тавараў з ЭЗ расейскія вытворцы пазбыліся моцных канкурэнтаў. Там зьявіліся вялікія нішы. У АПК пайшоў бізнэс, значныя грошы. І сапраўды, праз 5–7 гадоў РФ можа абысьціся бязь імпарту малочных і мясных вырабаў.

Тут можна было б разважаць пра тое, што існаваньне ЭАЭС прадугледжвае свабодную канкурэнцыю вытворцаў краін-чальцоў гэтага саюзу без аніякага адміністратыўнага абмежаваньня. Але міністар Ткачоў у тым жа інтэрвію абвінаваціў Беларусь у нядобрасумленнай канкурэнцыі, заявіў, што «беларускія пастаўшчыкі сухога абястлушчанага малака адкрыта дэмпінгуюць пры пастаўках на расейскі рынак».

Магчыма, часткова гэта сапраўды так, бо некаторыя беларускія прадукты ў Расеі каштуюць таньней, чым у Беларусі. І тут ужо ўплывае розьніца эканамічных мадэляў. У Расеі ўвесь АПК — гэта прыватны сэктар, там рэй вядзе бізнэс. У Беларусі толькі ў перапрацоўцы сельгаспрадукцыі вялікая доля прыватнага капіталу, а сама сельская гаспадарка амаль спрэс дзяржаўная. А значыць, і менш эфэктыўная. Таму страты даводзіцца кампэнсаваць зь бюджэту.

Для Беларусі гэта стварае даволі змрочную пэрспэктыву. Валютная выручка ад экспарту прадуктаў харчаваньня за 2017 год склала каля 5 млрд даляраў. Гэта 16,6% ад усяго экспарту. Што ўсяго трохі менш, чым пастаўкі за мяжу машын і абсталяваньня (18,1%).

Праблема ў тым, што больш за 90% экспарту Беларусі прыпадае на расейскі рынак. Усе спробы дывэрсыфікацыі пакуль малапасьпяховыя. Размовы пра пастаўкі беларускага харчаваньня ў Кітай ці іншыя краіны — пакуль больш піяр, чым хроніка гаспадарчага жыцьця. Бо памеры такіх паставак мізэрныя.

Вялізны расейскі рынак — гэта адзін з найважнейшых чыньнікаў, які прымушае афіцыйны Менск да інтэграцыі з Расеяй. Калі ён скурчыцца, то пад пагрозай паўнавартаснае існаваньне ня толькі цэлай галіны беларускай эканомікі — АПК, але і сам канцэпт беларуска-расейскай інтэграцыі. Як казаў Лукашэнка, у такім разе давядзецца шукаць свайго шчасьця ў іншым месцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

«У беларусаў заўважны трэнд на ізаляцыянізм». Якімі будуць адносіны Менску і Масквы пасьля выбараў у Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG