Прадпрымальнік Ігар Андрушка стварае ў Лідзкім раёне першую ў краіне фэрму маралаў. Алені з Сыбіры каштоўныя сваімі пантамі (неарагавелымі рагамі) і крывёю, якія выкарыстоўваюць для патэнцыі, умацаваньня імунітэту, амаладжэньня арганізму. Каб закласьці маральнік, патрэбны мільён даляраў. Інвэстыцыі акупяцца меркавана праз 5-10 гадоў.
Фэрму ствараюць у вёсцы на 15 чалавек
Трапіць на адзіную ў Беларусі фэрму па гадоўлі сыбірскіх аленяў, або маралаў, няпроста. Трэба каля Ліды зьвярнуць з трасы М6 і паўгадзіны ехаць па размытых палявых дарогах празь некалькі вёсак. Пакуль навігатар не прывядзе да паказальніка на Лесьнікі.
Аўтобус заходзіць сюды толькі ў пятніцу і ў нядзелю — ранкам і ўвечары. Калісьці вёска налічвала 148 хат і звыш 500 жыхароў. У вайну яе спалілі немцы. Цяпер лесьнікоўцаў усяго 15, пераважна старых.
Аднак нядаўна Лесьнікі пачалі ажываць. Летась сюды завезьлі тры сотні аленяў з Алтаю. Праз 5-10 гадоў вёска, мажліва, стане турыстычным цэнтрам, дзе можна будзе прыняць пантавую ванну (працэдура ў альтэрнатыўнай мэдыцыне з ужываньнем сьвежага воднага экстракту з вывараных рагоў марала), выпіць сыроп з крывёю аленяў і пачаставацца вяленай аленінай уласнага вырабу.
Разводзяць ня дзеля рагоў або мяса
Вёскай, дзе жылі дзед і баба, заняўся бізнэсовец зь Ліды Ігар Андрушка. Яму 46 гадоў. Родам зь Ліды. Па адукацыі трэнэр у лёгкай атлетыцы. Пасьля ўнівэрсытэту зьехаў на заробкі ў Расею на 14 гадоў. Калі вярнуўся на радзіму, стварыў у Лідзе завод мэталяапрацоўкі. А пасьля задумаў з кампаньёнам Сяргеем Рындзіным унікальны праект.
«Мы паляўнічыя. Нам расказалі, што ў Эўропе разьвіваецца аленегадоўля. Спачатку хацелі ўвезьці эўрапейскага аленя, а пасьля спыніліся на маралах, бо такога ў нас яшчэ не было», — расказвае Ігар Андрушка.
Эўрапейскіх аленяў у Беларусі каля 12-13 тысяч. Жывуць у дзікай прыродзе. Каштоўныя сваімі рагамі. Іх разводзяць пераважна дзеля паляваньня.
У адрозьненьне ад іх, маралы не ўласьцівы для Беларусі падвід. Іх тут нельга выпускаць у прыроду, бо ад зьмешваньня атрымаюцца горшыя па якасьцях гібрыды. Маралы ў два разы буйнейшыя за эўрапейскіх аленяў, аднак іхныя рогі ня так высока цэняцца. Мяса таксама не на першым месцы. Галоўная каштоўнасьць гэтых высакародных аленяў — панты, або неарагавелыя рогі, напоўненыя крывёю і пакрытыя тонкай аксамітнай скурай.
Уплываюць на патэнцыю, нэрвы, сэрца
«Панты і кроў найбольш выкарыстоўваюцца ў народнай мэдыцыне ў Кітаі і Карэі. Гэтыя сродкі ўплываюць на патэнцыю. Магутны энэргетык і агульнаўмацавальны сродак, які лечыць хваробы касьцей, нэрваў, сэрца, скуры. Уся жыцьцёвая сіла, калі растуць панты, накіроўваецца ў гэтае месца», — кажа ўласьнік маральніка.
Ігар прымаў пантавыя ванны ў Расеі. Кошт сэансу — каля 25 даляраў, адпаведна курс на 10 сеансаў — 250 даляраў. Такія ж цэны могуць зьявіцца на паслугі ў Беларусі. З Алтаю мужчына прывёз пантагематаген з крыві аленяў.
«Першыя два дні хадзіў з такой галавой, нібыта выпіў гарэлкі. Потым усё ачышчаецца і прыходзіць такая энэргія, што горы гатовы скрышыць. Кладзеш у гарбату адну чайную лыжку на дзень, і гэтага дастаткова для такога эфэкту».
Мужчына нават пытаўся ў сьвятара, ці не забараняе царква ўжываньне крыві. Атрымаў адказ, што ў якасьці ежы нельга, але як лек не забаронена.
Панты вырастаюць у маралаў раз на год. За дзень — на 2 з паловай сантымэтры. Іх зразаюць з траўня па жнівень. Потым вараць, сушаць або кансэрвуюць. Здрабняюць у парашок і дадаюць у лекі, запарваюць на іх гарбату, кроў дабаўляюць у пантакрын і пантагематаген. Булён ад варкі пантаў марозяць у брыкеты, каб рабіць ванны.
«Гэта працэдура, як для вас пастрыгчы пазногці. У склад заціркі, якой змазваюць месца зрэзу пантаў, уваходзяць анальгетыкі. Але для аленяў любая блізкая камунікацыя з чалавекам — стрэс. Людзі, якія імі апякуюцца, могуць падыходзіць не бліжэй, чым на 5-10 мэтраў», — адказвае на пытаньне пра боль Ігар Андрушка.
Набыць без знаёмстваў немагчыма
Усё пачалося ў 2012 годзе. Улады адвялі бізнэсоўцам у Лесьніках зямлю для ўтрыманьня аленяў. Спачатку было 280 гектараў, цяпер ужо каля 400. Участак былой фэрмы расчысьцілі, пабудавалі загоны, засеялі траву для пашы.
Падрыхтоўка ішла некалькі гадоў. Аленяў прывезьлі толькі летась у студзені. У Сыбіры дзейнічае каля 70 маральнікаў па 2,5-6 тысяч галоваў. Аднак аказалася, што купіць іх без знаёмстваў немагчыма. Паспрыяў Барнаульскі інстытут маралагадоўлі. Па жывёлаў давялося ехаць пад самую мяжу з Манголіяй.
«Пазванілі гаспадару маральніка. Ён кажа: „Тут 50 кілямэтраў, хутка даедзеце“. Едзем гадзіну, дзьве, тры. Дарогі разьбітыя. Праехалі 180 кілямэтраў. Ён кажа: „Ужо блізка. Гэта празь перавал 50 кілямэтраў, а не па дарозе“», — распавядае Ігар.
Набылі 280 алянят: 220 самак і 60 самцоў. У Беларусь прывезьлі іх у сямі фурах. Праўда, падчас дарогі частка цялят паламалі рэбры або ногі. Некаторыя пахварэлі ў нязвыклым для іх клімаце Беларусі. Усіх траўмаваных або хворых жывёлаў пусьцілі пад нож. У статку засталося 230 галоваў.
«Мы наўмысна ўзялі іх крыху больш, каб выбраць эліту. У першы год у іх зьяўляюцца першыя рожкі, па якіх вызначаецца, якой будзе жывёліна далей. Цяпер у нас каля 20 элітных самцоў, якімі будзем пакрываць самак. Кожная самка нараджае па адным цяляці штогод. Сёньня асноўнае — нарасьціць статак. Хочам давесьці яго да 1000 рагачоў», — тлумачыць гаспадар.
Каўбаса з аленіны каштуе па 45 рублёў за кіляграм
Адно мараляня каштуе 500 даляраў, дарослы марал — 1-2 тысячы даляраў. З кожным годам цана аленя расьце, бо ён дае ўсё лепшую таварную прадукцыю.
Кошт кансэрваваных пантаў дасягае 400 даляраў за кіляграм. Добры марал у залежнасьці ад узросту можа даць 6-9 кіляграмаў пантаў на год і адпаведна 2-3 тысячы даляраў выручкі.
Зь лідзкай фэрмы прадукцыю плянуюць прадаваць у Кітай і Карэю. Дарэчы, адзін з трох уласьнікаў аленевай фэрмы пад Лідай — кітаец. Ён займаецца пошукам будучых кліентаў на Ўсходзе.
Хоць жывуць алені прыкладна 20 гадоў, пасьля 12 год іх панты марнеюць, і жывёлаў пускаюць на мяса. Тут кажуць, што аленіну найлепш вяліць. У будучыні на тэрыторыі фэрмы плянуюць адкрыць мясны цэх і гатаваць там далікатэсы. У Эўропе кіляграм сырой аленіны каштуе ад 5 да 15 эўра. У Беларусі каўбасы зь мяса аленя — па 45 рублёў за кіляграм.
На маральнік патрэбен 1 мільён даляраў
Каб стварыць фэрму маралаў, у сярэднім патрэбен 1 мільён даляраў. Фэрмэры з-пад Ліды ўклалі ўжо каля 300 тысяч даляраў. Большую частку грошай пазычылі. Чакаецца, што праект акупіцца праз 5-10 гадоў.
Пакуль эканомяць на ўсім, чым можна. Каб агарадзіць пашу, патрэбна было болей за 8 тысяч пагонных мэтраў мэталічнай сеткі. Яе замаўлялі не ў Эўропе па 6 эўра за мэтар, а вырабілі на ўласным заводзе ў Лідзе. Выйшла ў некалькі разоў таньней.
Драўніну для павецяў не набывалі па 100 даляраў за куб. А выкупілі дзялянку сухога лесу і нарыхтавалі дошкі самі. Атрымалася па 80 рублёў за куб. Ашчадзілі і на насеньні травы: падгледзелі, што ўваходзіць у склад галяндзкай сумесі, і набылі падобныя кампанэнты ў Беларусі.
Каб зэканоміць на харчаваньні, сёлета пачнуць вырошчваць авёс і трыцікале. Увогуле алені харчуюцца травой, збожжам, сенам, галінкамі дрэваў, камбікормам, рознымі дабаўкамі кшталту піўной гушчы. На год для статку з трох сотняў патрэбна 1,5 тоны грубых кармоў (сена, салома) і 400 кг збожжа. Каб выгадаваць аднаго аленя, на год патрэбна каля 120 даляраў.
Набылі трактары ды іншую тэхніку, каб апрацоўваюць зямлю ды зьбіраць ураджай, па лізінгавай праграме пад 2% на сем гадоў. Агульны кошт сельгастэхнікі — 2,5 мільярда (недэнамінаваных) рублёў. Усё беларускага вырабу, бо амэрыканскі John Deere каштаваў бы ў тры разы болей. Гэта адзіная дзяржаўная праграма, якая падтрымала бізнэсоўцаў.
«Беларус адрозьніваецца ад багатага расейца тым, што мы ведаем цану грошай», — кажа кіраўнік спраў гаспадаркі Андрэй Кудзін.
Цяпер ён тут жыве, каб пастаянна даглядаць жывёлаў. Па адукацыі біёлаг. Раней працаваў у паляваньні. Нарадзіўся ў Менску. Пра сябе кажа: «Я проста беларус, люблю сваю краіну. Тут у мяне ёсьць маральнае задавальненьне, адпаведнае фінансавае забесьпячэньне».
Кажуць, што заробкі тут пакуль невялікія, але «па пяцьсот» ёсьць. Жывёлаў на фэрме даглядаюць яшчэ чатыры хлопцы з суседніх вёсак.
Андрэй Кудзін мяркуе, што будучыня Беларусі — за фэрмэрамі-аленяводамі.
«Калі палічыць эканамічную мэтазгоднасьць пры вырабе малака, ялавічыны пры дасягненьні максымальнай прадукцыйнасьці статку, аленегадоўля становіцца выгаднай для эканомікі. У сьвеце рэалізуецца каля 10 млн тон аленіны», — кажа ён.
Катацца на конях ды паляваць на казулю
Гаспадары спадзяюцца, што ім перададуць і стары будынак суседняй фэрмы. На гэтым месцы яны плянуюць пабудаваць пантаваркі, пантасховішчы, мясны цэх. Але дзяржава перадае ім старыя будынкі ўжо больш за год, і невядома, калі працэс скончыцца.
У будучыні тут можа зьявіцца цэлы турыстычны комплекс. Бізнэсоўцы хочуць выкупіць дзесяць вясковых хатаў, зьнесьці іх, а на іх месцы пабудаваць гасьцявыя дамкі для наведнікаў.
Таксама турыстам прапануюць наведаць апідомікі, каб палячыцца пчоламі, паезьдзіць на конях, пакатацца на чаўне па возеры, пачаставацца шашлыком з бараніны ды тлустымі гусінымі яйкамі, паглядзець на качак, індыкоў, курэй. Мажліва, тут арганізуюць паляваньне на казуляў, зайцоў, курапатак.
На гэтыя дадатковыя паслугі патрэбен яшчэ мільён даляраў.
Ужо цяпер на фэрму закупілі па 1-2 дзясяткі авечак, гусей, курэй, ёсьць некалькі коней. Пакуль прыглядаюцца, хто ім падыходзіць, якая рэнтабэльнасьць, каго ў гаспадарку набываць больш.
«Самае цяжкае — хадзіць па кабінэтах»
«У нас прыватніка ня любяць, бо багаты. Але адкуль беларус можа быць багатым? Вы ведаеце, колькі здароўя каштуе, каб гэта зрабіць? Лягчэй ляжаць на печы і нічога не рабіць. Самае цяжкае — хадзіць па кабінэтах і выбіваць землі», — кажа Ігар Андрушка.
Ён упэўнены, што дзяржаве больш выгадна было б падтрымліваць не калгасы, а прыватніка.
«Калгас ніколі ў жыцьці такога не дасягне, бо ён не гаспадар. Пакуль ня зьявяцца праграмы падтрымкі, то прыватны сэктар ня будзе разьвівацца. А калі зьявяцца, то будзе чарга па зямлю стаяць. А ў нас сёньня далі грошы, а заўтра ўжо плаці працэнт. Адкуль я яго вазьму?»
Таксама спадар Ігар не разумее, чаму іншаземцаў, якія адкрываюць бізнэс у Беларусі, любяць больш за сваіх.
«Іншаземец жа тут пабудуе, а капітал вывезе за мяжу. Я, хоць і працаваў у Расеі, але кватэру набыў тут. Дзе б я ні жыў, я прывязаны да Беларусі. Заўсёды цягнула на радзіму, дадому».
«Мы былі б ня супраць, калі б на нас зьвярнуў увагу Эўразьвяз. У Эўропе каля 11 тысяч фэрмэраў, якія разводзяць аленяў, і больш за 300 тысяч аленяў», — дадае Андрэй Кудзін.
Гаспадары скардзяцца, што цяжка, калі ніхто не верыць у іхную справу. Ігар прызнаецца, што нават жонка не заўсёды падтрымлівае, кажа, маўляў, кідай гэта ўсё. Але вераць у сваю гаспадарку самі і паціху яе пасоўваюць.
«Хацелася б пры сваім жыцьці пабачыць, як расквітнее гаспадарка. Хаця, можа, і зьверху пасьля відаць, што тут адбываецца», — жартуе Ігар.