Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі вырас на 5,1% за студзень-сакавік 2018 году да аналягічнага пэрыяду летась, згодна са зьвесткамі Белстату.
У грашовым эквіваленце ВУП Беларусі ў першым квартале 2018 году склаў 25,9 мільярда рублёў. Найбольшы ўнёсак у ВУП зрабілі Менск і Менская вобласьць — 27,8% і 13,8% ад агульнай лічбы па краіне.
У студзені-лютым Белстат фіксаваў рост ВУП на 5,6% да аналягічнага пэрыяду летась.
Сёлета ў красавіку МВФ палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер – ня большай за 6%.
У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ы.
Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.