Ня ўсё толькі благое адбываецца на белым сьвеце і трапляе ў стужку навінаў — і ў новай рубрыцы кожную суботу Свабода будзе нагадваць пра аптымістычныя, станоўчыя, пазытыўныя падзеі тыдня.
Больш за 100 беларускамоўных бацькоў і дзяцей разам адсьвяткавалі Дзень роднай мовы
25 лютага ў кавярні «Грай» адбылося сямейнае сьвяткаваньне Дня роднай мовы, арганізаванае інтэрнэт-суполкай «Дзеткі-кветкі» і адукацыйным цэнтрам «Крочым разам».
«Мы ўпершыню арганізоўваем сьвята на такую колькасьць дзяцей, будзем вельмі рады, калі яшчэ будуць адбывацца такія імпрэзы», — адзначыла Ася Смаляк, рэжысэрка тэатру «Завітушка» і заснавальніца беларускамоўнага «Садочка для сыноў і дочак».
Сустрэча беларускіх алімпійцаў: ажыятаж вакол Дар’і Домрачавай
27 лютага з паўднёвакарэйскага Пхёнчхану, дзе завершыліся XXIII зімовыя Алімпійскія гульні, вярнулася беларуская спартовая дэлегацыя.
Агулам у скарбонцы беларускай зборнай тры ўзнагароды: два золаты (Ганна Гуськова ў лыжнай акрабатыцы і жаночая біятлённая каманда), а таксама срэбра Дар’і Домрачавай у біятлённым мас-старце.
Беларускі CityDog прыйшоў у Чэхію: Як менскі «сабака» спрабуе ўгрызьціся ў Прагу
Стваральнікі менскага інтэрнэт-выданьня CityDog (гарадзкі сабака) адкрылі ў Празе чэскамоўны сайт, які пакуль што працуе ў тэставым рэжыме.
Чэскае акцыянэрнае таварыства CityDog Media мае капітал амаль 5 мільёнаў крон (больш за 250 тысяч даляраў) — мінімальнае патрабаваньне для такой формы ўласнасьці 2 мільёны.
Беларус адзін пройдзе на лыжах 400 км праз усю Ісьляндыю. Зь бел-чырвона-белым сьцягам
Беларус Кірыл Якімовіч пачаў свой самотны маратон па замерзлай лаве ў Ісьляндыі. Ён рушыў у шлях зь мясцовасьці Блёндуос на ўзьбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяну.
Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля менскай опэры 25 сакавіка
2 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з прадстаўнікамі Менскага гарвыканкаму.