Маці асуджанага на сьмяротнае пакараньне Ігара Гершанкова Людміла Гершанкова мела спатканьне з сынам 22 лютага ў СІЗА № 1 г. Менску на вуліцы Валадарскага. Людміла Гершанкова распавяла праваабаронцам «Вясны» пра тое, што яна даведалася ад сына на спатканьні, у тым ліку нібыта пра катаваньні.
Паводле Людмілы Гершанковай, 6 лютага яе сын Ігар напісаў скаргу аб катаваньнях падчас сьледзтва з боку прадстаўнікоў магілёўскай турмы, ізалятару часовага ўтрыманьня Кастрычніцкага РАУС, аднак гэтую скаргу ня выпусьцілі за межы «Валадаркі» і вярнулі асуджанаму.
«Сын папрасіў мяне, каб я распаўсюдзіла яе. У ёй ён распавядае пра тое, хто і як яго біў, як зь яго зьдзекаваліся і выбівалі прызнальныя паказаньні, што пры гэтым нават прысутнічаў адвакат. Я ўжо накіравала копіі скаргі ў Генпракуратуру, Адміністрацыю прэзыдэнта, МУС. Таксама маю намер адправіць яе ў офіс АБСЭ, каб там таксама былі ў курсе», — расказала Людміла Гершанкова праваабаронцам «Вясны».
«Сам ён выглядае дрэнна. Калоціцца, увесь пасівеў», — паведаміла Людміла Гершанкова пра сына.
Ігар Гершанкоў асуджаны на сьмяротнае пакараньне ў справе так званых «чорных рыэлтараў». У ліпені 2017 году суд прысудзіў Тацьцяне Гершанковай 24 гады турмы, а Барысу Калеснікаву — 22 гады калёніі строгага рэжыму. Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному суд вынес выключную меру пакараньня — расстрэл.
«Хоць бы пакінулі яго жывым», — маці асуджанага да расстрэлу «чорнага рыэлтара»
Судовы разбор у гэтай гучнай справе доўжыўся каля васьмі месяцаў.
Злачынствы адбываліся цягам 6 гадоў — з 2009 да 2015 году. Ахвяраў выбіралі сярод адзінокіх грамадзян, якія злоўжываюць алькаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жытло, а ўзамен абяцалі дапамагчы з набыцьцём новага.
Пасьля ўгоды кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах. Тацьцяна Гершанкова заявіла, што будзе абскарджваць вырак, бо лічыць яго несправядлівым. Яна сказала, што мае дваіх дзяцей, за якіх нясе адказнасьць.
Сястра аднаго з забітых Людміла Кунцэвіч сказала, што ёй шкада асуджаных, але вырак назвала справядлівым.
«Я ня прагну помсты. Лічу, што можна дараваць забойства зь неасьцярожнасьці, але тут яно было сплянаванае. Забойствы нашых родных былі пункцікамі ў іхным пляне».
Ад пачатку году ў Беларусі паводле прысуду быў расстраляны жыхар Гомля Сяргей Вострыкаў. Як мяркуюць праваабаронцы, цяпер у турме чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду жыхар Мазыра Кірыл Казачок, Аляксей Міхаленя з Нароўлі і Віктар Лётаў, які апошняе, трэцяе, забойства ўчыніў у Глыбоцкай калёніі.
Паводле першага намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Валера Калінковіча, у 2017 годзе ў Беларусі было вынесена 5 сьмяротных прысудаў, яшчэ 2 ужо ў 2018 годзе. Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарку за забойства маладой пары ў Менску і мужчыны ў Калодзішчах асудзіў на сьмерць Менскі гарадзкі суд.
Чакаецца, што прысуд будзе абскарджаны.
Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ўжываюць і выконваюць пакараньне сьмерцю. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне за гады незалежнасьці было вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў, толькі аднойчы такі прысуд быў скасаваны.