Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльныя дакладчыкі заклікалі беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Андрэа Рыгоні, архіўнае фота
Андрэа Рыгоні, архіўнае фота

Адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — гэта пытаньне палітычнай волі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве спэцыяльных дакладчыкаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аб адмене сьмяротнага пакараньня Іва Круштана і аб сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, паведамляе БелаПАН.

У заяве яны асудзілі два новыя сьмяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі ў справе «чорных рыэлтараў».

«Прыйшоў час гэта спыніць, — гаворыцца ў заяве. — Парлямэнцкая асамблея зноў і зноў пацьвярджае сваё абсалютнае непрыняцьце сьмяротнага пакараньня, якое разглядае як акт катаваньняў і бесчалавечнага, зьняважлівага для годнасьці абыходжаньня і, бясспрэчна, як самае сур’ёзнае з усіх парушэньняў правоў чалавека».

Дакладчыкі падкрэсьліваюць, што барацьба за адмену сьмяротнага пакараньня «няўмольная і скончыцца толькі тады, калі сьмяротнае пакараньне будзе скасаванае раз і назаўсёды на кантынэнце і ў іншых частках сьвету».

«Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады далучыцца да эўрапейскай сям’і абаліцыяністаў, увёўшы ў тэрміновым парадку мараторый на сьмяротнае пакараньне. Нішто ў Канстытуцыі або заканадаўстве Беларусі не перашкаджае прэзыдэнту Лукашэнку ці парлямэнту зрабіць гэты крок», — гаворыцца ў заяве.

21 ліпеня з заклікам увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі выступілі генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд і прэс-сакратар Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Мая Кацыянчыч.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня прыгаварыў да сьмяротнай кары двух з чатырох фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Яшчэ двое фігурантаў асуджаныя на доўгія тэрміны зьняволеньня: Таццяна Гершанкова — на 24 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, Барыс Калесьнікаў — на 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG