Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуды Магілёўскага абласнога суду фігурантам справы «чорных рыэлтараў». Апэляцыйныя скаргі іх абаронцаў таксама пакінутыя без задавальненьня.
Рашэньне агучыла калегія Вярхоўнага суду, піша БелаПАН.
У ліпені Магілёўскі абласны суд прызнаў Сямёна Беражнога, а таксама Ігара і Тацяну Гершанковых вінаватымі ў забойстве шасьці чалавек і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх.
Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны былі асуджаныя да вышэйшай меры пакараньня.
Іншым фігурантам справы прысудзілі турэмнае зьняволеньне: Тацяна Гершанкова атрымала 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці, а Барыс Калесьнікаў — 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму.
Судовы разбор па гэтай гучнай справе доўжыўся каля васьмі месяцаў.
Кожнаму зь фігурантаў справы было выстаўленае абвінавачаньне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Злачынствы адбываліся цягам 6 гадоў — з 2009 да 2015 году. Ахвяраў выбіралі сярод адзінокіх грамадзян, якія злоўжываюць алькаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам гэтых людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жытло, а ўзамен абяцалі дапамагчы з набыцьцём новага. Пасьля зьдзелкі кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах.
Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе Тацяна Гершанкова заявіла, што была асуджаная за злачынствы, да якіх ня мела ніякага дачыненьня. Сямён Беражны спачатку дэманстраваў абыякавасьць, а пасьля заявіў, што хоча быць пакараны, нягледзячы на просьбу зьмякчыць прысуд. Таксама ён заявіў, што ілжыва сьведчыў супраць Тацяны Гершанковай у судзе першай інстанцыі.
«Чорныя рыэлтары» могуць папрасіць памілаваньня ў кіраўніка дзяржавы. Гэта можна зрабіць на працягу 10 сутак пасьля атрыманьня копій прысуду.
Сёлета ў Беларусі было вынесена ўжо тры сьмяротныя прысуды. Акрамя Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, у сакавіку Гомельскі абласны суд прысудзіў 32-гадоваму Аляксею Міхалені вышэйшую меру пакараньня за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю.