Стала вядома, што дэлегацыя Паўночнай Карэі ў апошнюю хвіліну адмяніла сустрэчу зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майклам Пэнсам, якая павінна была адбыцца 10 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, дзе праходзяць Алімпійскія гульні. Пра гэта ў сераду паведамляе Reuters.
Майкл Пэнс павінен быў сустрэцца з дэлегацыяй КНДР, у якую ўваходзіць сястра паўночнакарэйскага лідэра Кім Ё Чжон. Гэтая сустрэча стала б першым кантактам высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Паўночнай Карэяй.
Аднак Пхэньян адмяніў сустрэчу пасьля таго, як Пэнс асудзіў факты парушэньня правоў чалавека ў КНДР і абвясьціў аб увядзеньні новых эканамічных санкцый у дачыненьні Паўночнай Карэі, паведаміў кіраўнік апарату віцэ-прэзыдэнта Нік Эерс.
У Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што Пэнс хацеў выкарыстаць сустрэчу, каб «прымусіць Паўночную Карэю адмовіцца ад сваіх балістычных ракет і ядзернай праграмы».
12 лютага Пэнс заявіў, што ЗША маюць намер увесьці новыя і «самыя жорсткія» санкцыі ў дачыненьні да КНДР, каб прымусіць яе адмовіцца ад распрацоўкі ядзернай зброі.