Аб’ектамі санкцыяў, паводле заявы амэрыканскага Міністэрства фінансаў, стануць гандлёвыя кампаніі, арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць марскія перавозкі, а таксама асабіста міністар нафтавай прамысловасьці КНДР. Вашынгтон, акрамя гэтага, просіць Расею і Кітай выслаць прадстаўнікоў кіроўнай партыі Паўночнай Карэі, якія працуюць у іх сталіцах, паколькі тыя ў абыход рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН арганізуюць пастаўкі ў Паўночную Карэю хімічных матэрыялаў і абсталяваньня і пераводзяць грашовыя сродкі.
Намесьніца міністра фінансаў ЗША Сігал Мандэлкер вяла на днях перамовы ў Пэкіне, Ганконгу, Токіё і Сэуле аб барацьбе з падстаўнымі фірмамі, празь якія паўночнакарэйскі рэжым фінансуе вытворчасьць вайсковай тэхнікі. У выніку санкцыі былі накладзеныя на дзьве кітайскія гандлёвыя кампаніі.
У той жа час Дональд Трамп выказаў гатоўнасьць весьці прамыя перамовы з Кім Чэн Ынам і станоўча адазваўся пра намаганьні Сэула і Пхэньяна разрадзіць напружанасьць на Карэйскім паўвостраве напярэдадні зімовай Алімпіяды.
Злучаныя Штаты маюць права арыштоўваць актывы прыватных асобаў і арганізацыяў, які трапілі пад санкцыі, і забараняць амэрыканцам мець зь імі дзелавыя адносіны.