Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі выказаў сваё стаўленьне да прысуду аўтарам агенцтва Regnum, вынесенага ў Менску.
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, амбасадар Расеі заявіў, што год таму на прэсавай канфэрэнцыі ён гаварыў на гэтую тэму і не хацеў бы паўтарацца.
«Мне асабіста даводзіцца шмат кантактаваць з рознымі людзьмі як амбасадару, у тым ліку і з журналістамі. І калі я бачу ў сваіх суразмоўцаў, уключаючы журналістаў, злобу і хамства, я адразу спыняю зь імі кантакты. Ад таго, хто дрэнна пахне, трэба трымацца на адлегласьці, і я прытрымліваюся гэтага правіла», — сказаў Сурыкаў.
Менскі гарадзкі суд 2 лютага прызнаў беларускіх аўтараў расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку вінаватымі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ў складзе групы.
Яны былі асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе і прафіляктычны нагляд. У СІЗА яны правялі 14 месяцаў.