Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Баранчык, Regnum: «Улады Беларусі ідуць шляхам нэабандэраўскіх сіл ва Ўкраіне»


Юры Баранчык, архіўнае фота
Юры Баранчык, архіўнае фота

Сёньня ў «Інтэрвію тыдня» — шэф-рэдактар аналітычнай рэдакцыі расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum Юры Баранчык. Ён таксама зьяўляецца фігурантам справы публіцыстаў гэтага агенцтва Алімкіна, Шыпценкі і Паўлаўца, якіх Менскі гарадзкі суд асудзіў за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

15 сакавіка 2017 году Юрыя Баранчыка затрымалі ў Маскве на запыт Следчага камітэту Беларусі, але празь дзень вызвалілі. Дарагамілаўскі раённы суд Масквы прызнаў неабгрунтаваным затрыманьне Баранчыка і адмовіў у хадайніцтве пракурора аб узяцьці яго пад варту.

Баранчык пагадзіўся ў пісьмовай форме адказваць на пытаньні Радыё Свабода, спасылаючыся на тое, што часам ягоныя вусныя словы «своеасабліва» інтэрпрэтуюць. Адказы падаюцца ў перакладзе з расейскай мовы.

«Улады спрабуюць закрыць рот менавіта прыхільнікам інтэграцыі з Расеяй, а не празаходнім партыям»

— Як вы ацэньваеце прысуд Менскага гарадзкога суду Алімкіну, Шыпценку і Паўлаўцу?

— Я яго расцэньваю як палітычны і наскрозь сфальсыфікаваны. Гэта цалкам сфальсыфікаваная справу, якая, як паказалі слуханьні ў судзе, развалілася пры першых жа пытаньнях да экспэртаў дзяржаўнай экспэртызы, якія паказалі сябе цалкам прафнепрыдатнымі.

Прысуд Дзьмітрыю Алімкіна, Сяргею Шыпценку і Юрыю Паўлаўцу — гэта сродак ціску на ўсіх прыхільнікаў «русского мира» ў рэспубліцы. Мясцовыя нэабандэраўцы, як і многія людзі ў дзяржапараце, могуць сьвяткаваць перамогу.

Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка
Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка

Толькі гэта пірава перамога. Упэўнены, што такі зыход справы толькі падштурхне патрыётаў рэспублікі да больш актыўнай грамадзкай артыкуляцыі сваёй жыцьцёвай пазыцыі. Так, можна асудзіць трох чалавек. Можна дзесяць і нават дваццаць. Але сотні ў турму не пасадзіш. І тое, што ўлады спрабуюць закрыць рот менавіта прыхільнікам інтэграцыі з Расеяй, а не празаходнім партыям і грамадзкім арганізацыям, сьведчыць шмат пра што.

Гэтая справа шмат у чым таксама стала вынікам таго, што ў рэспубліцы няма грамадзка-палітычных структур, якія б не на словах, а на справе займаліся адстойваньнем нацыянальных інтарэсаў рэспублікі. І гэта, папраўдзе, сур’ёзная праблема.

— Вы расчараваныя пазыцыяй Расеі ў гэтай справе? Адразу пасьля затрыманьня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў усумніўся, што арыштаваныя журналісты ёсьць сапраўднымі патрыётамі краіны, грамадзянамі якой яны зьяўляюцца, і выказаў думку, што іх публікацыі перашкаджаюць ўмацаваньню братэрскіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. Цягам усяго году, пакуль ішло сьледзтва, і пасьля абвяшчэньня яго вынікаў асаблівай рэакцыі ў Расеі няма, як у СМІ, так і афіцыйнай. Як вы гэта растлумачыце?

— Пасол Сурыкаў — гэта асобная песьня, і ў прынцыпе, Regnum у сваёй ноце амбасадару выказаў сваё стаўленьне да гэтага пэрсанажа. Што тычыцца рэакцыі Расеі, то, па-першае, ёсьць рашэньне Дарагамілаўскага суду, што ў гэтай справе няма складу злачынства, па-другое, ёсць рашэньне «Раскамнагляду», што ў публікацыях Дзьмітрыя Алімкіна, Сяргей Шыпценкі і Юрыя Паўлаўца няма прыкмет экстрэмізму. І гэта таксама пазыцыя Расеі.

— Як вы ўвогуле ацэньваеце беларуска-расейскія дачыненьні і іх пэрспэктыву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі?

— Я іх ацэньваю вельмі станоўча, думаю, пасьля выбараў прэзыдэнта Расеі працэс пабудовы саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі будзе працягнуты, як бы камусьці ў Менску гэтага б ні не хацелася.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

— Ці будзе Regnum асьвятляць сытуацыю ў Беларусі ў тых жа тонах, як і да працэсу?

— Пытаньне наконт рэдакцыйнай палітыкі не да мяне. Адзінае, што магу сказаць у рамках сваёй кампэтэнцыі, што мы будзем асьвятляць грамадзка-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы ў рэспубліцы гэтаксама аб’ектыўна, як і раней.

— Расеі крымінальна перасьледуюць людзей, якія, напрыклад, выказваюцца наконт Крыму. Штрафуюць і садзяць за краты тых, хто публічна выказвае нязгоду з тым, што Крым належыць Расеі. Ці лічыце вы гэта прымальным? Тады ці дапушчальна і для беларускіх уладаў абараняць свой інфармацыйны сувэрэнітэт падобнымі мэтадамі?

— Калі людзі робяць гэта з парушэньнем закону, то так. Аднак нашы аўтары займаліся выключна якаснай публіцыстыкай і аналітыкай. Гэта ні ў адной дзяржаве, акрамя таталітарных, не забаронена. Сёньня прыхільнікаў «русского мира» судзяць ва нэабандэраўскай Украіне, у русафобскай Латвіі, а тое, што прыхільнікаў «русского мира» асудзілі ў Беларусі, толькі пацьвярджае правату тых тэзісаў, пра якія ў сваіх публікацыях казалі Юры Паўлавец, Сяргей Шыпценка і Дзьмітры Алімкін. Улады рэспублікі ідуць шляхам тых нэабандэраўскіх сіл ва Ўкраіне, якія вядуць гэтую краіну да распаду і ператварэньня ў недадзяржаву.

Паліцыя на паседжаньні «Крымскай салідарнасьці» ў Судаку, 27 студзеня, ілюстрацыйнае фота
Паліцыя на паседжаньні «Крымскай салідарнасьці» ў Судаку, 27 студзеня, ілюстрацыйнае фота

— Падчас працэсу ад асуджаных гучалі паказаньні, што гэта вы як рэдактар прыдумлялі самая скандальныя загалоўкі, рэдагавалі ў больш радыкальны бок некаторыя іхныя фармулёўкі. Вы не адчуваеце асабістай адказнасьці за лёс асуджаных?

— Вы ведаеце, я, як і ўвесь калектыў Regnum, несумненна, адчуваю сваю адказнасьць за нашых калег, таму што яны аказаліся закладнікамі сыстэмы, тымі, да якіх змаглі дацягнуцца рукі правакатараў і сапраўдных падпальшчыкаў міжнацыянальнай варожасьці ў рэспубліцы.

Што тычыцца радыкалізму, то, па-першае, Regnum вельмі далёка да тых русафобскіх загалоўкаў, якімі стракацяць нацыяналістычныя СМІ рэспублікі і якія заахвочваюцца ўладамі. Па-другое, якімі б не былі на чыюсьці думку нашы загалоўкі, яны не парушалі заканадаўства. Усё астатняе — нечыя пустыя выдумкі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да справы.

Ну судзе гэтая сытуацыя выявілася з усёй відавочнасьцю — ніводзін з тых тэзісаў, якія дзяржпрапаганда на беларускіх тэлевізійных каналах прыпісвала нашым аўтарам — «недонарод», «недострана», «недоязык» — так і ня быў ня тое што пацьверджаны падчас суду, але нават ня згадваўся абвінавачаньнем, бо такіх тэзісаў нашы аўтары не выказвалі.

Што тычыцца навуковага тэрміну «дзяржава, якая не адбылася», ці «недадзяржава», то можна адкрыць паліталягічныя слоўнікі і пачытаць яго азначэньне. Навуковы тэрмін ня можа быць абразай. Ёсьць цэлыя кнігі, напісаныя на гэтую тэму, напрыклад, украінскага палітоляга Расьціслава Ішчанкі «Украина как недогосударство».


«Мае сьветапоглядныя ўстаноўкі заўсёды былі імпэрскімі»

— Вы таксама былі сярод абвінавачаных, але Расея адмовілася вас выдаць. Які ваш статус на сёньня? Вы цяпер надоўга будзеце «ў вышуку», ці ёсьць нейкія варыянты разьвязаньня сытуацыі ў той ці іншы бок?

— У мяне няма ніякіх абмежаваньняў і ніякіх праблем у Расеі. Я спакойна працую, публікуюся, удзельнічаю як экспэрт у навуковых канфэрэнцыях, выступаю з камэнтарамі для друкаваных і электронных СМІ.

«Народная воля», ілюстрацыйнае фота
«Народная воля», ілюстрацыйнае фота

—У сярэдзіне 90-х, калі вы пачыналі выступаць у прэсе з артыкуламі на палітычныя тэмы, то гэтыя артыкулы былі дастаткова прадэмакратычныя. Я памятаю, у адным тэксьце вы аналізавалі паступальны рост дэмакратычнага электарату, вы друкаваліся ў «Народнай волі». Калі і чаму адбыўся ваш паварот у бок прарасейскіх імпэрскіх каштоўнасьцяў?

— Я і цяпер ёсьць прыхільнікам дэмакратыі і свабоды слова, якіх сёньня ў Расеі значна больш, чым на Захадзе ці ў той жа Беларусі. Ніякіх паваротаў у бок прарасейскіх імпэрскіх каштоўнасьцяў не было, бо мае сьветапоглядныя ўстаноўкі заўсёды былі імпэрскімі, і савецкі пэрыяд гісторыі для мяне зьяўляецца толькі адной са стадый існаваньня Рускага імпэрскага праекту.

«Празаходнюю групоўку ва ўладзе ўвасабляюць фігуры Макея і Якубовіча»

— З вашай біяграфіі: «Працаваў у Міністэрстве адукацыі, Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, інстытуце сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрстве замежных спраў, НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіраваньня Акадэміі кіраваньня». Нішто сабе кар’ера. Чаму ў 2007 годзе вы пакінулі дзяржструктуры і стварылі партал «Империя»?

— Таму што ўжо ў гэтым пэрыядзе ў вярхах дзяржапарату было моцнае супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі паглыбленьня саюзу з Расеяй і празаходняй групоўкай ва ўладзе, якую ўвасабляюць сабой фігуры Макея — Якубовіча. НДІ тэорыі і практыкі дзяржкіраваньня Акадэміі кіраваньня гэтай групоўкі была разгромленыя — на працягу паўгода з інстытута сышоў дырэктар, два з трох намесьнікаў дырэктара, тры з чатырох дырэктараў цэнтраў і асноўны касьцяк супрацоўнікаў.

Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Што тычыцца парталу «Империя», то ён быў створаны і ўхвалены на дзяржаўным узроўні яшчэ ў той час, калі я быў дырэктарам інфармацыйна-аналітычнага цэнтру гэтага НДІ. Партал задумваўся як дыскусійная пляцоўка ў рамках беларускіх структур улады, аналягічна таму, як існуюць такога роду пляцоўкі ва ўсіх дэмакратычных краінах з мэтай абмеркаваньня ідэалягічнага (у самым шырокім сэнсе гэтага слова) контуру разьвіцьця дзяржавы.

«Сёньня яны працуюць на Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі. Калі заўтра там зьявіцца дошчачка з надпісам „Гестапа“, яны будуць працаваць на яго»

— У Беларусі хапае адэптаў «русского мира» сярод ідэолагаў і аналітыкаў — Шаўцоў, Дзермант, Бяляеў, Пятроўскі. Але яны паводзяць сябе больш разумна — хваляць і «русский мир», і Лукашэнку. Так што нельга казаць, што вашых публіцыстаў пакаралі за празьмерную русафілію. Ці згодныя вы, што іх пакаралі за тое, што яны паставілі пад сумнеў манаполію Лукашэнкі на сяброўства з Расеяй?

— Вы маеце рацыю. Іх пакаралі за тое, што сваім прыкладам яны паказвалі, што ў рэспубліцы ёсьць людзі — шчырыя прыхільнікі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Акрамя таго, яны на фактах, аргумэнтавана, з дэталёвым веданнем дэталяў паказвалі і жыхарам рэспублікі, і жыхарам іншых краін СНД, тыя негатыўныя працэсы, якія адбываюцца ў эканамічным і палітычным жыцьці рэспублікі, паказалі цесную спайку мясцовых нацыяналістаў і русафобаў і ўладаў па цэлым шэрагу пытаньняў дзяржаўнага будаўніцтва і беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Як вядома, праўда вочы коле, таму зь імі вырашылі расправіцца і закрыць рот на наступныя тры гады, а можа, і больш.

Аляксей Дзермант, Пятро Пятроўскі, Вадзім Гігін і Аляксандар Шпакоўскі на расейскай тэлевізіі, ілюстрацыйнае фота
Аляксей Дзермант, Пятро Пятроўскі, Вадзім Гігін і Аляксандар Шпакоўскі на расейскай тэлевізіі, ілюстрацыйнае фота

Што тычыцца тых прозьішчаў, што вы назвалі, то, на мой погляд, гэта не прыхільнікі беларуска-расейскай інтэграцыі, а баязьлівыя і маральна нячыстыя флюгеры. Яны будуць рабіць тое, што ім скажуць. Сёньня яны ад страху працуюць на Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі. Калі заўтра там зьявіцца дошчачка з надпісам «Гестапа», яны будуць працаваць на гестапа. Зьявіцца надпіс «ЦРУ» — будуць працаваць на ЦРУ. З такімі людзьмі саюзу не пабудуеш. Як любіў казаць адзін былы кіраўнік МУС рэспублікі: «Абапірацца можна толькі на нешта цьвёрдае. На вадкае абапірацца нельга».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG