На менскай вуліцы Старажоўскай заплянавана збудаваць «моладзевы забаўляльны цэнтар». Падрабязна пра праект расказаў Onliner.by.
Чатырохпавярховы будынак плошчай 17602 м² і вышынёй 19,4 м, як плянуецца, «выцягнецца» ўздоўж узьбярэжжа Сьвіслачы і «прыкрые» сабой будынак банку «Масква-Менск». Плянуецца падземная паркоўка, канфэрэнц-залі, кінатэатар, кавярні і крамы, выставачныя залі і офісныя памяшканьні.
Забудоўцам выступіць ЗАТ «Камкон», што будавала дамы ў Менску на вуліцах Дзімітрава, 3, Харужай, 10, Варанянскага, 7а, а таксама Новаапостальскую царкву на Шаранговіча. Паводле забудоўцы, цяперашні праект аднагалосна ўхвалілі на горадабудаўнічай радзе, а першы праект забудовы тэрыторыі зьявіўся яшчэ ў 1995 годзе. Цяпер жа на месцы будучай будоўлі закінуты бункер, збудаваны ў 1941 годзе ў час акупацыі Менску нацыстамі.
Гарадзкія ўлады цяпер праводзяць «маніторынг грамадзкай думкі». Але на грамадзкае абмеркаваньне, як сказалі Onliner.by, будуць выносіць ня сам праект будынку, а справаздачу аб экалягічнай экспэртызе праекту. Грамадзяне могуць накіраваць заяву пра неабходнасьць грамадзкай экспэртызы да 7 лютага 2018 году на адрас 220004, Менск, вул. Мельнікайце, 6.
Маштабныя будоўлі ў цэнтры Менску нярэдка выклікаюць спрэчкі. Гэта, прыкладам, недабудаваны «Некемпінскі», нядаўні праект бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы або жылы комплекс за паркам Чалюскінцаў.