Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ініцыявалі зьмены ў праект пабудовы пад Менскам заводу «Амкадора» пасьля пратэстаў


Прыблізная схема забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»
Прыблізная схема забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»

Пасьля пратэстаў грамадзкасьці ў сувязі з будаўніцтвам у Калодзішчах пад Менскам новага заводу спэцыяльных машын​ «Амкадора» у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва 8 сьнежня прайшла закрытая нарада.

Як сказалі карэспандэнту Свабоды ў міністэрстве, пакуль прынятыя «тэхнічныя рашэньні», але пра новы праект будаўніцтва заводу пакуль казаць рана.

У прыватнасьці, гаворка вялася пра ўнясеньне зьменаў у распрацаваны праект пабудовы на тэрыторыі ляснога масіву сажалак-выпарнікаў, якія выклікалі абурэньне ў жыхароў Калодзішчаў.

Філіял «Амкадора» ў Калодзішчах — завод «Дормашмет»
Філіял «Амкадора» ў Калодзішчах — завод «Дормашмет»

«​Праектныя інстытуты пакажуць новае рашэньне»​

«Мы далі заданьне, каб праектныя інстытуты паказалі новае рашэньне па разьмяшчэньні сажалак-выпарнікаў. Па тэхналёгіі наяўны сёньня праект таксама нармальны. Але ёсьць тэхналёгіі на меншую колькасьць выдаткаў. Таксама можна разгледзець варыянт, каб сажалкі займалі меншую тэрыторыю, чым закладзена ў праектнай дакумэнтацыі», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў міністэрстве.

Прапановы праектных інстытутаў плянуецца абмеркаваць праз два тыдні, пасьля чаго намесьнік міністра архітэктуры прыме канчатковае рашэньне.

«Пакуль жа ніякай канкрэтыкі», — сказала крыніца ў міністэрстве.

«Цяпер 31 тона выкідаў, а будзе 300»​

Жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадку і блізкіх да іх дачных каапэратываў пад Менскам пратэстуюць супраць будоўлі экалягічна небясьпечнага, як яны лічаць, заводу «Амкадора».

Цяпер на месцы новага заводу — невялікае прадпрыемства «Дормашмет», якое таксама належыць холдынгу «Амкадор».

«У яго толькі 31 тона выкідаў. А будзе амаль 300 тон, а зь іх 128 ці 132 (па розных дадзеных) тон выкідаў, якія немагчыма ачысьціць. Да таго ж пашыраецца прамысловая зона і будуць створаны сажалкі-выпарнікі», — сказала Свабодзе Ірына, прадстаўніца ініцыятыўнай групы жыхароў.

Завод холдынгу «Амкадор» у Калодзішчах
Завод холдынгу «Амкадор» у Калодзішчах

У сацыяльных сетках каладзішчанцы разьмясьцілі свае прэтэнзіі да будаўніцтва. Сярод іншага яны выступаюць супраць высяканьня трох гектараў лесу першай катэгорыі пад сажалкі-выпарнікі. Туды, як плянуецца, будуць трапляць усе ліўневыя сьцёкі з тэрыторыі заводу.

​Паводле заключэньня Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі НАН Беларусі, у лясным масіве, які плянуюць высекчы, знойдзеныя папуляцыі расьлінаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі і ў сьпіс прафіляктычнай аховы Чырвонай кнігі. Навукоўцы перакананыя, што будоўля «Амкадорам» заводу спэцмашын з рэканструкцыяй дзейнай вытворчасьці прывядзе «да значных негатыўных наступстваў і элімінацыі папуляцыі рэдкіх і зьнікаючых відаў расьлінаў».

«Будзем стаяць насьмерць». Чаму каладзішчанцы супраць будоўлі новага заводу «Амкадора»

Намесьнік дырэктара холдынгу «Амкадор» Сяргей Радаман раней казаў у камэнтары Свабодзе, што ў сажалкі будзе скідацца вада, чысьцейшая за тую, якая капае зь неба. А 132 тоны шкодных выкідаў у год — гэта, па яго словах, «нямнога». На прадпрыемстве кажуць, што экалягічная экспэртыза дазваляе ў Калодзішчах будаваць завод і што ён ня будзе шкодны.​

«Гэты аб’ект наогул ня мае права там знаходзіцца»

Камэнтуючы вынікі абмеркаваньня праекту новага заводу ў Міністэрстве архітэктуры, прадстаўніца ініцыятыўнай групы каладзішчанцаў адзначыла, што сажалкі-выпарнікі «наогул ня маюць права там знаходзіцца».

«Якія могуць быць іншыя сажалкі ў гэтым месцы? Няхай яны перасунуць на 50 мэтраў у адзін ці другі бок, ад гэтага зусім нічога не мяняецца. Там жа камунальна-складзкая зона, якая, згодна з генплянам Калодзішчаў, не павінна пашырацца. А яны зьбіраюцца пашырыць вытворчую зону. Там, дарэчы, пытаньне і наконт газаправоду, які будуць праводзіць да прадпрыемства», — сказала Свабодзе Ірына.


2 сьнежня каладзішчанцы з плякатамі «"Амкадору" не» сустрэлі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыку, які прыяжджаў на прадпрыемства «Амкадора» у Калодзішчах. Міністар паабяцаў тром прадстаўнікам каладзішчанцаў дапамагчы атрымаць дакумэнты, якія тычацца экалягічнай экспэртызы новага заводу. Аднак дагэтуль дапамога ад міністра не паступіла, сказала карэспандэнту Свабоды Ірына.

«Нам жа міністар абяцаў, што ён дапаможа атрымаць дакумэнтацыю, якой мы дагэтуль ня бачылі, — сказала яна. — Пасьля мы плянуем для пачатку правесьці круглы стол па гэтым будаўніцтве. Бо адпачатку нават падчас грамадзкіх абмеркаваньняў у нас не было экалягічнай дакумэнтацыі. Грамадзкія абмеркаваньні прайшлі зь вялікімі парушэньнямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG