Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 тысяч даляраў на ўратаваньне Княскай вежы ў Крэве. На вежу Гедыміна ў Вільні — 3 мільёны эўра


Рыштаваньні на Княскай вежы
Рыштаваньні на Княскай вежы

Княскую вежу Крэўскага замку ўзялі ў рыштаваньні, муры абгарадзілі па пэрымэтры. На прылеглай тэрыторыі зьявілася спэцтэхніка і бытоўкі будаўнікоў.

Як вынікае з пашпарта аб’екту, распачалася «першая чарга кансэрвацыі з рэстаўрацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасьці XIV стагодзьдзя». Замоўнікам выступае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкаму, выканаўцам — прадпрыемства «Белрэстаўрацыя».

На гэтыя мэты з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва выдаткавана крыху больш за 50 тысяч даляраў у эквіваленце. Для параўнаньня, у той жа самы час урад Літвы ухваліў рашэньне аб выдзяленьні 3 мільёнаў эўра на ўмацаваньне гары, дзе разьмешчаны іншы сымбаль часоў Вялікага Княства — вежа Гедыміна.

Пашпарт аб’екту рэстаўрацыі
Пашпарт аб’екту рэстаўрацыі

Згодна з зацьверджаным праектам, перадусім адбудзецца часовая кансэрвацыі вежы. Яе паверхню ачысьцяць, правядуць біяцыдную апрацоўку і ўмацуюць адмысловым рэчывам. Гэта дазволіць выключыць пападаньне дажджу і сьнегу.

У 2018 годзе мяркуецца прыступіць да другога этапу, які прадугледжвае кансэрвацыю паўночнай сьцяны, аднаўленьне яе участкаў на вышыню 7 мэтраў і накрываньне дахоўкай.

Аднаўленьне: для галачкі ці наступных пакаленьняў?

Старшыня Крэўскага сельсавету Сяргей Капыш — ураджэнец мястэчка, гісторык паводле адукацыі. За стан помніка перажывае, як і ўсе тутэйшыя — з трывогай і болем. Бо выдатна разумее, што ні лякальная, ні раённая, ні нават абласная казна не пацягне выдаткаў на такі маштабны аб’ект.

Сяргей Капыш
Сяргей Капыш

«У прынцыпе, яно досыць лягічна — першапачаткова закансэрваваць хоць бы Княскую вежу, — гаворыць мясцовы чыноўнік. — З далейшай яе рэстаўрацыяй, аднаўленьнем і разьмяшчэньнем у ёй музэйнай экспазыцыі. Ну і паралельна думаць пра нешта іншае. Але ў першую чаргу — кансэрвацыя сьценаў. Бо ўсё астатняе трэба ўзгадняць як з эканамічнай сытуацыяй у краіне, так і адказнасьцю работнікаў.

Узяць Лідзкі замак, які нібыта адноўлены. Так, ён прывабны, не ў руінах, тэрыторыя дагледжаная. Але такой вялікай гістарычнай каштоўнасьці, мне здаецца, ён ужо ня мае. Хоць я не архітэктар, не рэстаўратар, але ведаю: калі рабіць толкам, то і цэгла павінна быць пэўных памераў, і састаў мусіць быць адпаведны. А сылікатная цэгла праз пару гадоў выветрыцца, разваліцца. Вось і падумаеш лішні раз: рабіць так ці патрываць, пакуль грошы зьявяцца? З другога боку, будзеш чакаць — каб хаця ня стала так, што ня будзе чаго аднаўляць. Таму цяпер галоўнае для нас пытаньне: будзе кансэрвацыя такой, як некалі, або больш маштабная, больш якасная, больш прафэсійная».

Прылеглая да замку тэрыторыя
Прылеглая да замку тэрыторыя

У Міністэрстве культуры сумняваюцца, што Крэўскі замак можа быць адрэстаўраваны на 100%, нават калі знойдуцца грошы. Перадусім спасылаюцца на тое, што няма дакладных зьвестак пра яго першароднае гістарычнае аблічча. Таму абмяжоўваюцца праектам кансэрвацыі муроў з магчымай рэканструкцыяй галоўнай вежы і яе музэефікацыяй.

У лепшыя часы Княская вежа дамінантай узвышалася над замкавымі сьценамі і сягала за 12 мэтраў. Яе веліч яшчэ адчуваецца на здымках пачатку ХХ стагодзьдзя, зробленых кайзэраўскімі салдатамі. Цяперашнія парэшткі удвая ніжэйшыя, абрысы чатырохкутніка збольшага ўмоўныя.

У апошнія гады ўся канструкцыя апынулася пад пагрозай завалу — ад кліматычнага ўзьдзеяньня і блізкасьці ажыўленай трасы з усё большай рэгулярнасьцю «страляюць камяні», папаўняючы і без таго немалыя кучы ўнізе. Муры моцна нахіленыя, вышчарбленыя. Не дабавілі трываласьці геалягічныя работы, брутальна праведзеныя на пачатку году — цяжкая тэхніка (бульдозэр) зачышчаў пад’езды проста пад сьценамі.

Растуць кучы гістарычнага друзу
Растуць кучы гістарычнага друзу

Уратаваньне: ад няўмольнага часу ці дзейнасьці чалавека?

За сваё доўгае жыцьцё Крэўскі замак зазнаў нямала суровых выпрабаваньняў. Гэта першае на тэрыторыі Беларусі ўмацаваньне, цалкам збудаванае з каменю. Яго бралі ў аблогу мяцежныя літоўскія князі, перакопскія татары, войскі маскоўскіх ваяводаў. Аднак вырашальнай для ягонага лёсу стала Першая ўсясьветная вайна. Больш за два гады, пачынаючы ад восені 1915-га, замак заставаўся ў цэнтры супрацьстаяньня расейскай і германскай арміяў.

Крэва было падзелена лініяй фронту, замак трапіў пад «юрысдыкцыю» немцаў — сьцены таўшчынёй 2,5 мэтра і вышынёй да 12 мэтраў, магутная Княская вежа сталі для іх надзейным антырасейскім шчытом. Але да варожых пазыцыяў было менш як паўкілямэтра, і ўсходняя частка прымала на сябе асноўныя ўдары артылерыі. Цягам вайны ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай «перабудовы» пацярпеў увесь комплекс абарончых збудаваньняў.

Паўднёвая сьцяна імкліва разбураецца
Паўднёвая сьцяна імкліва разбураецца

Спробы ўратаваць унікальны замак XIV стагодзьдзя (паводле некаторых зьвестак — нават сярэдзіны ХІІІ) датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале са Станіславам Лорэнцам умацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, устанавілі контрафорс, аднак скончыць задуманае ў поўным аб’ёме не пасьпелі.

З прыходам у 1939 годзе саветаў ні пра якую кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, як яшчэ згадваюць мясцовыя доўгажыхары, бальшавікі рыхтаваліся разабраць сьцены пад «індустрыяльныя патрэбы».

87-гадовы спадар Ёсіф, чыя хата літаральна ўпіраецца ў замак, успамінае, што адразу па вайне сюды сагналі шмат людзей і падводаў. Замкавыя камяні зьбіраліся вывезьці ў Смаргоні — на аднаўленьне адміністрацыйных будынкаў і будаўніцтва аэрадрому. Нагрузілі прыкладна 30 вазоў з усходняй сьцяны, больш не далі рады. Да паўночнай і заходняй так і не падступіліся.

Крэўскі старажыл спадар Ёсіф
Крэўскі старажыл спадар Ёсіф

«Аднойчы, яшчэ пры саветах, была вялікая падзея, шмат зь якіх краінаў зьехалася навукоўцаў, бізнэсоўцаў, — гаворыць суразмоўца. — Чаму памятаю, бо міліцыя ўсіх староньніх спыняла, маўляў, няма чаго тут рабіць. Але я туды трапіў як супрацоўнік Смаргонскай ПМК, некаторыя размовы чуў.

Дык вось хацелі багатыя краіны аднавіць замак да стану, як некалі быў. Запытваюць згоду. Нашы ім адказваюць: грошы давайце, самі ўправімся. Хіба спэцыялістаў возьмем, якія праект зробяць. Гаварылі-гаварылі, іншаземцы ўжо пачалі нават схіляцца — з умовай, што пасьля рэканструкцыі агульнае кіраўніцтва будзе за імі. Карацей, бальшавікі не пагадзіліся. Тыя сабраліся ды зьехалі... Ну як гэта — дай ім грошы? Напалову дурныя, напалову разумныя? Выходзіць, што так. А каб дазволілі, і праблем сёньня не было б, столькі гадоў мінула, вядома, усё стаяла б як мае быць».

Спадзеў на ўратаваньне легендарнай вежы
Спадзеў на ўратаваньне легендарнай вежы

Імітацыя: для высокага начальства ці ўласнага сумленьня?

За савецкім часам Княскую вежу ўзялі ў прымітыўныя рыштаваньні і накрылі рубэроідам. Выглядае, што тым толькі нашкодзілі — пад накрыўкай зьбіралася вада, цэгла хутка рабілася непрыдатнай і трушчылася. Некалькі гадоў таму сумнеўную канструкцыю дэмантавалі.

Цяпер жа абяцаюць, што фармальнага падыходу ня будзе, кансэрвацыя пройдзе на належным узроўні, з выкананьнем усіх міжнародных нормаў і стандартаў. Мяркуючы па рыштаваньнях, якія выгадна адрозьніваюцца ад папярэдняй спробы «ўратаваньня» вежы і часткі паўночнай сьцяны, прагрэс відавочны.

А ці варта ставіць задачу-максымум, намагаючыся вярнуць Крэўскаму замку нейкае зь гістарычных абліччаў? Якія аргумэнты павінны перамагчы ў адвечнай спрэчцы рэстаўратараў: сучасны муляж ці раскіданыя камяні? Як ставіцца да таго, што нават у выпадку рэалізацыі амбітнай задумы на 90% гэта будзе «навадзел»?

Паўночная сьцяна таксама патрабуе кансэрвацыі
Паўночная сьцяна таксама патрабуе кансэрвацыі

Бальшыня экспэртаў сыходзіцца ў думцы, што сытуацыю трэба ацэньваць аб’ектыўна: пакуль няма разуменьня, якім замак быў першапачаткова, наўрад ці ёсьць сэнс абцяжарвацца амбітнымі плянамі. Галоўнае — захаваць тое, што яшчэ магчыма, а не пакінуць нашчадкам чарговую бясформенную руіну.

...Да імавернага пэрыяду зьяўленьня Крэўскага замка дасьледчыкі дадаюць плюс-мінус стагодзьдзе. Мясцовы краязнаўца Аляксандар Камінскі пераказвае гісторыю, якая істотна звужае храналягічныя рамкі.

Паводле яго, яшчэ за польскім часам у крэўскай школе працаваў настаўнік Бандаровіч, родам з Валыні. Расказваў вучням, што на ягонай радзіме быў дзіўны праклён: «А каб ты цягаў камяні на Крэва!». Прычым выслоўе існуе спакон вякоў. Наўрад ці камяні на замак везьлі з Валыні — больш верагодна, што альбо валынян прыцягвалі да будаўнічых работ, альбо нехта з крэўскіх дойлідаў апынуўся там.

Унутраная тэрыторыя замку
Унутраная тэрыторыя замку

Зь гісторыі стасункаў паміж князямі ВКЛ і ўладарамі Галіцка-Валынскага княства вядомыя прынамсі два выпадкі, калі галічане і валыняне ў саюзе з татарамі нападалі на землі Літвы — у 1258 і 1277 гадах. Удалыя набегі суправаджаліся паланеньнем працаздольных мясцовых людзей, сярод якіх маглі аказацца тыя, хто «цягаў камяні на Крэва» і ўжываў праклён для характарыстыкі нялёгкай працы.

Калі кіравацца такой лёгікай, будоўля Крэўскага замку сапраўды магла весьціся блізка па часе да згаданых набегаў — у сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя.

Крэўскі замак «страляе» камянямі: разбураюць ці ратуюць 700-гадовую рэліквію?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG