Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 100-годзьдзя БНР правядуць агульнанацыянальныю дыктоўку. Запрасілі і Лукашэнку


Ілюстрацыйнае фота. Агульнанацыянальная дыктоўка ў Горадні, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Агульнанацыянальная дыктоўка ў Горадні, 2017 год

Аргкамітэт адзначэньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ўхваліў рашэньне правесьці агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове.

З такой ініцыятывай зьвярнуўся палітоляг, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі» Ўладзімер Падгол. Ён 10 гадоў таму быў арганізатарам першай падобнай імпрэзы, прысьвечанай 90-годзьдзю БНР.

Ідэя была падтрыманая аднагалосна, дата і час правядзеньня дыктоўкі ўзгадняюцца. Уладзімер Някляеў лічыць, што тэкст дыктоўкі мае быць скампанаваны з Устаўных грамат БНР.

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

«Ідэя дыктоўкі ўзьнікла тады, калі я стаў сьведкам падрыхтоўкі да дыктоўкі ў амбасадзе Літвы, — удакладняе спадар Падгол. — Я даведаўся, што літоўскія чыноўнікі пісалі дыктоўку па-літоўску, а тагачасны міністар замежных спраў Пятрас Вайтэкунас, апроч таго, пісаў дыктоўку на сходзе літоўцаў сьвету ў Нямеччыне. Таксама даведаўся, што палякі пішуць аналягічныя дыктоўкі ўжо гадоў 20».

Першую беларускую дыктоўку пісалі Зянон Пазьняк і Івонка Сурвіла, эстафэту падхапілі студэнту ЭГУ ў Вільні, беларусы Польшчы, Чэхіі, Эстоніі. Да кампаніі далучыліся амбасадары краінаў Эўразьвязу, Украіны, Ізраілю, сапраўднымі завадатарамі былі Стэфан Эрыксан і Любамір Рэгак — амбасадары Швэцыі і Славаччыны.

Працягнуць традыцыю напярэдадні такой знамянальнай даты, як 100-годзьдзе БНР, — справа гонару кожнага беларуса, перакананы Ўладзімер Падгол.

Ён, а таксама прадпрымальнік Алесь Таўстыка зьвярнуліся зь лістом да кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі з прапановай далучыцца:

Алесь Таўстыка
Алесь Таўстыка

«Ваш удзел, а таксама ўдзел Лукашэнкі і яго сям’і ў агульнанацыянальнай дыктоўцы можа значна ўмацаваць рэйтынг Беларусі на міжнароднай арэне. Правядзеньне імпрэзы, прысьвечанай 100-годзьдзю БНР і ваш асабісты ўдзел у ёй стануць яшчэ адным крокам у рэалізацыі словаў кіраўніка дзяржавы аб адкрытасьці Рэспублікі Беларусь да цывілізацыйных пераўтварэньняў», — падсумоўваюць Уладзімер Падгол і Алесь Таўстыка.

Аўтары нагадваюць, што ў канцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка вітаў удзельнікаў канфэрэнцыі, прысьвечанай падзеі, якая адбылася ў Менску 5-17 сьнежня 1917 году, і прызнаў, што народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для сёньняшняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG