Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны збор сродкаў на сьвяточны канцэрт да 100-годзьдзя БНР


Збор сродкаў абвясьцілі «Арт Сядзіба» разам з рэсурсам 1863x.com і працоўнай групай аргкамітэту «БНР 100» на плятформе talaka.org.

Грошы пойдуць на правядзеньне 25 сакавіка вялікага сьвяточнага канцэрту на закрытай пляцоўцы, прысьвечанага стагодзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцэрце возьмуць удзел лепшыя музычныя калектывы краіны, аўтарытэтныя дзеячы культуры і грамадзкія лідэры.

Кожны ахвярадаўца атрымае запрашальнікі — адзін, два ці больш, залежна ад памеру ахвяраваньня.

«Мерапрыемства знаходзіцца на стадыі зацьвярджэньня пляцоўкі, і ёсьць вялікія спадзевы, што ўсё атрымаецца, — пішуць арганізатары. — Агулам трэба ня менш за 60 тысяч рублёў, калі дазволяць канцэрт на пляцоўцы на 5 тысяч чалавек. Большую частку затрат спадзяёмся закрыць квіткамі, але не дарагімі, ад 10 да 20 рублёў, таму пакуль запусьцілі збор на 20 тысяч рублёў, паглядзім, як пойдзе справа».

Таксама сабраныя сродкі плянуецца патраціць

  • на выпуск прома-прадукцыі і яе распаўсюд;
  • на працу сайтаў bnr.by і bnr100.by;
  • на дапамогу ў правядзеньні тэматычных выставаў ды іншых мерапрыемстваў;
  • на інфармацыйную кампанію ў СМІ, сацыяльных сетках і на вуліцах гарадоў.

«Невыпадкова, што столькі год, нягледзячы на забароны, разгоны, правакацыі, беларусы адзначаюць гэтую дату нават пад пагрозай сесьці ў турму і быць пакалечаным. Прыйшоў час зьмяняць гэтую практыку і зьмяняцца нам, беларусам», — пішуць ініцыятары збору сродкаў.

У выпадку, калі ўлады не дазволяць мерапрыемствы, сабраныя сродкі арганізатары плянуюць патраціць на далейшую інфармацыйную кампанію і бясплатны распаўсюд сярод беларусаў прадукцыі з сымбалямі БНР — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG