Чарговае паседжаньне працоўнай групы па вулічнай акцыі на Дзень Волі арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 100-гадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі прайшло ў Менску 16 студзеня. На ім удакладнілі ў тым ліку тэхнічныя дэталі заяўкі на менскую вулічную акцыю 25 сакавіка, расказаў Свабодзе сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Працоўная група вырашыла падаваць заяўку, якая будзе прадугледжваць гадзіну на збор на плошчы Якуба Коласа (збор у заяўцы заплянаваны на 14.00), гадзіну на шэсьце па праспэкце Незалежнасьці і вуліцы Леніна да плошчы Свабоды, дзьве гадзіны на мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.
Аргкамітэт, кажа Янукевіч, мае перасьцярогі адносна таго, што ўлады ня ўхваляць заяўку менавіта ў такім фармаце (летась акцыю не дазволілі і жорстка разагналі), але што рабіць у такім выпадку, будуць вырашаць пазьней: пакуль альтэрнтыўныя варыянты не прапрацоўваюцца.
Але рыхтуецца, кажа Янукевіч, «вялікая колькасьць рознага кшталту мерапрыемстваў»: выставы, лекцыі, круглыя сталы, прысьвечаныя юбілею БНР. Таксама ёсьць «крэатыўная група» па «нестандартных» мерапрыемствах і «нефармальных» ідэях, да якой заклікаюць далучацца шырокую грамадзкасьць, у тым ліку «вядомых блогераў». У наступны панядзелак аргкамітэт мае разглядзець і зацьвердзіць шэраг «нестандартных» мерапрыемстваў.
«Акцыя 25 сакавіка будзе такім пікам, кульмінацыяй сьвяткаваньня, а ўвесь тыдзень да 25 сакавіка — на кожны дзень будуць прадугледжаныя тыя ці іншыя мерапрыемствы», — сьцьвярджае Янукевіч.
Раней блогер Эдуард Пальчыс разам з пляцоўкай «Арт Сядзіба» і крамай symbal.by, а таксама Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» абвясьцілі пра пачатак нацыянальнай кампаніі сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР — яны бачаць сьвяткаваньне шматфарматным, з інтэрнэт-флэшмобамі, вечарынамі, кірмашамі і іншымі мерапрыемствамі.