Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч пра сьвяткаваньне 100 год БНР: Іншых структураў, апроч аргкамітэту, ня будзе 


100 гадоў БНР
100 гадоў БНР

Адзначэньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 году пройдзе пад кіраўніцтвам адзінага аргкамітэту, які ўзначальвае навуковец і грамадзкі дзяяч Радзім Гарэцкі. Ніякіх паралельных структураў стварацца ня будзе.

Пра гэта Свабодзе сказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Раней паведамлялася, што 8 студзеня адбылася сустрэча палітычных і грамадзкіх актывістаў, якія падтрымалі ідэю рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу стварыць аб’яднаны камітэт па падрыхтоўцы масавага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР 25 сакавіка ў Менску.

Аднак прадстаўнікі руху «За свабоду» — Юрась Губарэвіч і Партыі БНФ — Аляксей Янукевіч, у сваю чаргу, заявілі, што ўжо створаны аргкамітэт у справе 100-годзьдзя БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, а таму няма сэнсу ўваходзіць у новы.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Няма ніякай ініцыятывы БНК, Някляева ці Статкевіча, — кажа Юрась Губарэвіч. — Ёсьць аргкамітэт, які ўзначальвае акадэмік Гарэцкі. Учора адбылося чарговае паседжаньне, прысутнічала пад 40 прадстаўнікоў розных структураў, ад палітычных да грамадзкіх. У тым ліку былі і Някляеў, і Статкевіч, і шэраг іншых асобаў. На гэтым аргкамітэце было прынятае аднагалоснае рашэньне, што будзе праводзіцца масавая акцыя — вызначаныя дата, час, папярэдні маршрут. Што да далейшых крокаў, дык яны будуць ажыцьцяўляцца ў фармаце працоўнай групы».

Паводле палітыка, склад працоўнай групы, яе паўнамоцтвы і рэглямэнт будуць зацьверджаныя аргкамітэтам. На агульным паседжаньні плянуецца разглядаць найбольш дыскусійныя пытаньні, якія павінны зацьвярджацца калегіяльна.

Сярод іншага гэта тычыцца лёзунгаў, пад якімі будзе ладзіцца шэсьце. Думкі розныя: адны за тое, каб ператварыць гэта ў пратэставую акцыю, іншыя — прыхільнікі таго, каб сканцэнтравацца на юбілейнай даце і рабіць сьвяточную імпрэзу.

«І Някляеў, і Статкевіч прызналі: гэта адзіны аргкамітэт, які ёсьць, ніякія паралельныя структуры стварацца ня будуць, — кажа Юрась Губарэвіч. — Паседжаньне працоўнай групы адбудзецца ўжо сёньня. Паўтаруся, яна мае досыць абмежаваны фармат паўнамоцтваў. Так, шэраг пытаньняў тэхнічнага характару могуць вырашацца без узгадненьня з аргкамітэтам, аднак тое, што мае важнае значэньне для самой акцыі, будзе выносіцца на агульны разгляд. Прадстаўнікі руху „За свабоду“ будуць удзельнічаць у яе працы, але асноўная пляцоўка, на якой абмяркоўваем і масавую акцыю, і іншыя моманты, — гэта аргкамітэт пад старшынствам Гарэцкага».

Паводле раней агучанай інфармацыі ад арганізатараў сьвяткаваньня 100 год незалежнасьці БНР, збор удзельнікаў шэсьця заплянаваны 25 сакавіка а 14-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа, адтуль калёна мае рушыць па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Свабоды. У Менгарвыканкам пададуць адпаведную заяўку.

15 фактаў пра Дзень Волі. Самыя прыкметныя і вызначальныя акцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG