Улады падвышаюць камунальныя тарыфы такім чынам, каб насельніцтва моўчкі прыцярпелася і зьмірылася з гэтым.
Заходжу ў пад’езд: суседзі ля дошкі абвестак жвава абмяркоўваюць аб’яву камунальнікаў, якая толькі што зьявілася — з новымі падвышанымі тарыфамі, зацьверджанымі Лукашэнкам у апошні дзень мінулага году. Многіх напалохалі чуткі, што плаціць з наступнага месяца давядзецца ледзь не ўдвая болей, чым цяпер. Хтосьці сутаргава спрабуе параўнаць грувасткія і малазразумелыя лічбы ў табліцы. Нехта лаецца. І амаль усе — устрывожаныя.
Паспрабуем разабрацца ў новых тарыфах. Першае (і галоўнае), што кідаецца ў вочы: ранейшымі, не падвышанымі, засталіся цэны на ацяпленьне, падагрэў вады і адлічэньні на капітальны рамонт.
Разам гэта — больш як палова ўсёй сумы ў сьнежаньскай «жыроўцы», бо пералічаныя паслугі — найбольш важкія віды камунальных выдаткаў. Такім чынам, відавочна, што самыя змрочныя прагнозы адносна радыкальнага росту платы за камунальныя паслугі ня спраўдзіліся. І найперш таму, што апэтыты энэргетыкаў засталіся не задаволенымі. Памятаеце нараду ў Лукашэнкі 20 кастрычніка мінулага году, прысьвечаную праблемам ЖКГ? Найбольш маланак тады ляцела якраз у адрас энэргетыкаў, якія плянавалі паэтапна падвышаць цэны і ў канцы мінулага году, і на пачатку гэтага.
«Вы глядзелі, як яны фармуюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць?— хмурыўся Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Леаніда Анфімава. — Разьбярыцеся, якія вызначаныя ім заробкі, за што яны ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы ды іншае».
Дадаўшы, што «раскашаваць за кошт народу недапушчальна ні для кога», ён напасьледак яшчэ і прыгразіў: «Калі такія факты будуць выяўленыя, міністру трэба шукаць іншую працу».
Як бачым, энэргетыкі высновы зрабілі. Прынамсі, пакуль.
«Жыроўкі» ў Беларусі складзены такім чынам, што, каб разабрацца ў нагрувашчаных там лічбах, каэфіцыентах, працэнтах, патрэбна багата часу, цярпеньня, а ў некаторых выпадках — і неблагая адукацыя.
Што да іншых камунальных паслугаў, то яны падаражэлі, і многія — істотна. Напрыклад, водазабесьпячэньне — на 45 працэнтаў, а каналізацыя — ажно на 60. Але ці выкліча гэта значнае грамадзкае абурэньне? Наўрад ці. У агульнай суме «жыроўкі» гэтыя выдаткі займаюць далёка не самае галоўнае месца. Калі сярэднестатыстычная сям’я плаціла за каналізацыю ў студзені 3 рублі, а ў лютым ёй налічаць 4,80, то многія на гэта ня зьвернуць асаблівай увагі. У працэнтах падвышэньне, што праўда, уражвае, але ў рублях — ня вельмі. А «жыроўкі» ў сёньняшняй Беларусі складзены такім чынам, што, каб разабрацца ў нагрувашчаных там лічбах, каэфіцыентах, працэнтах і нарматывах, патрэбна багата часу, цярпеньня, а ў некаторых выпадках — і неблагая адукацыя.
Разьлічаныя па-новаму рахункі за камуналку беларусы атрымаюць у сярэдзіне лютага, якраз перад мясцовымі выбарамі. «Жыроўкі» пацяжэюць у сярэднім на 10 рублёў для двухпакаёвай кватэры зь сям’ёй з трох чалавек — падвышэньне складзе славутыя абяцаныя Лукашэнкам 5 даляраў. І гэта яўна ня тая лічба, якая магла б паклікаць абураных грамадзянаў на вуліцы і плошчы, як гэта было з сумнавядомым дэкрэтам аб дармаедах год таму.
А рост тарыфаў на цяпло будзе, ён непазьбежны. Адважуся нават спрагназаваць, калі гэта адбудзецца. Яшчэ адна цытата з Лукашэнкі на ўжо згаданай нарадзе: «Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяпленьня і „жыроўкі“ лягчэйшыя?» Значыць, чакаем красавіка ці траўня.
Якраз да восені будзе насельніцтву час, каб прыцярпецца. І зьмірыцца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.