На пасялковай вуліцы з характэрнай назвай Цэнтральная вось ужо 12 гадоў не высыхае вялізная лужа. Праблема абвастрылася пасьля таго, як летась у лістападзе ў суседняй вёсцы Ляскоўка быў здадзены дзіцячы садок і на прылеглай тэрыторыі распачалося будаўніцтва сярэдняй школы, яе ўзьвядуць у 2018-м.
У лісьце на адрас пералічаных дзяржаўных органаў зьвяртаецца ўвага: сацыяльныя аб’екты апынуліся ў фактычнай ізаляцыі, паколькі да іх адсутнічаюць пад’язныя шляхі. Між тым гэтая норма рэглямэнтавана санітарнымі правіламі.
На цяперашні момант адзіны пад’езд да дзіцячага садку маецца з боку Досьледнага праз усё тую ж Цэнтральную. Аднак на самой справе пешы праход немагчымы з прычыны адсутнасьці адводу паверхневай вады. Гіганцкая лужа займае ўсю дарогу — больш за 120 квадратных мэтраў. Такая экстрэмальная сытуацыя стварае пагрозу ня толькі пешаходам, а і транспартнаму руху.
У сувязі з парушэньнямі і дзеля забесьпячэньня даступнасьці названых аб’ектаў жыхары патрабуюць ад кампэтэнтных асобаў неадкладнага навядзеньня парадку.
Па іх зьвестках, філіял «Менскаблдарбуду» — прадпрыемства «Аблдарпраект» — распрацавала тэхнічнае рашэньне ў справе водаадвядзеньня з вуліцы Цэнтральнай. Аднак пытаньне фінансаваньня будаўнічых работ так і ня вырашана.
Не спадзеючыся на разваротлівасьць уладаў, людзі пачынаюць змагацца з праблемай у прыватным парадку. Так, адзін з жыхароў уласнымі сіламі зрабіў насьціл для пешаходаў з аднаго краю лужы. Спачатку было спадзяваньне, што сродкі і рэсурсы на гэта выдаткаваў сельсавет, але яно аказалася марным.
Сумна вядомая лужа нават стала «гераіняй» сюжэту самадзейнага каналу «Бараўляны ТБ» — жыхары пасёлку забаўляюцца тым, што спаборнічаюць, у каго каменьчык падскочыць большую колькасьць разоў.