Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр біёграф Лукашэнкі і ініцыятар шальмаваньня Быкава


Эдуард Скобелеў
Эдуард Скобелеў

На 82-м годзе памёр пісьменьнік Эдуард Скобелеў, аўтар вядомай дзіцячай кніжкі «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі».

Пра гэта паведамляе "Наша ніва" і пацьвярджаюць афіцыйныя рэсурсы.

У найноўшай гісторыі Беларусі Эдуард Скобелеў праславіўся сваёй «шматграннасьцю». Стаў першым біёграфам новаабранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, быў у цэнтры незадаволенасьці габрэйскай грамадзкасьці за твор «Запавет Сталіна», усхваляў расейскага імпэратара Пятра ІІІ у кнізе «Сьведка», публічна шальмаваў Быкава, Барадуліна, Бураўкіна.

Пра важнасьць іміджу

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ён працяглы час працаваў галоўным рэдактарам часопісу «Інфармацыйны бюлетэнь Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Фармаваў станоўчы вобраз свайго працадаўцы, прычыніўся да кампаніі дыскрэдытацыі апанэнтаў. У прыватнасьці, заклікаў рэдактараў дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў байкатаваць вядучых майстроў сучаснай мастацкай літаратуры — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Законьнікава ды іншых. Паводле Скобелева, усе яны ёсьць «палітычна адсталымі фігурамі». Вось што ён казаў у інтэрвію Радыё Свабода з гэтай ды іншых прынагодных падзеяў.

Пра Быкава-«палітыкана»

«Пісьменьнікі, беручы ўдзел у палітычнай барацьбе, прычым на пазыцыях не нацыянальных, а інтэрнацыянальных, шкодзяць сабе, выглядаюць сьмешна. Я ў гэтай сувязі называў і Бураўкіна, і Гілевіча, і, на жаль, Быкава. Калі творчасьць пранізаная палітыканствам, яна страчвае сэнс. Вось сюжэт апавяданьня Быкава: заварылі чалавека ў трубе. Ну навошта такія жарсьці? Усім гэтым таварышам трэба даць час апамятацца! І калі будуць напісаныя таленавітыя рэчы — няхай нясуць. Але справа ў тым, што на базе таго ідэйнага багажу, якім яны валодаюць, яны проста бясплодныя».

Пра «клясыка» Лукашэнку

«Ну як можна папракаць таго ж Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, што ён нібыта не працуе на карысьць беларускай нацыі? Проста сьмешна! Мы ўвесь час кажам, якія нашы клясыкі вялікія. Але ніколі ня кажам пра іхную творчасьць. А твораў няма. Другараднасьць, запазычанасьць. Можа, якраз зараз надыдзе момант, калі іх крыху зь нябёсаў за ногі сьцягнуць».

Пра творчы «кансэнсус»

«Спадзеў ня толькі на Сяргея Касьцяна (гаворка пра кіраўніцтва наваствораным літаратурным холдынгам. — РС). Яго ж падпіраюць вопытны літаратар Таісія Бондар і сумленны, прыстойны чалавек Яўген Новікаў. Настрой на карысьць кансэнсусу — нацыянальнага, сумеснай працы на незалежнасьць, на сувэрэнітэт дзяржавы. Як жа бяз гэтых ідэяў?»

Пра прэзыдэнцкую місію

«Мы гаворым аб практычным стварэньні незалежнай і сувэрэннай дзяржавы. І, у адрозьненьне ад пустой балбатні, гэта цалкам канкрэтная справа. Вы ж паглядзіце, які быў вайсковы парад! Народ, які за сьпінай нічога ня мае — ён жа ня ў стане такое выдаць, гэта ж ня проста так, гэта ж не фальшыўка, не тэатар, гэта рэальныя магчымасьці краіны. А іх трэба было стварыць, за гэтым стаіць тытанічная, вялізная праца. І перадусім, безумоўна, праца прэзыдэнта».

Пра тых, хто пачаў «людзьмі звацца»

«У народзе наогул адбыліся калясальныя зьмены! З запалоханага статку, якім ён быў пасьля развалу Савецкага Саюзу, гэта ж народ расправіў плечы, убачыў пэрспэктыву. Народ спакойна працуе, справу робіць. І гэта заслуга аднаго чалавека».

Пра ўнікальнасьць Беларусі

«Для гісторыі Беларусі і наогул для гісторыі постсавецкіх краінаў — як і для гісторыі, можа быць, сьвету — постаць прэзыдэнта мае значнасьць. Вядома, Беларусь утрымалася. Дзякуючы перадусім яму. Яна пратрымалася, яна ідзе сваім уласным шляхам разьвіцьця. У сучасным сьвеце гэта ня проста, ой як ня проста...»

Пра сьціпласьць кіраўніка

«Безумоўна, ёсьць людзі, якія аддаюцца задавальненьням. Але Аляксандар Рыгоравіч ня той катэгорыі кіраўнік. У свой дзень нараджэньня заўсёды працуе. Адмыслова ніякія паднашэньні не практыкуюцца, ён не выносіць такія штукі. Усе нашы справы — збор ураджаю, іншыя дасягненьні рэспублікі — гэта і ёсьць наш агульны падарунак яму. І застольляў ніякіх не бывае — гэта звычайная абыватальская думка. Насамрэч усё вельмі строга. Як прэзыдэнт ён заўсёды мусіць быць напагатове. Тут зусім іншыя кандыцыі жыцьця: вашы ці мае ўмовы жыцьця кардынальна розьняцца зь ягонымі».

Эдуард Скобелеў нарадзіўся 8 сьнежня 1935 году ў Менску. Скончыў заходні факультэт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў, пэўны час быў на дыпляматычнай службе. Ад 1966 году працаваў у апараце ЦК КПБ. Паралельна займаўся творчасьцю, пісаў выключна па-расейску. Пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах стаў працаваць у ягоным ідэалягічным апараце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG