Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл абвінаваціў творчых дзеячаў Расеі ў тым, што некаторыя зь іх праз кінэматограф і тэатар нібыта «нясуць народу спакусу і грэх, зьбіваюць людзей з тропу» і такім чынам набліжаюць рэвалюцыю.
Патрыярх Кірыл не ўдакладніў, каго канкрэтна ён мае на ўвазе, аднак адзначыў, што гаворка ідзе пра частку творчай інтэлігенцыі, якая, на яго думку, «паўтарае згубную памылку сваіх папярэднікаў, якія давялі краіну да гібелі — рэвалюцыйных падзеяў».
«Трэба быць сьляпым, каб ня бачыць набліжэньня грозных імгненьняў гісторыі», — заявіў патрыярх падчас казані ў храме Хрыста Збаўцы. Ён заклікаў дзеячаў мастацтва і вучоных да згуртаваньня, каб разам з РПЦ «затармазіць спаўзаньне ў бездань заканчэньня гісторыі».